У межах расследавання крымінальнай справы пра гібель дзяцей пасля сямейнай вячэры ў Краснаярскім краі Расіі следства атрымала папярэднія даследаванні забраных пробаў харчовых прадуктаў. Пра гэта паведамілі ў Следчым камітэце.
«Паводле папярэдніх звестак, у пробах пельменяў і курыным мясе, забраных у краме, а таксама прадуктах, забраных у доме: булёне, прыправе, кетчупе, зельцы, курыцы з бульбай, тушанай рыбе, хатнім яйку, — перавышэння нармаваных значэнняў не выяўлена. Па выніках лабараторных даследаванняў пітной вады на мікрабіялагічныя паказчыкі перавышэння нармаваных значэнняў не выяўлена», — расказалі ў СК.
Правядзенне судовых экспертыз з мэтай вызначэння рэчыва, якім атруцілася сям’я і ад якога памерлі дзеці, працягваецца.
Цяпер следчыя разглядаюць дзве асноўныя версіі атручання — ужыванне ў ежу прадуктаў харчавання з невядомым рэчывам агульнатаксічнага дзеяння, а таксама атручанне ў выніку удыхання пароў інсектыцыднага аэразоля.
Напярэдадні ў СК паведамілі, што па выніках даследавання ў пробах ванітных масаў былі выяўленыя сляды рэчыва, што ўваходзіць у склад інсектыцыдных сродкаў ад насякомых.
Працягваецца допыт сведак і іншыя следчыя дзеянні.
Нагадаем, што сям’я з шасці чалавек (двое бацькоў і чацвёра дзяцей) 20 верасня павячэрала пельменямі і курыцай, а раніцай 21 верасня ўсім стала кепска. Яны выклікалі хуткую, іх шпіталізавалі. 21 верасня памерлі 6-гадовая дзяўчынка і 13-гадовы хлопчык, 22 верасня — 11-гадовая дзяўчынка, у начны час 23 верасня — 12-гадовая дзяўчынка. Калі цяжарная маці і бацька дзяцей прыйшлі ў сябе ў бальніцы, яны расказалі таксама, што ў той вечар апрацоўвалі дом сродкам ад насякомых (дыхлафосам).
Чытайце таксама