Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Гісторыя з заявай, якую зрабіў у жывым эфіры вядоўца тэлеканала «Дождь» Аляксей Карасцялёў, і з наступнай рэакцыяй уладаў Латвіі стала вельмі рэзананснай. У дыскусіі, якая ўзнікла пасля яе, вельмі часта гучыць словазлучэнне «добрыя рускія». Часта яно выкарыстоўваецца з іранічным адценнем, часам — ледзь не як эўфемізм. Але ў цэлым звычайна пазначае расіян, якія выступілі супраць вайны з Украінай ці хаця б не падтрымалі яе, а таксама асуджаюць замежную палітыку цяперашніх расійскіх уладаў. Такія людзі вельмі неадназначна ацэньваюцца па абедзве лініі фронту расійска-ўкраінскай вайны. У сувязі з гэтым успомнілі пра вядомых (і не вельмі) «добрых немцаў» — грамадзян Германіі і этнічных немцаў, якія выступалі супраць нацысцкага рэжыму напярэдадні і падчас Другой сусветнай вайны. Гісторыі германскіх антыфашыстаў шмат у чым пераклікаюцца з цяперашнім становішчам расіян, якія спрабуюць ісці супраць сістэмы. Ды і беларусы напэўна знойдуць у іх добра знаёмыя сюжэтныя павароты.

Ці лёгка было быць «добрымі немцамі»?

Сама сутнасць вайны мяркуе, што грамадзяне дзяржаваў, якія ваююць адна з адной, будуць ставіцца адно да аднаго варожа. Часцяком нянавісць да чужога — адваротны бок уласцівай людзям любові да свайго, і прапаганда ахвотна грае на гэтай уласцівасці чалавечай псіхікі. І нават калі высокаразвітае, гуманнае грамадства ў стане даць рады паўсядзённай ксенафобіі, у перыяд ваеннага часу яно ўсё роўна вымушанае ставіцца да чужынцаў насцярожана. Гэта рацыянальна: прэвентыўнае стаўленне да грамадзяніна варожай дзяржавы як да імавернага ворага дазваляе мінімізаваць шкоду ад дзеянняў шпіёнаў і дыверсантаў, «паслугамі» якіх напэўна будзе карыстацца праціўнік. Такео стаўленне нярэдка было распаўсюджанае ў дачыненні да выхадцаў з Германіі падчас Другой (ды і Першай) сусветнай.

Акрамя таго, нацысцкая Германія ўласнымі дзеяннямі дадала праблем сваім грамадзянам, якія не хацелі ісці ў нагу з асноўнай масай немцаў. Як сведчаць дакументы Нюрнбергскага працэсу, Адольф Гітлер і яго падначаленыя, запэўніваючы ўвесь свет у канцы жніўня 1939 года ў міралюбнасці і добрых намерах, ужо прынялі канчатковае рашэнне пра ўварванне ў Польшчу.

Ужо з самага пачатку вайны вермахт не асабліва напружваўся з захаваннем міжнароднага права што да ваенных канфліктаў. Нямецкая авіяцыя бамбіла жылыя кварталы польскіх гарадоў і знішчала цэлыя населеныя пункты, расстрэльвала ваеннапалонных і мірнае насельніцтва. У 1940 годзе вермахт перайшоў да масіраваных бамбардзіровак брытанскіх гарадоў. А колькасць учыненых немцамі ваенных злачынстваў падчас распачатай Германіяй у 1941 годзе вайны супраць Савецкага Саюза проста не паддаецца дакладнаму ўліку — настолькі шмат іх было.

Цэнтр англійскага горада Ковентры, разбураны нямецкімі бамбардзіроўшчыкамі ў лістападзе 1940 года. Фота: commons.wikimedia.org

У такой сітуацыі прапагандзе краін антыгітлераўскай кааліцыі нават не трэба было прыкладаць нейкія асаблівыя намаганні для расчалавечвання ворага — ён і сам з гэтым выдатна спраўляўся. Вынік не змусіў сябе чакаць. Прыналежнасць да нямецкай нацыянальнасці сама па сабе стала абцяжарвальнай акалічнасцю ў вачах нацый, якія ваявалі супраць Германіі.

