Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Працэс дэмакратызацыі краін Цэнтральнай і Паўднёва-Усходняй Еўропы ў канцы 1980-х гадоў атрымаў агульную назву «аксамітныя рэвалюцыі» — за мірны характар і практычна поўную адсутнасць ахвяр. Аднак так было не ўсюды. Сёння мы прыгледзімся да Румыніі — краіны, дзе ў працэсе змены аўтарытарнага ладу дэмакратычным пралілося нямала крыві, хоць да сапраўднай вялікай вайны там так і не дайшло. Як румынская дзяржава жыла апошнія трыццаць гадоў і якія палітычныя цяжкасці пераадольвала, чытайце ў чарговым матэрыяле праекта «Трансфармацыі».

Мы працягваем наш праект «Трансфармацыі». У ім расказваем пра дарогу да дэмакратыі, якую прайшлі рэспублікі былога СССР і экс-сацкраіны Цэнтральнай і Усходняй Еўропы пасля краху сацыялістычнага лагера. Некаторыя дзяржавы прайшлі гэтую дарогу мірна, у іншых пралілася кроў, а часам адбываўся і разварот назад — ад дэмакратычнага ладу да аўтарытарнага.

Румынія на заходзе сацыялізму

Да канца васьмідзясятых гадоў XX стагоддзя, калі пачалося разбурэнне сацлагера, Румынія падышла з цяжкім грузам праблем: частка з іх была характэрная для ўсіх еўрапейскіх сатэлітаў СССР, іншая — «унікальнейшай». Але і тыя, і тыя патрабавалі неадкладнага рашэння.

Эканоміка краіны, у якой дзесяцігоддзямі спрабавалі праводзіць індустрыялізацыю паводле савецкага ўзору, была ў вельмі сумным стане. Узровень жыцця быў адным з самых нізкіх у Еўропе, узровень свабодаў таксама саступаў не толькі заходнім краінам, але і ўсім суседзям па сацлагеры. У звычайных умовах крытычную сітуацыю паспрабавалі б вырашыць рэформамі, але ў Румыніі з 1965 года ва ўладзе знаходзіўся Нікалае Чаўшэску, вельмі спецыфічны лідар.

Адданы сталініст, ён свята верыў, што ўпартая праца і мэтаскіраванасць дапамогуць дасягнуць абсалютна любых мэтаў. На словах гэта гучала нядрэнна, але на практыцы прыводзіла да жудасных наступстваў для румынскага народа.

Так, падобна як Польшча, Венгрыя і іншыя сацкраіны, да 80-х гадоў Румынія набрала велізарную колькасць даўгоў на Захадзе і запала ў пазыковы крызіс. Аднак у васьмідзясятыя Чаўшэску зрабіў амбіцыйную спробу адным махам расплаціцца з усімі пазыкамі простым спосабам — прымусіўшы румынаў менш спажываць.

Николае Чаушеску. 1986 год. Фото: wikipedia.org
Нікалае Чаўшэску, 1986 год. Фота: wikipedia.org

Праграму ўдалося выканаць да 1989 года, аднак непрыемнай цаной: дэфіцытам у краіне да гэтага часу стала літаральна ўсё. Зрэшты, не для Чаўшэску і яго сям'і: пра радню ён ніколі не забываў, і каля 40 сваякоў румынскага прэзідэнта займалі важныя і даходныя пасады ў краіне.

Іншым пытаннем, якое турбавала румынскага дыктатара, стаў недастатковы ўзровень нараджальнасці — і з уласцівай просталінейнасцю Чаўшэску вырашыў яго, спачатку забараніўшы аборты, а потым паспрабаваўшы паставіць жанчын у краіне пад татальны кантроль (напрыклад, на прадпрыемствах рэгулярна правяралася, ці не цяжарныя супрацоўніцы).

