Праз вайну ва Украіне ААТ «Гомельскі хімзавод» раптоўна страціў 95% экспарту. Пра гэта парталу «Нафтахімія» расказаў дырэктар прадпрыемства Дзмітрый Чарнякоў.
«Не сакрэт, што ў пачатку сакавіка мы раптоўна страцілі 95% экспарту, які складаў 70% усёй выручкі, і засталіся са стратным унутраным рынкам. Рэч у тым, што цягам пяці гадоў прадпрыемства не падымала цэны на ўгнаенні унутры краіны, бо ўдавалася перакрываць страты на айчынным рынку даходамі ад экспарту», — заявіў Чарнякоў.
Паводле яго словаў, прадпрыемства своечасова адрэагавала на новыя абставіны: выкарыстоўвала ўсе даступныя меры па зніжэнні выдаткаў, максімальна эканоміла на ўсім, паэтапна пачала павышаць цэны на ўнутраным рынку і сканцэнтравала намаганні на пераарыентацыі экспарту з закрытага рынку Украіны.
«Нас уратавала тое, што яшчэ ў 2020 годзе з мэтай дыверсіфікацыі экспарту мы пачалі рэгістрацыю асобных марак угнаенняў у Расіі. Там гэты працэс даволі працяглы і бескампрамісны. Але мы заняліся ім, як гаворыцца, на ўсялякі выпадак, хоць у той час расійскі рынак нам быў не асабліва цікавы, бо там шмат сваіх моцных вытворцаў. Але ў самы патрэбны момант нашая ініцыятыва спрацавала. З сярэдзіны красавіка ААТ „Гомельскі хімічны завод“ ужо мела неабходныя рэгістрацыйныя дакументы. Стаўка была зробленая на супрацоўніцтва з самым буйным расійскім дыстрыб’ютарам мінеральных угнаенняў», — адзначыў дырэктар прадпрыемства.
Ён таксама паведаміў, што магутнасць вытворчасці мінеральных угнаенняў хімзавода ў 2023 годзе наблізіцца да мільёна тон у год.
«Нягледзячы на цяжкасці, у нас чарговы рэкорд па аб’ёмах экспарту. Ён перавышае ўзровень, дасягнуты ў 2021-м. Чакаем і рэкорднай выручкі. Сёння складана прагназаваць, як складзецца сітуацыя на рынках у 2023 годзе. Яна будзе залежаць ад кан’юнктуры цэн, ад таго, як мы зможам працаваць у расійскіх і еўрапейскіх умовах. Але мы плануем дамагчыся чарговага росту аб’ёмаў вытворчасці на 5,3%, экспарту — на 5% у параўнанні з гэтым годам. Колькасць работнікаў не страцім, наадварот, спатрэбіцца яе павялічыць. Па сутнасці, магутнасць завода дасягне амаль мільёна тон угнаенняў у год», — падсумаваў Дзмітрый Чарнякоў.