Савецкі ваенны карэспандэнт і паэт Канстанцін Сіманаў у вершы «Убей его» ў 1942 годзе без усялякіх эківокаў заклікаў забіваць менавіта немцаў, а не нейкіх умоўных «жыхароў Германіі, якія падтрымліваюць Гітлера». Недавер да немцаў у СССР праяўляўся на многіх узроўнях. Неўзабаве пасля нападу Германіі, у жніўні 1941 года, была расфарміраваная нацыянальная нямецкая аўтаномія ў складзе РСФСР — аўтаномная Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Немцаў Паволжа са сталіцай у Энгельсе. Сотні тысяч жыхароў СССР нямецкай нацыянальнасці дэпартаваліся — галоўным чынам у Казахстан і Сібір.

Сярод заходніх саюзнікаў дэманізацыя немцаў таксама мела месца, хоць да савецкіх маштабаў ім было далёка. Напрыклад, у ЗША амерыканцы нямецкага паходжання складаюць самую вялікую этнічную групу, пераўзыходзячы па колькасці нашчадкаў ірландцаў і англічан. Яшчэ ў гады Першай сусветнай вайны, у якой ЗША таксама ваявалі супраць Германіі, многія амерыканцы нямецкага паходжання змянілі свае імёны на англійскі манер, а нямецкая супольнасць у цэлым перастала ўспрымацца як звязаная з Германіяй.

Тым не менш падчас новай сусветнай вайны і ўрад ЗША, і асобныя грамадзяне разглядалі амерыканцаў нямецкага паходжання як патэнцыйна небяспечных — асабліва гэта датычыла нядаўніх імігрантаў. Не менш за 11 тысяч чалавек нямецкага паходжання ў ЗША падчас вайны былі інтэрнаваныя і размешчаныя ў спецыяльных лагерах, аточаных калючым дротам і назіральнымі вышкамі. Падставай для інтэрнавання часта станавіліся непацверджаныя чуткі, сабраныя ФБР і іншымі спецслужбамі. Такая практыка разбурала сем'і, а ў выпадках, калі інтэрнаваліся абое бацькоў, прыводзіла да адпраўкі дзяцей у дзіцячыя дамы.

У 1942 годзе нядаўнія эмігранты з варожых ЗША дзяржаваў атрымалі «пасведчанні асобы „варожых замежнікаў“». Сярод прыкладна мільёна такіх грамадзян было 300 тысяч чалавек нямецкага паходжання. «Варожыя замежнікі» абавязаныя былі паведамляць у ФБР пра любую змену адрасу пражывання, месца працы або імені, ім забараняўся доступ у ахоўныя зоны, а ў выпадку парушэння гэтых правілаў яны падлягалі інтэрнаванню на час вайны. Інтэрнаваных змушалі рэпатрыявацца ў Германію — для гэтага іх абменьвалі на затрыманых у Германіі амерыканцаў. Усяго праз Атлантыку былі адпраўленыя 2000 немцаў, прычым сярод іх былі сем'і з дзецьмі, якія нарадзіліся ўжо ў ЗША. Зразумела, у нацыскай Германіі, якая ваявала, іх не чакаў цёплы прыём. Нацысты таксама лічылі іх магчымымі шпіёнамі, многіх па прыбыцці на радзіму арыштавала гестапа.

Зрэшты, такое стаўленне да немцаў склалася ўжо падчас Другой сусветнай вайны. Першая хваля грамадзян Германіі, не здольных ужыцца з гітлераўскім рэжымам, адправілася ў эміграцыю яшчэ да пачатку баявых дзеянняў — пасля прыходу нацыстаў да ўлады ў 1933 годзе. А многія з немцаў, якія пазней сталі ворагамі нацысцкага рэжыму, пакінулі Германію яшчэ раней — як, напрыклад, вядомая акторка Марлен Дзітрых. Пры гэтым усе яны, свядома парваўшы з нацысцкай Германіяй, наўрад ці маглі прадбачыць магчымыя нягоды і беды, звязаныя з гэтым рашэннем.

