Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. Тревожный звоночек. Похоже, исполняется неоптимистичный прогноз экономистов
  2. «Не думаю, что что-то страшное». Попытались устроиться в госорганизации с подписью на последних выборах не за Лукашенко — что вышло
  3. Почему Лукашенко больше не отпускает политзаключенных? И зачем КГБ устроил облавы на риелторов? Спросили у политического аналитика
  4. Антирекорд за 15 лет. В Беларуси была вспышка «самой заразной болезни» — получили закрытый документ Минздрава
  5. «Давний друг» Лукашенко, который долго игнорировал приглашения посетить Минск, похоже, все-таки прилетит в Беларусь
  6. «У диктатуры нет друзей, есть только слуги». Писательница обратилась к сторонникам власти на фоне случившегося с Бондаревой
  7. Что стало с «крышей» Бондаревой? Артем Шрайбман порассуждал, почему известная активистка оказалась за решеткой
  8. «Беларусов действительно много». Поговорили с мэром Гданьска о наших земляках в городе, их бизнесе, творчестве и дискриминации
  9. «У меня нет буквально никаких перспектив, и я буквально никому не нужен». Роман Протасевич рассказал, «как обстоят дела»
  10. Битва за частный сектор: минчане отказываются покидать дома ради нового парка
  11. В Польше при загадочных обстоятельствах погиб беларусский активист
  12. Кремль старается переложить вину за отказ от прекращения огня на Киев и требует выполнить условия, которые сделают Украину беззащитной
  13. Правозащитники: В Дзержинске проводят задержания и обыски, повод — послевыборные протесты
  14. «Учится в первом классе». В Гомеле девочка пропала из продленки, а нашлась в реанимации больницы
  15. Кремль усиливает угрозы в адрес Европы. Эксперты — о том, что стоит за последними заявлениями в адрес Эстонии и Польши
  16. Госсекретарь США заявил, что Трамп готов бросить попытки помирить Украину и Россию и «двигаться дальше» — при каком условии
  17. «Пути молодых мужчин и женщин расходятся»? Откуда растут ноги у тренда, о котором эксперты давно бьют тревогу (но лучше не становится)
Читать по-русски


Саша амаль усё вырашыў пра свой пераезд з Беларусі і рыхтаваўся да гэтага разам з камандай. Не паспеў. У пачатку верасня 2021 года ў праўладных тэлеграм-каналах з’явілася відэа, на якім арт-менеджар, дыджэй і рухавік прасторы «Корпус» прызнаецца ў тым, што ўдзельнічаў у пратэстах. Пасля гэтага ён трапіў на Акрэсціна, а адтуль — у Бараўляны з каранавірусам, трыма зламанымі рэбрамі і надарванай селязёнкай, яшчэ пазней быў асуджаны на тры гады «хіміі». Праз некаторы час Саша абвесціў, што знаходзіцца ў бяспецы ў Грузіі. Цяпер ён актыўна гастралюе як дыджэй, займаецца арт-праектамі і ўспрамінае тыя падзеі як жыццёвы досвед, які не хацелася б паўтараць.

Лявон Вольский на концерте, февраль 2020 года. Фото: Любовь Стайкова
Лявон Вольскі на канцэрце, люты 2020 года, здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Любоў Стайкова

Гэта адзін з сюжэтаў з сучаснай беларускай музыкі. Іх даволі шмат, а аптымістычных сцэнароў — адзінкі. У большасці выпадкаў гэта гісторыя супрацьстаяння абставінам у выглядзе беспрэцэдэнтных рэпрэсій, часам неабходнасці ўладкоўваць жыццё ў новай краіне і еўрапейскім канцэртным турам у выглядзе прыемнага бонуса — калі атрымаецца. Як жывуць музыкі ў Беларусі і за яе межамі, чытайце ў гэтым матэрыяле.