Даведаўшыся, што ў краіне нізкая прадукцыйнасць сельскай гаспадаркі, Чаўшэску зрабіў выснову, што вёскі ў Румыніі проста занадта маленькія і аб’яднанне іх у буйнейшыя «аграпрамысловыя гарады» вырашыць харчовую праблему. Засталося «няшмат» — знішчыць некалькі тысяч вёсак і перасяліць іх жыхароў. Праблему пагаршала тое, што частка гэтых вёсак нават не была населеныя румынамі: значную частку тэрыторыі краіны займаў гістарычны рэгіён Трансільванія, дзе жыло шмат венграў. Жаданне дыктатара сцерці з твару зямлі мноства венгерскіх вёсак выклікала пратэсты, якія нечакана для ўсіх скончыліся зрынаннем Чаўшэску.

Спецслужбы Румыніі паспрабавалі зняць і выслаць аднаго з кіраўнікоў венгерскай меншасці Ласла Тэкеша, аднак за яго заступіўся народ — і ў горадзе Тымішаара 16 снежня 1989 года стыхійна пачаліся масавыя мітынгі. Душыць іх Чаўшэску вырашыў па-старому, арміяй і паліцыяй, аднак міністр абароны Румыніі Васіле Міля адмовіўся накіроўваць войскі для расстрэлу паўстанцаў (пазней вайскоўцы ўсё роўна пачалі страляць у народ, але гэта ўжо не дапамагло).

Тэрміновае зняцце Міля і яго загадкавая смерць не вярнула лаяльнасць войскаў — праз чатыры дні мітынгаваць пачаў ужо Бухарэст. Першапачаткова Чаўшэску планаваў сабраць велізарны мітынг, які выказаў бы яму сваю падтрымку і асудзіў падзеі ў Тымішаары. Аднак людзі, якія сабраліся, павярнуліся супраць дыктатара — і на бок пратэстоўцаў пачалі пераходзіць войскі.

Танки в Бухаресте в декабре 1989 года. Фото: wikipedia.org
Танкі ў Бухарэсце ў снежні 1989 года. Фота: wikipedia.org

Нікалае Чаўшэску страціў кантроль над сітуацыяй вокамгненна. Падтрымкі чакаць не было адкуль, не было надзеі нават на СССР (Румынія дзесяцігоддзямі не падтрымлівала савецкую палітыку, ігнаравала перамены пасля прыходу Гарбачова, а ўвосень 1989 года Чаўшэску нават абвясціў палітыку «ліквідацыі наступстваў пакта Молатава — Рыбентропа», то-бок магчымага вяртання ў склад румынскай дзяржавы Малдовы, якая тады была часткай Савецкага Саюза).

Дыктатар і яго жонка паспрабавалі ўцячы, але неўзабаве былі злоўленыя і 25 снежня 1989 года расстраляныя. Яны аказаліся апошнімі людзьмі, у дачыненні да якіх у Румыніі ўжылі смяротнае пакаранне — праз лічаныя дні найвышэйшую меру ў краіне адмянілі. Румынская рэвалюцыя стала самай крывавай сярод усіх «аксамітных» (загінула больш чым тысяча чалавек), аднак хуткай: крах дыктатуры адбыўся за тыдзень. Цяпер трэба было будаваць новае жыццё.

Краіна без партый

Унікальнасцю становішча Румыніі стала тое, што ў краіне нават на момант пачатку рэвалюцыі не было ніякіх арганізацый, якія мелі б аўтарытэт і кадравы рэзерв для фарміравання новай улады. Калі ў Польшчы гэта была легендарная «Салідарнасць», у Венгрыі — нанова створаныя старыя палітычныя партыі, а ў СССР — выраслыя за гады перабудовы «народныя франты» і іншыя арганізацыі, то ў румынаў галоўнай сілай стаў спехам створаны «Фронт нацыянальнага выратавання» (ФНС).