Нямецкая акторка на баку антыгітлераўскай кааліцыі

Легенда класічнага амерыканскага кіно Марлен Дзітрых нарадзілася ў Берліне ў 1901 годзе. У 20-я гады яна ўпарта падымалася на кінематаграфічны Алімп і дасягнула гэтай мэты ў 1930-м, зняўшыся ў ролі Лолы-Лолы ў карціне «Блакітны анёл» рэжысёра Ёзэфа фон Штэрнберга, якая заваявала велізарную папулярнасць. У тым самым годзе нямецкая акторка падпісала кантракт з галівудскай кампаніяй Paramount Pictures, перабралася ў ЗША і яшчэ да прыходу нацыстаў да ўлады ў Германіі паспела стаць зоркай сусветнага маштабу.

Сэкс-сімвалам сваёй эпохі Марлен стала дзякуючы створанаму з дапамогай Штэрнберга вобразу гламурнай загадкавай фатальнай жанчыны, а таксама правакацыйным ролям. Напрыклад, у фільме «Марока», за які Дзітрых была намінаваная на «Оскар», яна выконвала песню, апранутая ў мужчынскі касцюм са штанамі, а таксама цалавала іншую жанчыну — што як на тыя часы было вельмі смелым.

Марлен Дитрих и американская актриса Рита Хейворт подают еду американским военнослужащим в солдатской столовой в Голливуде, 1942 год. Фото: Library of Congress's Prints and Photographs division, commons.wikimedia.org
Марлен Дзітрых (злева) і амерыканская акторка Рыта Хейварт падаюць ежу амерыканскім вайскоўцам у салдацкай сталоўцы ў Галівудзе, 1942 год. Фота: Library of Congress’s Prints and Photographs division, commons.wikimedia.org

У 1937 годзе Марлен Дзітрых здымалася ў фільме французскага рэжысёра Жака Фэйдэра «Рыцар без даспехаў». За гэтыя здымкі яна атрымала 450 тысяч даляраў, што зрабіла яе адной з самых высокааплатных кіназорак свайго часу. Прыкладна ў гэты ж час да яе двойчы звярталіся нацысты з прапановай вярнуцца ў Германію. Рэйхсміністр народнай асветы і прапаганды Ёзэф Гебельс прапанаваў акторцы 200 тысяч рэйхсмарак за кожны фільм, зняты з яе ўдзелам у Германіі, і магчымасць самой выбіраць рэжысёраў і вызначаць тэматыку карцін. Абодва разы Марлен ад прапановаў нацыстаў адмовілася, а ў 1938 годзе падала дакументы на атрыманне амерыканскага грамадзянства. У 1939 годзе яна атрымала яго, адначасова адмовіўшыся ад грамадзянства Германіі.

Пасля перамогі над нацыстамі Дзітрых пісала сваёй маці, якая заставалася ў Германіі падчас вайны, што Гітлер аж да 1939 года патрабаваў ад яе вярнуцца. А калі яна адмаўлялася, нацысты заявілі, што ў іх ёсць спосаб зрабіць яе няшчаснай, маючы на ўвазе акурат маму. Разуменне гэтага, паводле акторкі, змушала яе вар’яцець. Толькі ў верасні 1945 года, пасля 13 гадоў, праведзеных у расстанні, Марлен сустрэлася са сваёй маці. Гэтая сустрэча аказалася і апошняй — праз два месяцы мама акторкі памерла.

Дзітрых была вядомая сваімі цвёрдымі палітычнымі перакананнямі і ўменнем іх адстойваць. Акрамя таго, яна вельмі выразна аддзяляла рэжым, які кіраваў у Германіі, ад немцаў, не згодных з нацыстамі. Разам з іншымі эмігрантамі ў другой палове 30-х гадоў яна стварыла фонд, які дапамагаў збеглым з Германіі габрэям і нямецкім дысідэнтам. Увесь яе велізарны ганарар за «Рыцара без даспехаў» быў пераведзены на рахунак для дапамогі ўцекачам. У снежні 1941 года, калі ЗША афіцыйна ўступілі ў Другую сусветную вайну, Дзітрых стала адным з першых грамадскіх дзеячаў, якія дапамагалі дзякуючы гастролям па штатах прадаваць ваенныя аблігацыі — і сабрала такім чынам для арміі ЗША больш грошай, чым любая іншая зорка свайго часу.

