Аляксандр Лукашэнка хоча нармальных адносін з Захадам, але пры адной умове — каб замежныя палітыкі «не лезлі ў яго агарод». Пра гэта ён заявіў на сустрэчы з журналістамі 16 лютага.
Аляксандр Лукашэнка сказаў, што яго не хвалюе, кім яго лічаць на Захадзе.
— Тое, што вы на Захадзе думаеце, што тут дыктатура, — гэта мне ў плюс. Хутка вы самі паклічаце дыктатуру. Яна ў вас ёсць, толькі несправядлівая, скрыўленая, тупая-тупая. Вы ад яе ніколі не адыходзілі: ні ў Амерыцы… А на Захадзе поўная расхлябанасць: там ні дыктатуры, ні дэмакратыі — нічога няма, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Мы ў Беларусі прымаем рашэнні па тых ці іншых пытаннях і вырашаем тыя ці іншыя задачы. Так, даводзіцца мне або ўмешвацца, або прымаць большасць рашэнняў. Калі вы лічыце гэта дыктатурай, бог з вамі. Гэта не дыктатура. Ніякай дыктатуры тут няма.
Ён падкрэсліў, што хоча нармальных адносін з заходнімі краінамі.
— Умова з майго боку адна: не лезьце ў наш агарод. Мы як-небудзь тут самі будзем разбірацца. Вы нам дапамагайце. Тады і палітвязняў не будзе, і іншых праблем у нас не будзе. Вы іх ствараеце. Вы хацелі ў 2020 годзе перавярнуць краіну — мы вам не дазволілі, і я ў тым ліку. Таму не перашкаджайце нам жыць, а мы будзем для вас добрымі партнёрамі. Мы гатовыя зрабіць усё, што не супярэчыць нашым інтарэсам і інтарэсам нашых саюзнікаў. Калі вы не будзеце нас гнуць праз калена, мы хутка дамовімся, — падкрэсліў Лукашэнка.
Нагадаем, паводле звестак праваабарончага цэнтра «Вясна» на 16 лютага, у Беларусі палітвязнямі прызнаныя 1433 чалавекі. Пры гэтым сам Лукашэнка лічыць, што такіх у краіне няма.
10 студзеня сваякі цяперашніх палітзняволеных і былыя палітвязні апублікавалі адкрыты зварот да палітыкаў і грамадства, дзе заклікалі рабіць больш рашучыя захады для вызвалення палітычных вязняў беларускіх турмаў.