Больш за 200 фактаў рэпрэсій за два гады: «Калі ты вядомы музыкант, гэта дадатковая прычына, каб цябе прэсаваць»

Вось яшчэ адна гісторыя, пра якую шмат пісалі медыя. У пачатку жніўня 2021 года музыкі гурта Irdorath адзначалі на лецішчы дзень народзінаў удзельніцы калектыву Надзеі Калач. Да іх прыехалі супрацоўнікі ГУБАЗІК і САХР. Затрыманне было жорсткім. Музыкі спачатку былі асуджаныя паводле адміністратыўных артыкулаў, пасля была крымінальная справа. Іх абвінавацілі ў арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Удзельнікі Irdorath Антон Шніп і Юлія і Пятро Марчанкі атрымалі па 1,5 года калоніі, а лідары гурта Надзея і Уладзімір Калач — па 2 гады. Шніп і Марчанкі ўжо адседзелі прызначаны тэрмін і выйшлі на волю, але не гатовыя размаўляць з журналістамі. Надзея і Уладзімір дагэтуль за кратамі.

Цяперашнія рэпрэсіі ў дачыненні да дзеячаў культуры — беспрэцэдэнтныя ў найноўшай гісторыі Беларусі, зазначае кіраўнік Беларускай рады культуры Сяргей Будкін.

— Раней прыналежнасць да культуры і статус пазнавальнага музыканта гарантавалі, што табе нічога не будзе, — адзначае Будкін. — У 2006 годзе NRM маглі выйсці спяваць песню перад удзельнікамі акцыі пратэсту і спакойна сысці, а цяпер, калі ты вядомы музыка, якога слухаюць, гэта дадатковая прычына, каб цябе прэсаваць, утрымліваць і даваць часам гады турмы ці калоніі, як у выпадку з Irdorath. У прынцыпе, цяпер за нейкія словы ў песні можна трапіць пад пераслед, цябе могуць прызнаць экстрэмістам.

Мне падаецца, гэта ўнікальная сітуацыя для еўрапейскай прасторы. Мне здаецца, што гэта нават не савецкія метадычкі, таму што за савецкім часам табе пагражала выключэнне з партыі, забарона на публічную дзейнасць, але музыка існавала і развівалася ніжэй за радары, і за гэта нікому нічога не было. А тут проста за факт выступу [на пратэстах] можа пагражаць рэальны тэрмін. Такая жорсткасць дагэтуль здзіўляе і ўражвае: практычна штодня мы атрымліваем інфармацыю пра затрыманне чалавека са сферы культуры, і гэта цяжка нават патлумачыць лагічна, — дадае эксперт.

Як паведаміў нам Сяргей Будкін, паводле звестак Беларускай рады культуры, з 2020 года да лістапада 2022-га зафіксавана больш за 200 выпадкаў рэпрэсій у дачыненні да беларускіх музыкаў. Вось толькі некаторыя з іх.

Гісторыі затрыманых артыстаў: «На Акрэсціна ў мяне развілася цынга, крыху павыпадалі зубы»

Беларускі музыка і дыджэй Артур Аміраў абвінавачаны ва ўдзеле ў пратэстах 2020 года. Асуджаны на 3 гады і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Бубнач Аляксей Санчук затрыманы на рэпетыцыйным пункце ў Мінску разам з іншымі бубначамі. Абвінавачаны па «пратэсных» артыкулах і асуджаны на 6 гадоў у калоніі ўзмоцненага рэжыму. Удзельнік «Крамбамбулі» і іншых беларускіх гуртоў Уладзь Плюшчаў атрымаў 3 гады калоніі агульнага рэжыму за паклёп і абразу прадстаўніка ўлады. Усе гэтыя музыкі прызнаныя палітычнымі зняволенымі.

Аляксандр Багданаў — той самы рэпрэсаваны музыка, якога мы згадвалі ў пачатку гэтага тэксту. Гэта яго змушалі прызнаць удзел у пратэстах і зламалі падчас затрымання тры рабрыны. І гэта яму ўдалося збегчы з «хіміі».