Марлен Дзітрых з параненым амерыканскім вайскоўцам. Бельгія, 1944 год. Фота: National Archives and Records Administration, commons.wikimedia.org

Таксама Дзітрых удзельнічала ў канцэртах для амерыканскіх вайскоўцаў. Падчас аднаго з такіх тураў па ціхаакіянскім узбярэжжы ЗША яна праспявала для больш чым 250 тысяч салдат. А ў 1944−1945 гадах яна выступала перад часткамі ў Паўночнай Афрыцы і Еўропе. Працуючы для салдат, акторка не выходзіла са свайго амплуа, ператвараючы казённыя тэксты, напісаныя для яе дзяржаўнымі спічрайтарамі, у жывыя і пачуццёвыя словы ад Марлен. Так, фраза «Рэпрэзентуючы кінаіндустрыю, я адчуваю, што магу шчыра выказаць вам удзячнасць сотняў мужчын і жанчын, якія робяць усё магчымае, каб данесці да народа Амерыкі неабходнасць укладаць грошы ў нашую ўласную будучыню» ператварылася ў яе ў «Прывітанне, хлопчыкі! Сёння я, напэўна, адзіная дзяўчына ў свеце, у якой спатканне з 18 тысячамі мужчын».

Падчас аднаго з тураў Дзітрых аказалася ў кампаніі амерыканскага генерала Джорджа Патана ўсяго за некалькі кіламетраў ад нямецкіх пазіцый. На пытанне, навошта яна так рызыкавала (нацысты прызначылі за яе галаву вялікую ўзнагароду), Марлен адказала: «З прыстойнасці».

У лістападзе 1947 года Марлен Дзітрых атрымала амерыканскі Медаль Свабоды за «экстраардынарныя дасягненні ў забаўлянні войскаў за мяжой». Сама вялікая немка сцвярджала, што менавіта гэтым дасягненнем яна ганарылася больш за ўсё.

Марлен Дзітрых з амерыканскімі авіятарамі ў верасні 1944 года. Фота: US Air Force, commons.wikimedia.org

У пасляваеннай Германіі Марлен Дзітрых стала ахвярай пастаянных нападак і злоснага паклёпу за сваю пазіцыю ў гады вайны. Немцы ўспрымалі яе дзейнасць па падтрымцы антыгітлераўскай кааліцыі як абразу іх нацыянальнага гонару. Наўпрост з гэтай антыпатыяй акторка сутыкнулася падчас гастроляў па ФРГ у 1960 годзе: асабліва люта яе крытыкавалі мясцовыя СМІ. Сапраўднае прымірэнне Германіі з Марлен Дзітрых адбылося толькі пасля смерці апошняй у 1992 годзе. Сёння ў ФРГ імем акторкі названыя вуліцы і плошчы, па матывах яе жыцця пастаўленыя мюзіклы, п’есы, знятыя мастацкія фільмы.

Нямецкія інтэлектуалы супраць нацысцкай Германіі

Прыход да ўлады нацыстаў у студзені 1933 года адправіў у вымушаную эміграцыю мноства нямецкіх інтэлектуалаў. Гэта былі людзі з вельмі рознымі перакананнямі, палітычнымі поглядамі, маральнымі арыенцірамі і жыццёвым вопытам — а аб’ядноўвала іх у асноўным нянавісць да гітлераўскага рэжыму і гатоўнасць выкарыстоўваць свой інтэлект для барацьбы з ім.