У склад гэтай разнароднай арганізацыі ўвайшлі пераважна былыя чальцы партыйнай і дзяржаўнай эліты сацыялістычнай Румыніі, што з тых ці іншых прычын трапілі ў няміласць за Чаўшэску. Так, лідарам Фронту быў былы чалец ЦК румынскай кампартыі Іён Іліеску, а новым прэм’ерам — навуковец Петрэ Роман, таксама ў мінулым чалавек абсалютна «сістэмны».

Такі падыход вельмі не спадабаўся многім у краіне: у перамозе ФНС румыны бачылі рэстаўрацыю камунізму, а ў новых лідарах — не сапраўдных рэвалюцыянераў, а ўчорашніх прыхільнікаў Чаўшэску, што толькі воляю выпадку атрымалі ўладу. Утрымацца «Фронту нацыянальнага выратавання» дапамаглі шахцёры: Іліеску ўдалося дамовіцца з імі пра абарону, і, калі апазіцыя (лібералы, хрысціянскія дэмакраты і іншыя) праводзіла мітынгі з патрабаваннем адстаўкі «неакамуністаў», іх сустракалі дубіны і арматура ў руках шахцёрскіх дружын. Гэтыя выступленні рабочых атрымалі назву «Мінерыяда», ад слова miner — «шахцёр».

Фото: wikipedia.org
Знак у Бухарэсце ў памяць пра падзеі «мінерыядаў». Надпіс абвяшчае: «Румынія / 0 км / Бухарэст / Універсітэцкая плошча / За свабоду і дэмакратыю / Зона, свабодная ад неакамунізму». Фота: wikipedia.org

Вясной 1990 года ў Румыніі прайшлі прэзідэнцкія і парламенцкія выбары, на якіх перамаглі прадстаўнікі ФНС (ператворанага ўжо ў палітычную партыю) — прэзідэнтам стаў, набраўшы 85% галасоў, Іліеску, а Роман захаваў крэсла прэм’ера. Да гэтага часу эканоміка краіны, якая за Чаўшэску ўжо бурылася, ляжала «ў накаўце»: падаў прамысловы экспарт, абясцэньваўся румынскі лей, галапавалі цэны.

Шахцёры, якія раней падтрымлівалі ФНС, праводзілі новыя «мінерыяды» ўжо супраць саміх уладаў. Адна з іх, у верасні 1991 года, прывяла да адстаўкі ўрада Петрэ Романа. Міжнародная супольнасць, дарэчы, гэтых выступаў (якія суправаджаліся заўсёды масавымі збіваннямі і нават забойствамі) не ўхваліла — так, «мінерыяды» моцна запаволілі ўступленне Румыніі ў Савет Еўропы.

Новы кааліцыйны ўрад сфармаваў у кастрычніку 1991 года ліберал Тэадор Сталажан, за яго прэм’ерствам адбыўся нацыянальны рэферэндум, на якім прынялі новую канстытуцыю Румыніі. Краіна станавілася парламенцка-прэзідэнцкай рэспублікай з рынкавай эканомікай, плюралізмам і ўсімі асноўнымі грамадзянскімі правамі. Незадаволенымі асноўным законам засталіся толькі нацменшасці, у першую чаргу венгры — яны не атрымалі ў новай Румыніі ні аўтаноміі, ні дзяржаўнага статусу для венгерскай мовы.

Ужо ў 1992 годзе адбыліся новыя парламенцкія і прэзідэнцкія выбары — і Румынія зноў паказала зусім іншыя вынікі, чым большасць постсацыялістычных краін. У іх пераходны перыяд звычайна праходзіў так: спачатку перамагалі дэмакраты-рыначнікі, потым, з прычыны непазбежных цяжкасцяў, у іх дзеяннях наступала расчараванне — і значная частка народа спрабавала вярнуць «старыя добрыя часы», галасуючы за былых камуністаў. Так было ў Расіі, Венгрыі, Польшчы і іншых краінах — але не ў Румыніі.