Александр Богданов. Фото: из личного архива Александра Богданова
Аляксандр Багданаў. Фота: з асабістага архіву Аляксандра Багданава

— У нас з камандай быў план з’язджаць з Беларусі, таму што было нядобрае адчуванне. Але мы крыху затрымаліся, бо трэба было закрыць усе свае праекты. У выніку нам не хапіла прыкладна месяца, — расказвае ён. — Маё затрыманне праходзіла брутальна — цалкам у стылі ГУБАЗІКа. Мяне ламалі, каб я на камеру прачытаў тэкст пра тое, што я арганізатар пратэстаў, граў на іх як дыджэй і стала ўжываю наркотыкі. Я не пагаджаўся, мяне білі нагамі — у выніку зламалі рэбры, надарвалася селязёнка. Я пагадзіўся чытаць гэты тэкст пасля таго, як мне сказалі: «Нам выдаюць г***ны (прэзерватывы). Ведаеш для чаго?» І пачалі надзяваць прэзерватыў на дручок. Вось тады я пагадзіўся.

— Першы месяц я правёў на Акрэсціна, і гэта было проста лютае дзікунства, — кажа Багданаў. — Яны ненавідзяць палітычных зняволеных, прыніжаюць іх годнасць, ствараюць нечалавечыя ўмовы. На Акрэсціна ва ўсіх быў кавід, і праз зламаныя рэбры я яго пераносіў вельмі цяжка. Мяне накіравалі ў Бараўляны, і толькі там высветлілася, што ў мяне пераломы. У выніку я правёў два тыдні ў бальнічным пакоі з трыма сілавікамі, якія мяне пільнавалі. Яшчэ на Акрэсціна ў мяне развілася цынга, крыху павыпадалі зубы.

У снежні 2021 года Багданаў атрымаў прысуд — тры гады «хіміі». Але амаль адразу са сваім паплечнікам Максімам Крукам, які быў асуджаны разам з ім, збег з краіны і цяпер жыве ў Грузіі.

— У пэўны момант нам трэба было таемна з’ехаць з Беларусі праз палі і лясы ў Расію, а ўжо адтуль быў план трапіць ва Украіну. Але тады на мяжы ўжо стаялі войскі, быў студзень 2022 года. Сцежка не адкрывалася, былі пастаянныя замінкі: то снег пойдзе, то каардынатара затрымаюць, — расказвае пра абставіны выезду музыка. — Так мы праседзелі ў глыбокай расійскай хтоні ўвесь студзень і пачатак лютага: нам нельга было выходзіць на сувязь, трэба было ўвесь час мяняць кватэры. Мы ўжо нават разлічвалі, што застанёмся сядзець у гэтай разбуранай Расіі, але ў выніку прыдумалі новы спосаб, пра які я гаварыць не магу. Нас эвакуявалі без пераезду ва Украіну вельмі хітра.

Наступная гісторыя пачалася ў Рагачове больш за 10 гадоў таму. Тут нечакана для беларускага райцэнтра з’явіўся гурт з правакацыйнай назвай Sex. Калектыў гастраляваў па краіне, выступаў на фестывалях, перыядычна меў праблемы з рагачоўскай адміністрацыяй, але ў выніку спыніў сваё існаванне праз канфлікт удзельнікаў.

Праз колькі гадоў на яго аскепках паўстаў іншы гурт — Tor Band. Менавіта гэтыя хлопцы запісалі хіт «Мы не народец» і іншыя песні, якія гучалі ў Беларусі падчас пратэстаў 2020 года. Праз некаторы час музыкі спынілі актыўную дзейнасць. А ў кастрычніку 2022 года іх разам з жонкамі затрымалі. З афіцыйных каналаў гурта на YouTube былі выдаленыя ўсе кліпы, якія назбіралі на той момант больш за 5 мільёнаў праглядаў. Людзьмі, якія здымаліся ў відэа Tor Band, заняліся сілавікі.

Музыкі дагэтуль знаходзяцца за кратамі: яны атрымалі 15 сутак тры разы запар. Іх паасобку судзяць за кожную песню, абвешчаную «экстрэмісцкім матэрыялам».

Яшчэ адна гісторыя — ужо з Мінска. У кастрычніку ў сваім доме былі затрыманыя колішнія прадстаўнікі Беларусі на «Еўрабачанні» браты Каракіны з гурта Litesound. Іх затрымлівалі з удзелам САХРа за пратэсты 2020 года і нібыта знайшлі ў хаце незарэгістраваную зброю. Цяпер Каракіны таксама знаходзяцца за кратамі.