«Нацздраднікі» нямецкага ўзору беглі ў розныя краіны: СССР, Чэхаславакію, Вялікабрытанію, Турцыю, Швейцарыю, Данію — але галоўным чынам у Францыю. Праз гэта ім неўзабаве давялося стаць і «падвойнымі эмігрантамі»: у чэрвені 1940 года праціўнікі нацысцкага рэжыму былі вымушаныя ратавацца ад вермахта, што набліжаўся да Парыжа. Ва ўмовах, якія імкліва змяняліся, жаданне заставацца непадалёк ад межаў радзімы стала вельмі небяспечным, і многія немцы, што пакінулі Германію, адправіліся за акіян — у ЗША.

Томас Ман, нобелеўскі лаўрэат па літаратуры 1929 года, атрымаў прышчэпку ад шавінізму яшчэ ў выніку Першай сусветнай вайны. У яе гады ён быў манархістам, крытыкаваў дэмакратыю, выступаў за вайну і супрацьпастаўляў развітую мастацкую культуру яго краіны спрошчанаму англасаксонскаму свету. Параза Германіі ў страшнай вайне, крах манархіі і ўсплёск нацыяналістычнага радыкалізму ў Веймарскай рэспубліцы прымусілі яго перагледзець погляды і публічна заявіць пра падтрымку дэмакратыі, паралельна крытыкуючы нацызм, які набіраў сілу. Пасля прыходу да ўлады Гітлера ў Мана не засталося выбару, акрамя як з’ехаць з Германіі. Разам з сям’ёй ён перабраўся ў швейцарскі Цюрых.

Томас Ман у 1937 годзе. Фота: Van Vechten Collection at Library of Congress, commons.wikimedia.org

Нацысцкія ўлады спрабавалі ўгаварыць сусветна вядомага пісьменніка вярнуцца ў Германію, а пасля адмовы ў 1936 годзе пазбавілі яго грамадзянства. Праз два гады Ман перабраўся ў ЗША, дзе ў межах лекцыйнага турнэ заклікаў амерыканцаў звярнуць увагу на пагрозу нацызму (нагадаем, вайна тады яшчэ не пачалася).

З пачаткам Другой сусветнай Ман уключыўся ў дапамогу вырасламу патоку нямецкіх уцекачоў у ЗША, а пасля ўступлення ў канфлікт Штатаў пачаў запісваць цыкл антыфашысцкіх перадач «Слухай, Германія!» для нямецкіх радыёслухачоў, якія трансляваліся на Еўропу брытанскімі радыёстанцыямі. Прабіваючыся праз заслону нацысцкай прапаганды, пісьменнік расказваў сваім былым суайчыннікам праўду пра зверствы, якія чыніла нямецкая армія. Ад яго многія немцы ўпершыню пачулі, напрыклад, пра масавыя забойствы габрэяў.

У 1952 годзе Ман, які падазраваўся ў ЗША ў сімпатыях да камунізму, вярнуўся ў Швейцарыю, дзе і пражыў да смерці ў 80-гадовым узросце ў 1955 годзе. Ён некалькі разоў наведваў Германію — у тым ліку Усходнюю, дзе пабываў на святкаванні 200-годдзя Гётэ ў 1949 годзе.

Ман цалкам адназначна вырашыў для сябе пытанне «добрых немцаў» і адказнасці нямецкага народа за злачынствы нацысцкага рэжыму. У 1945 годзе ён выступаў з дакладам «Германія і немцы» ў бібліятэцы Кангрэса ЗША з такімі словамі:

«Няма дзвюх Германій, добрай і злой, ёсць адна-адзіная Германія, найлепшыя якасці якой пад уплывам д’ябальскай хітрасці ператварыліся ва ўвасабленне зла. Злая Германія — гэта і ёсць добрая, якая пайшла ілжывым шляхам, якая трапіла ў бяду, якая ўгразла ў злачынствах і цяпер стаіць перад катастрофай. Вось чаму для чалавека, які нарадзіўся немцам, немагчыма начыста адрачыся ад злой Германіі, абцяжаранай гістарычнай віной, і заявіць: „Я — добрая, высакародная, справядлівая Германія; глядзіце, на мне беласнежная сукенка. А злую я аддаю вам на разарванне“».

