У ЗША ўвялі санкцыі супраць дзесяці фізічных асобаў і 12 кампаній у розных краінах, звязаных з сеткай ухілення ад санкцый, якая падтрымлівала ваенна-прамысловы комплекс Расіі і Беларусі. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні Мінфіна ЗША.
Сцвярджаецца, што сетку ўзначальваў гандляр зброяй Ігар Зімянкоў, які базуецца ў Расіі і на Кіпры. У яе ўваходзілі арганізацыі, якія базуюцца ў Расіі, Сінгапуры, Балгарыі, Ізраілі і на Кіпры. Праз іх Зімянкоў са сваім сынам Джонатанам Зімянковым і шырокай сеткай фізічных і юрыдычных асобаў арганізоўваў продаж расійскай абароннай прадукцыі ў трэція краіны. У паведамленні гаворыцца, што Зімянковы супрацоўнічалі ў тым ліку з расійскімі дзяржкарпарацыі «Ростех» і «Рособоронэкспорт», якія знаходзяцца пад санкцыямі.
Таксама ў спіс трапіў кіпрскі зброевы брокер Аляксандр Вальфовіч, зарэгістраваны ўладальнік шасці кампаній у «сетцы Зімянкова», і два яго сыны — Станіслаў Вальфовіч і Арыэль Вальфовіч.
Паводле інфармацыі Мінфіна ЗША, Ігар Зімянкоў падтрымаў «беларускі ваенна-прамысловы комплекс, спрыяючы продажам беларускага абароннага прадпрыемства ДВТУП „Белспецзнештэхніка“, у дачыненні да якога раней ЗША ўвялі санкцыі, у Лацінскай Амерыцы».
Таксама згадваецца бізнесовец Аляксандр Зайцаў, супраць якога, зноў жа, уведзеныя санкцыі ЗША. Яго называюць «дзелавым партнёрам» удзельніка «сеткі Зімянкова» Марка Блатса.
Дзякуем калегам з «Еўрарадыё», якія звярнулі ўвагу на паведамленне Мінфіна ЗША.