Навукоўцы адкрылі новы клас антыбіётыкаў, які, імаверна, зможа перамагчы ўстойлівы да метыцыліну залацісты стафілакок. У гэтым даследчыкам дапамаглі навучаныя мадэлі штучнага інтэлекту, піша Euronews.
Выкарыстанне штучнага інтэлекту даказвае, што можа змяніць сферу медыцыны. Ужо цяпер тэхналогія дапамагла навукоўцам выявіць патэнцыйны новы антыбіётык — упершыню за 60 гадоў. У прыватнасці, знойдзены клас злучэнняў здольны знішчыць бактэрыю, якая рэгулярна забівае тысячы людзей ва ўсім свеце: толькі ў Еўрасаюзе кожны год налічваецца 35 тысяч памерлых ад яе.
Гаворка пра метыцылін-рэзістэнтны залацісты стафілакок. Ён можа выклікаць у людзей запаленне лёгкіх, інфекцыі скуры, крыві і мачаполавай сістэмы. Сярод тых, хто ў групе рызыкі — пажылыя людзі, дыябетыкі, пацыенты з анкалагічнымі захворваннямі і іншыя.
Знаходка навукоўцаў, як піша Euronews, можа стаць паваротным момантам у барацьбе з узбуджальнікамі хваробаў, на якія перасталі дзейнічаць ужо вядомыя антыбіётыкі.
— Дапамога штучнага інтэлекту заключалася ў тым, што мы змаглі ўбачыць, чаму менавіта яму трэба было навучыцца, каб спрагназаваць поспех пэўных малекул у ролі добрых антыбіётыкаў, — патлумачыў Джэймс Колінз, прафесар медыцынскай інжынерыі і навукі ў Масачусэтскім тэхналагічным інстытуце і адзін з аўтараў, відаць, прарыўнога для медыцыны даследавання.
Вынікі працы Колінза і яшчэ двух дзясяткаў аўтараў апублікаваныя ў навуковым часопісе Nature.
У выніку эксперыментаў навукоўцам ужо ўдалося адабраць два злучэнні, якія найбольш перспектыўныя, каб стаць антыбіётыкамі для шырокага ўжывання.
Чытайце таксама