Словы Мана пра адказнасць усіх немцаў за злачынствы нацызму абуралі вядомага нямецкага драматурга Бертальда Брэхта. Той выступаў супраць любога атаяснення нямецкага народа з нацысцкім рэжымам і да канца вайны спадзяваўся на тое, што немцы падымуць паўстанне супраць Гітлера.

Брэхт пакінуў Германію ў лютым 1933 года — пасля падпалу Рэйхстага, у якім нацысты абвінавацілі камуністаў. Яго паматляла паміж Францыяй, Даніяй, Швецыяй, Фінляндыяй і СССР, пакуль у ліпені 1941 года ён не апынуўся ў Каліфорніі. Драматург не быў так папулярны ў ЗША, як Ман, і зарабляў на жыццё напісаннем сцэнарыяў для Галівуда. З уступленнем Штатаў у вайну Брэхт вырашыў, што мусіць зрабіць свой унёсак у барацьбу з нацызмам. Яго зброяй стала творчасць.

Ён пісаў антыфашысцкія п’есы і сцэнары — у тым ліку да вядомага трылера 1943 года «Каты таксама паміраюць!» (аўтарам музыкі стаў яго сябар, яшчэ адзін нямецкі эмігрант Ганс Эйслер). А ў 1942 годзе напісаў верш «Нямецкім салдатам на Усходнім фронце», які зачытваўся на савецкім радыё. На той момант Брэхт не ведаў, што яго пазашлюбны сын Франк ваюе ў складзе вермахта акурат на Усходнім фронце — ён загіне ў лістападзе 1943 года пад Псковам. Малодшы сын драматурга, Штэфан, перабраўся ў ЗША разам з бацькам і служыў падчас вайны ў арміі ЗША.

Бертальд Брэхт (у цэнтры) у Берліне ў 1948 годзе. Фота: Deutsches Bundesarchiv, commons.wikimedia.org

Пасля вайны Брэхт, таксама западозраны ў сімпатыях да камуністаў, перабраўся ў Швейцарыю, а затым — у разбураны вайной Берлін. Пасяліўшыся ў яго ўсходняй частцы, ён супрацоўнічаў з уладамі ГДР і быў прызначаны віцэ-прэзідэнтам Акадэміі мастацтваў. У 1956 годзе памёр ад інфаркту ва ўзросце 58 гадоў.

Герынг супраць люфтвафэ

Так склалася, што найбольш вядомымі немцамі, якія рабілі ўнёсак у барацьбу супраць нацызму, сталі прадстаўнікі творчых прафесій і інтэлектуалы. Эрых Марыя Рэмарк канчаткова пакінуў Германію ў сакавіку 1933 года і перабраўся ў ЗША. Непрыманне нацызму дорага абышлася нямецкаму пісьменніку — нацысты пакаралі смерцю яго малодшую сястру. Паводле відавочцаў, суддзя заявіў ёй, што «ваш брат, на няшчасце, схаваўся ад нас, але вам не збегчы». Гэты эпізод дэманструе, што пагрозы Дзітрых у дачыненні да яе маці таксама маглі не быць блефам.

Самым вядомым (але далёка не адзіным) нямецкім навукоўцам з тых, што эмігравалі, стаў геніяльны фізік Альберт Эйнштэйн, які таксама пакінуў краіну пасля прыходу да ўлады нацыстаў. Перабраўшыся ў ЗША, ён спыніў зносіны з калегамі, што засталіся на службе ў Гітлера, і стаў адным з падпісантаў ліста, які змусіў амерыканскага прэзідэнта Франкліна Рузвельта сур’ёзна паставіцца да магчымасці стварэння Германіяй ядзернай бомбы. У выніку ў 1941 годзе ў ЗША з’явіўся свой уласны праект па стварэнні ядзернай зброі — і менавіта Штаты перамаглі ў ядзернай гонцы.

Але відавочна, што значна больш этнічных немцаў, якія бралі ўдзел у барацьбе супраць нацызму, не належала да культурнай і інтэлектуальнай эліты. Вядома, што ў СССР пасля расфармавання АССР Немцаў Паволжа і дэпартацыі яе жыхароў у Сібір і Казахстан немцаў амаль не прызывалі ў Чырвоную армію. Але на фронце знаходзіліся выхадцы з Германіі, прызваныя ў войска да вайны — у пачатку 1941 года іх у РСЧА было больш за 33 тысячы. Немцы былі сярод абаронцаў Брэсцкай крэпасці, ды і добра вядомы беларусам лётчык Мікалай Гастэла, імаверна, быў немцам па бацьку.

