Сейм прыняў абмежавальныя меры ў дачыненні да грамадзян Беларусі і Расіі за садзейнічанне гэтымі краінамі расійскай агрэсіі супраць Украіны. За прагаласавалі 76 дэпутатаў Сейма, супраць — 13, устрымаліся 34 дэпутаты, піша BNS. Каротка расказваем, як ён закране беларусаў.
Што зменіцца для беларусаў?
- Прадугледжваюцца абмежаванні, звязаныя з наданнем статусу электроннага рэзідэнта, — пасля прыняцця паправак да закона будзе ануляванае дзеянне электроннай ідэнтыфікацыі і электроннага подпісу грамадзян Беларусі. Выключэнні будуць дзейнічаць толькі ў дачыненні да асобаў, якія маюць пастаянны від на жыхарства ў Літве.
- Таксама ўводзяцца абмежавальныя меры для беларусаў на ўвоз і вываз украінскіх грыўняў з Літвы.
- Прыём заяваў на атрыманне візы прыпыняецца, за выключэннем выпадкаў, калі падача заявы ажыццяўляецца пры пасярэдніцтве Міністэрства замежных справаў Літвы.
Што для беларусаў не зменіцца?
- Беларусы па-ранейшаму змогуць атрымліваць від на жыхарства ў Літве.
- Беларусы па-ранейшаму змогуць набываць нерухомасць у Літве.
Плануецца, што закон уступіць у сілу 3 траўня 2023 года і будзе дзейнічаць да 2 траўня 2024 года — калі прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа не накладзе вета на закон, прыняты ў такім выглядзе.