Дэпутаты парламента ў сераду, 15 сакавіка, у першым чытанні зацвердзілі законапраект, якім хочуць унесці змены ў банкаўскую сферу. Дакумент прадугледжвае ўвядзенне новага штрафу для банкаў, пашырэнне паўнамоцтваў Аляксандра Лукашэнкі па грашова-крэдытнай палітыцы краіны, а таксама некаторыя змены для насельніцтва па крэдытах.
Дэпутаты зацвердзілі ў першым чытанні праект закона «Аб змяненні законаў па пытаннях банкаўскай дзейнасці». Пра змены ў банкаўскай сферы 7 сакавіка заявіў кіраўнік Нацбанка Павел Калаўр на нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі. Тады адзначалася, што сярод іншага для банкаў могуць увесці новы штраф. Пры гэтым для фінустановаў хочуць прадугледзець абмежаванні камісіі па праблемных крэдытах насельніцтва.
Больш правоў Лукашэнку, а Нацбанку і ўраду — менш
У сераду, 15 сакавіка, у парламенце агучылі новыя дэталі магчымых зменаў. Чыноўнікі хочуць прапісаць, што мэтавыя паказчыкі грашова-крэдытнай палітыкі будзе зацвярджаць чалавек, які займае пазіцыю прэзідэнта краіны, а сам дакумент — пашыраны і дэталізаваны — Нацбанк ва ўзаемадзеянні з урадам. «Гэта дасць магчымасць павысіць гнуткасць і адаптыўнасць грашова-крэдытнай палітыкі да розных вонкавых фактараў», — заяўляюць у парламенце.
Цяпер грашова-крэдытную палітыку краіны (а гэта ў тым ліку планы па інфляцыі, стаўцы рэфінансавання, золатавалютных рэзервах) штогод зацвярджае чалавек, які займае пазіцыю прэзідэнта, па прадстаўленні Нацбанка і ўрада.
Чыноўнікі хочуць прапісаць, што «асноўныя напрамкі грашова-крэдытнай палітыкі Беларусі, распрацоўка якіх ажыццяўляецца ў адпаведнасці з мэтавымі паказчыкамі такой палітыкі, зацвярджаюцца прэзідэнтам». То-бок прапануецца перавярнуць цяперашнюю схему і зрабіць так, каб чыноўнікі вярсталі планы на наступны год па шаблоне, які ім дасць той, хто займае пазіцыю прэзідэнта.
Які збор могуць увесці для банкаў
7 сакавіка кіраўнік Нацбанка таксама анансаваў, што для банкаў хочуць увесці новы штраф за парушэнні. «Прапануецца ўвесці дадатковую меру нагляднага рэагавання ў выглядзе спагнання з банка грашовых сродкаў у рэспубліканскі бюджэт у памеры да 1% ад памеру нарматыўнага капіталу. Аналагічная норма ёсць і ў Расіі, яе замацаванне ў банкаўскім кодэксе Беларусі адпавядае працэсам гарманізацыі нацыянальных заканадаўстваў», — тлумачыў Павел Калаўр.
Ён удакладняў, што штраф хочуць прымяняць «у выпадку стварэння становішча, якое пагражае бяспечнаму функцыянаванню банка, інтарэсам яго ўкладчыкаў і іншых крэдытораў, стабільнасці банкаўскай сістэмы». Таксама гэтае пакаранне збіраюцца ўвесці за легалізацыю фінустановамі даходаў кліентаў, якія атрыманыя злачынным шляхам.
15 сакавіка дэпутаты паведамілі, што гэтую норму пакінулі ў законапраекце, яна «адпавядае працэсам гарманізацыі нацыянальных заканадаўстваў (Беларусі і Расіі. — Заўв. рэд.)».
Якія змены хочуць прыняць па крэдытах для насельніцтва
Чыноўнікі могуць увесці забарону на прапісванне ў крэдытных дамовах павышаных працэнтных ставак, а таксама абмежаваць штрафы банкаў па праблемных пазыках.
«Устанаўліваецца пералік выпадкаў, пры якіх банк мае права патрабаваць датэрміновага вяртання крэдыту, акрэсліваецца разумны тэрмін для датэрміновага вяртання крэдыту — не раней за тры месяцы з дня паведамлення фізічнай асобе, — паведамілі ў парламенце. — Дадзеная норма мае сацыяльную скіраванасць, а яе рэалізацыя дазволіць узмацніць прававую абароненасць спажыўцоў фінансавых паслуг».
Законапраектам таксама прапануецца даць Нацбанку права абмяжоўваць ліцэнзійныя паўнамоцтвы банка пры неаднаразовым парушэнні патрабаванняў па перадухіленні легалізацыі даходаў, атрыманых злачынным шляхам.
Цяпер законапраект павінныя ў другім чытанні зацвердзіць дэпутаты, накіраваць яго ў Савет Рэспублікі, пасля чаго ён павінен трапіць на падпісанне да Аляксандра Лукашэнкі (калі пройдзе папярэднія этапы).