У складзе армій заходніх саюзнікаў таксама было нямала этнічных немцаў. Магчыма, самы цікавы з іх — Вернер Джордж Герынг, які амаль усё жыццё лічыў сябе пляменнікам рэйхсмаршала Германа Герынга, міністра авіяцыі і галоўнакамандуючага люфтвафэ (ваенна-паветранымі сіламі) Германіі.

Вернер нарадзіўся ў сакавіку 1924 года ў Солт-Лэйк-Сіці (штат Юта) у сям'і выхадца з Германіі Карла Герынга. Невядома, што заахвоціла бацьку Вернера да гэтага, але ён сцвярджаў, што быў родным братам свайго вядомага нямецкага цёзкі. Гэтыя яго словы доўга не ставіліся пад сумнеў. Толькі ў 2010 годзе было праведзенае генеалагічнае расследаванне, якое абвергла выдумку Карла, але Вернера «па інерцыі» дагэтуль часта называюць пляменнікам Германа Герынга.

Экіпаж амерыканскага бамбардзіроўшчыка B-17 капітана Вернера Герынга (сам афіцэр — крайні справа ў верхнім шэрагу). Фота: US Army Air Force, commons.wikimedia.org

Як бы там ні было, сям’я Герынгаў у Юце несумненна была нямецкай. Немкай была і маці Вернера, Адэль; паміж сабой у сям'і размаўлялі на нямецкай. Пасля нападу Японіі на ЗША Вернер запісаўся добраахвотнікам у ВПС і праходзіў навучанне на пілота бамбардзіроўшчыка Boeing B-17 «Лятучая крэпасць». Амерыканскія спецслужбы не прайшлі міма распушчаных бацькам Вернера чутак. Калі малады лётчык атрымаў пад камандаванне «свой» В-17, яго другі пілот атрымаў інструкцыі ад ФБР страляць у Герынга, калі той паспрабуе здзейсніць пасадку ў Германіі ці выскачыць над ёй з парашутам. Выканаць такую задачу пагадзіўся Джэк Рэнчэр, дасведчаны пілот B-17, трапны стралок і напалову габрэй, які люта ненавідзеў нацыстаў.

На шчасце, падазрэнні ФБР не апраўдаліся. Вернер Герынг зарэкамендаваў сябе як смелы і стрыманы камандзір бамбардзіроўшчыка, які паспяхова вяртаў на базу нават сур’ёзна пашкоджаны самалёт. Усяго пілот, які лічыў сябе пляменнікам другога па ўплывовасці чальца нацысцкай партыі Германіі, здзейсніў 49 баявых вылетаў і атрымаў Крыж лётных заслуг.

Пасля заканчэння вайны Вернер Герынг застаўся ва ўзброеных сілах. Дзякуючы цудоўнаму веданню нямецкай ён нейкі час служыў у Патсдаме, у савецкай зоне акупацыі Германіі. Пазней лётаў на складаным у кіраванні бамбардзіроўшчыку Boeing B-47 Stratojet і быў памочнікам ваеннага аташэ пры пасольстве ЗША ў Эфіопіі. Звольніўшыся з ВПС у званні падпалкоўніка, Герынг пасяліўся ў Арызоне, дзе кіраваў ранча. Ён памёр у 2019 годзе ва ўзросце 95 гадоў.

Чалавекам, які выявіў адсутнасць роднасных сувязяў паміж Вернерам і Германам Герынгамі, быў Стывен Фратэр, аўтар кнігі пра Вернера. Яна была напісаная яшчэ пры жыцці галоўнага героя, і калі Фратэр пазваніў яму, каб паведаміць пра зробленае адкрыццё, той быў, паводле словаў пісьменніка, глыбока яму ўдзячны.