Фото: со страницы Дмитрия Карякина в ВКонтакте
Гурт Litesound. Фота: са старонкі Дзмітрыя Каракіна ў «ВКонтакте»

Гэта толькі маленькая частка сюжэтаў з жыцця беларускіх музыкаў. Прадстаўнікі Беларускай рады культуры зазначаюць: у рэальнасці выпадкаў рэпрэсій нашмат больш за 200, асабліва калі пад рэпрэсіямі разумець забарону на прафесію — немагчымасць даваць канцэрты ў Беларусі.

Гісторыі музыкаў, якія застаюцца ў Беларусі: «За тры гады ў нас было толькі два карпаратыўныя выступы»

«Чорныя спісы» існуюць у Беларусі з 2004 года — менавіта тады пачался першая хваля таямнічых забарон на канцэртную дзейнасць. Яны знікалі і вярталіся: у адзін момант «Палац», Крама, Лявон Вольскі, Neuro Dubel і іншыя гурты не маглі выступіць у Беларусі, а ў іншы Сяргей Міхалок з гуртом Brutto збіраў «Мінск-Арэну», поўную бела-чырвона-белых сцягоў. Цяперашняя сітуацыя з «чорнымі спісамі» датычыць усіх беларускіх артыстаў, якія нейкім чынам прадэманстравалі сваю пазіцыю ў 2020 годзе.

Рыгор (імя змененае) — удзельнік беларускага гурта, які да 2020 года актыўна гастраляваў па Беларусі і за яе межамі. У пэўны момант хлопец нават мог сабе дазволіць не працаваць, таму што музыка цалкам яго забяспечвала. Цяпер сітуацыя радыкальна змянілася.

— Вясной 2020 года мы зразумелі, што можна будзе падтрымаць каго-небудзь падчас прэзідэнцкай кампаніі. І мы падтрымалі. Пры гэтым нішто не казала пра нейкую бяду: ніхто нават не ўяўляў, што будзе настолькі жорстка, — прызнаецца ён. — Мы працягвалі прыдумляць і запісваць альбом, але даволі хутка аказалася, што мы трапілі ў нейкія спісы. Гэта была звычайная паперка без штампаў, якую нам дасылалі з нейкіх ананімных акаўнтаў, але пасля гэтага ў нас пачаліся праблемы. Даходзіла да таго, што нам казалі: «Калі вы выступаеце, адмяняецца цэлы фестываль». Ужо амаль тры гады мы не граем у роднай краіне: нам проста не даюць гэта рабіць.

— Я абраў для сябе шлях пастаяннага знаходжання ў навінах і ўсвядомленага стрэсу: чытаў пра пагрозы, адмены канцэртаў, затрыманні музыкаў. Але з намі чамусьці гэтага не адбывалася: я не магу растлумачыць, чаму я не сядзеў у турме. Звычайна ўсе размовы былі пра тое, што проста яны д***бы. Прапусцілі, не заўважылі. Натуральна, было страшна, але калі цябе гэта ўсё абыходзіць бокам, астатняе — проста навіны на экране, — дзеліцца суразмоўца.

— Раней мы даволі рэгулярна гастралявалі і прызвычаіліся да пэўнага графіку: у цябе ёсць восеньскі і вясновы тур і летнія фестывалі. Цяпер нічога не стала, і гэта проста невыносна. З іншага боку, я разумею: а як цяпер граць? Калі навокал такое адбываецца і тысячы людзей у турмах, а ты робіш канцэрт і не можаш на ім пра гэта сказаць. Было б вельмі дзіўна ладзіць танцы на костках, — апісвае цяперашнюю сітуацыю музыка. — Амаль пяць гадоў я зарабляў толькі музыкай, але бліжэй да 2020-га стала зразумела, што трэба шукаць працу. Бо за тры гады ў нас было толькі два карпаратыўныя выступы: людзі баяліся запрашаць нас нават на закрытыя мерапрыемствы.

Яшчэ адзін удзельнік папулярнага беларускага гурта, які жыве ў Беларусі, перыядычна выязджае на гастролі ў іншыя краіны. Але сталага заробку ў яго цяпер няма.