Кіраванне Чаўшэску так слаба асацыявалася са «старымі добрымі часамі», што ў кастрычніку 1992 года румыны зноў прагаласавалі за рэформы — перамог Дэмакратычны фронт нацыянальнага выратавання (частка ФНС, які да таго часу раскалоўся).

Прэм’ерам стаў рыначнік Нікалае Вэкэрою, які працягнуў палітыку прыватызацыі і ўбудавання эканомікі ў еўрапейскія структуры, прэзідэнтам — зноў Іён Іліеску. Акрамя іншых крокаў урад у 1993 годзе гарантаваў венгерскай нацыянальнай меншасці права выкарыстання роднай мовы — адначасова ў краіне ўзмацняліся раней дастаткова малалікія правыя партыі.

Флаг Румынии с вырезанным коммунистическим гербом. Фото: wikipedia.org
Сцяг Румыніі з выразаным камуністычным гербам (на яго аснове была створаная сімволіка ФНС). Фота: wikipedia.org

Палітыка «шокавай тэрапіі», характэрная для многіх краін былога сацблока, не была характэрная для кіравання Іліеску (яе праводзіў ужо наступны ўрад) — яго абвінавачвалі не ў неабдуманых рэформах, якія прывялі да збяднення насельніцтва, а наадварот, у нізкіх тэмпах рэфармавання эканомікі (а яшчэ ў прарасійскіх і пракамуністычных сімпатыях). Тым больш што эканоміка краіны да сярэдзіны 90-х гадоў выправілася, Румыніі ўдалося ўтаймаваць інфляцыю, а гадавы прырост ВУП да 1995−96 гадоў дасягнуў салідных 5%.

Аднак пратэсны электарат у выніку схіліўся ў бок праваліберальных партый, і ў 1996 годзе Іліеску і сацыял-дэмакраты саступілі на выбарах — уладу ўзяла кааліцыя антыкамуністычных і правацэнтрысцкіх партый «Дэмакратычная канвенцыя Румыніі», а яе прадстаўнік Эміль Канстанцінеску стаў прэзідэнтам (каб узначаліць дзяржаву, палітык абавязаны не быць ні ў адной палітычнай партыі, а калі ёсць — пакінуць яе пасля абрання).

1996−2000 гады не былі паспяховымі для румынскай дзяржавы ў эканамічным плане — вельмі зацягнулася прыватызацыя, крызіс скаланаў прамысловасць, у канцы стагоддзя на краіну яшчэ і абрынулася засуха. Зноў падняў галаву рабочы рух, шахцёры зноў паспрабавалі націснуць на ўладу сілавым шляхам — аднавіліся «мінерыяды» з дзясяткамі параненых і збітых. Супрацьстаянне шахцёраў і ўлады скончылася арыштам шматгадовага шахцёрскага лідара Мірона Козмы.

Разам з тым у 1997 годзе румынскі парламент прыняў рашэнне звярнуцца да чальцоў блока NATO, каб краіну прынялі ў гэты вайсковы саюз. Румыніі ўдалося рэфармаваць банкаўскую сістэму, і ў дзяржаву пацяклі першыя сур’ёзныя замежныя інвестыцыі, а таксама буйныя крэдыты Міжнароднага валютнага фонду.

Тым не менш у 2000 годзе прэзідэнт Канстанцінеску ацэньваў вынікі свайго адзінага тэрміну як несуцяшальныя. «Сістэма перамагла мяне», — сказаў ён, пакідаючы пасаду, і назаўсёды пакінуў палітыку. «Дэмакратычная канвенцыя Румыніі» таксама распалася — паўтарыць поспех мінулых выбараў правалібералам не ўдалося.

Правы папулізм

У канцы стагоддзя ў Румыніі зноў прыйшлі да ўлады сацыял-дэмакраты, а на прэзідэнцкую пасаду вярнуўся Іён Іліеску. Аднак другое месца на прэзідэнцкіх выбарах нечакана атрымаў ультраправы папуліст Карнэліу Вадзім Тудар з партыі «Вялікая Румынія» — з ідэалогіяй, заснаванай на сумесі рэсентыменту, антысемітызму і настальгіі ледзь не па Чаўшэску.