— З аднаго боку, у мяне ёсць пэўнае стаічнае адчуванне: хочацца быць тут, калі ўсё гэта скончыцца. А з іншага боку, у мяне тут шмат якараў асабістага ўзроўню. У маім рашэнні заставацца ў Беларусі няма ніякай ідэалогіі, у гэтым ёсць толькі негатоўнасць мяне і маіх родных людзей так хутка здацца. Я не лічу, што людзі, якія з’ехалі з Беларусі, здаліся, проста кожны адрэагаваў так, як змог, — кажа ён. — Музыка не была для мяне адзінай крыніцай прыбытку. І цяпер нічога не змянілася: на дадзены момант я зарабляю грошы сітуацыйна, дзе атрымаецца. Пакуль атрымліваецца выязджаць на гастролі, але заўсёды ёсць гіпатэтычная магчымасць, што цябе вернуць, затрымаюць. Я проста жыву з гэтым, я прызвычаіўся з гэтым жыць.

Гісторыі музыкаў, якія з’ехалі: «Нават у Сан-Францыска быў поўны клуб, і хлопцы слэміліся на цяжкіх песнях»

У іншых дэкарацыях існуюць музыкі, якія вымушаныя былі з’ехаць з Беларусі пасля 2020 года. Большасць з іх пачынала з вырашэння побытавых пытанняў, а ўжо потым узнаўляла творчую актыўнасць.

Аляксандр Памідораў, які ўжо больш за год жыве ў Варшаве, вымушаны быў з’ехаць з Беларусі, таму што не змог знайсці там працу пасля таго, як запісаў песню «Я выхажу» пра забойства Рамана Бандарэнкі. Цяпер ён працуе на мантажы абсталявання для канцэртаў сусветных зорак і так расказвае пра абставіны ад’езду і сваё цяперашняе жыццё ў інтэрв'ю «Радыё Свабода» (захаваная арфаграфія арыгіналу):

— На пачатку году працаваў у гіпэрмаркеце «Ашан» грузчыкам, выкладаў тавары ў малочным аддзеле. Толькі расставіш прыгожа, а пакупнікі ўсё парушылі! Потым мяне скарацілі. Зьбіраў і разьбіраў на замову цяпліцы, скручваў вялікія аркушы полікарбанату. Працаваў і на будоўлі, бегаў з грузам па 100 разоў зь першага на шосты паверх, бо ліфтам карыстацца нельга. Аднак самы вялікі кайф, безумоўна, — гэта змантаваць сцэну для вялікага канцэрту. Гэта ж сцэна, гэта частка майго жыцьця! Я мантаваў сцэны для Rammstein, Guns N’Roses, Coldplay, Iron Maiden, Placebo. І ня толькі ў Варшаве — у Катавіцах, Мюнхэне, Гамбургу, Бэрліне.

Александр Помидоров. Фото: Любовь Стайкова
Аляксандр Памідораў. Фота: Любоў Стайкова

Памідораў рэдка дае канцэрты. У іншых беларускіх артыстаў за межамі Беларусі больш насычанае канцэртнае жыццё. Лявон Вольскі, які цяпер таксама жыве ў Польшчы, нядаўна вярнуўся з паўночнаамерыканскага туру, у які ён паехаў разам з гуртом J: MОРС.

— Звычайна я стаўлюся скептычна да такіх замежных вылазак, асабліва калі гэта некалькі канцэртаў запар. Але народ актыўна збіраўся — я крыху здзівіўся, шчыра кажучы. Нават у Сан-Францыска, дзе, я думаў, прыйдзе 30 чалавек, быў поўны клуб, і хлопцы нават слэміліся на цяжкіх песнях, — кажа музыка. — Хочацца верыць, што актыўная беларуская дыяспара захаваецца. Спачатку падавалася, што будзе толькі першым часам такая актыўнасць: людзі з’язджаюць, у іх ёсць яшчэ туга па радзіме, а тут знаёмы гурт прыязджае. Але ёсць уражанне, што актыўнасць не вельмі заціхае. Цяпер, напрыклад, J: MОРС ездзілі па Польшчы, і ўсё было не дрэнна. Я меў канцэрт у Тэль-Авіве. Мне падавалася: ну хто там збярэцца? А там было шмат людзей, розныя пакаленні.

— Я з’язджаў з Беларусі з думкамі зайграць канцэрт, ну, можа, два, адпачыць, з’ездзіць на мора, можа, месяц-паўтара правесці ў Польшчы, пасядзець у Вільні — і вяртацца назад у Беларусь. Тое, што «гастрольны тур» зацягнуўся, я толькі пачынаю разумець. Мы гналі думкі, што гэта ўсё надоўга: сітуацыя ў Беларусі была ненармальная, а доўга ўседзець на штыках яшчэ нікому не ўдавалася. А калі пачалася вайна, усё яшчэ больш пагоршылася. Тады ўжо сур’ёзна трэба было клапаціцца пра легалізацыю, пра візы. Мы пра гэта не думалі, таму што нам здавалася, што ўсё часова: здымем памяшканне на паўгода, а потым разваляцца гэтыя дзяржструктуры, і мы паедзем граць канцэрт на галоўнай плошчы. Як бачым, звышаптымістычныя прагнозы не спраўдзіліся, але я застаюся пры сваёй думцы, што ўлада дапусціла шэраг недаравальных памылак адну за адной, і гэта ўсё прывядзе да немінучага краху, — лічыць Вольскі.

Заробак у вымушанай эміграцыі — балючае пытанне. Нехта з беларускіх музыкаў працуе ў Польшчы на будоўлі, нехта — ахоўнікам у супермаркеце Biedronka, іншыя — у IT. У Вольскага свая гісторыя.

Лявон Вольский на концерте, февраль 2020 года. Фото: Любовь Стайкова
Лявон Вольскі на канцэрце, люты 2020 года. Фота: Любоў Стайкова

— Звычайна я не думаю пра тое, як зарабляць у эміграцыі. Проста, можа, я інфантыльны, таму што гэты кантэкст цалкам адсутнічае. Падварочваецца нешта заўсёды. На канцэртах вялікіх грошай не заробіш — гэта больш іміджавая рэч, каб не забываліся. Можна нейкі мерчандайзінг вырабляць і прадаваць. Але я маю ў Польшчы досыць някепскія аўтарскія, ну і падварочваліся нейкія рэчы, якія і працай цяжка назваць — нейкі блог у інтэрнэце, удзел у нейкіх доўгатэрміновых праграмах, яшчэ я пішу карціны, і хтосьці іх час ад часу купляе. Пакуль атрымліваецца выжываць, не ведаю, як і чаму. У прынцыпе тая самая сітуацыя, але са значна меншай колькасцю канцэртаў, была і ў Беларусі, — расказвае музыка.

Аптымістычна пра сваё цяперашняе жыццё гаворыць Аляксандр Багданаў:

— Цяпер у мяне няма апатыі. Калі я пасля Акрэсціна трапіў на Валадарку, дзе ўмовы больш лайтовыя, то пачаў распісваць розныя культурныя праекты. Калі апынуўся ў Грузіі, мы адразу пачалі шукаць грантавую падтрымку, каб іх рэалізоўваць. Пасля пяці гадоў «Корпуса», які быў якарам і прычынай тытанічнай працы, цяпер у меня вельмі бадзёры перыяд. Я граю паўсюль, мяне носяць на руках — я як сапраўдная рок-зорка.

Мары пра вяртанне: «Гэта будзе велізарны канцэрт, недзе мільён мы там назбіраем»

У кожнага з музыкаў свая гісторыя ад’езду з Беларусі і думкі пра вяртанне ці невяртанне. Але самы аптымістычны сцэнар малюе Лявон Вольскі. Ён настойвае на тым, што ў хуткім часе адбудзецца той самы вялікі канцэрт на галоўнай сцэне:

— Гэта будзе велізарная сцэна — чаго-чаго, а гэтага ў нас у краіне хапае. Толькі трэба вырашыць, дзе гэта будзе: на плошчы Каліноўскага ці, можа, на стэле. Думаю, гэта будзе велізарны канцэрт, на ім будуць граць усе дзеяздольныя гурты, якія зрабілі свой унёсак у беларускую свабоду і якія ў вельмі неспрыяльных умовах спрабавалі распрыгоніць людзей і іхнія душы, раскрыць іхнія сэрцы. Думаю, там будзе палова насельніцтва Мінска. Недзе мільён мы там назбіраем.