Карта "Великой Румынии", за создание которой выступала партия Тудора. Фото: wikipedia.org
Карта «Вялікай Румыніі» (былога Румынскага каралеўства), за стварэнне якой выступала партыя Тудара. У яе мусіў увайсці шэраг тэрыторый суседніх дзяржаваў. Фота: wikipedia.org

Небяспека такога рэзкага правага развароту заахвоціла сацыял-дэмакратаў прапанаваць усім дэмакратычным сілам падпісаць мемарандум «Аб сумеснай дзейнасці супраць пагрозы крайняга нацыяналізму» — у выніку абышлося без гэтага, бо Тудар усё ж саступіў Іліеску, а пасля змяніў свае погляды на больш умераныя.

Нягледзячы на раптоўны ўсплёск правага папулізму, палітыка Румыніі ў нулявых сур’ёзных зменаў не зведала. Эканоміка развівалася, чаму моцна спрыялі грашовыя паступлення ад Еўрасаюза, які рыхтаваўся прыняць новага чальца ў асобе румынскага дзяржавы.

У 2004 годзе падчас чарговага пашырэння NATO краіна нарэшце стала чальцом Паўночнаатлантычнага альянсу, а праз тры гады — ужо за новым прэзідэнтам, былым мэрам Бухарэста Траянам Бесэску — увайшла ў Еўрасаюз. Выбары, на якіх перамог Бесэску, сталі першымі ў гісторыі дэмакратычнай Румыніі, калі апазіцыя заявіла пра фальсіфікацыі — нібыта прыхільнікі партыі прэзідэнта галасавалі па некалькі разоў, для чаго іх звозілі аўтобусамі на асобныя ўчасткі. Даказаць гэта, зрэшты, не ўдалося — аднак на наступных выбарах у 2009 годзе, калі зноў перамог Траян Бесэску, абвінавачанні паўтарыліся.

Пазітыўныя вынікі, якія Румынія паказвала пасля ўступлення ў ЕС, былі ў значнай ступені азмрочаныя надыходам у 2008 годзе сусветнага эканамічнага крызісу — ужо праз два гады краіна аказалася на мяжы дэфолту, а беспрацоўе вырасла да 20-гадовага максімуму. Тым не менш крызіс удалося пераадолець, а эканоміку — стабілізаваць.

У той жа час у палітычным плане краіну ліхаманіла. Бесэску (які рэпрэзентаваў ліберальныя партыі) і парламент (з моцным уплывам сацыялістаў і сацыял-дэмакратам Віктарам Понта ў крэсле прэм’ера) не сябравалі — і ў 2010 і 2012 гадах справа ледзь не скончылася зняццем кіраўніка дзяржавы з пасады ў выніку імпічменту. Бесэску абвінавачвалі ў аўтарытарызме, імкненні здзейсніць дзяржаўны пераварот і кіраваць аднаасобна.

Зрэшты, усе гэтыя абвінавачванні так і засталіся словамі: дэмакратычны лад у Румыніі не змяніўся на аўтарытарны. Празаходні і праеўрапейскі курс краіны працягнуўся і за наступным прэзідэнтам, Клаўсам Іяаханісам, абраным у 2014-м і пераабраным у 2019 годзе.

Як бачым, Румынія, якая стала адзінай з краінаў сацблоку, чый пераход да дэмакратыі быў вельмі крывавым, не працягнула гэтую тэндэнцыю пасля пачатку 90-х. Нягледзячы на эканамічныя праблемы і наяўнасць на сваёй тэрыторыі буйных этнічных меншасцяў, краіна не скацілася ў папулізм і аўтарытарызм і здолела адстаяць дэмакратычныя свабоды, заваяваныя ў снежні 1989 года.