Праз санкцыі на «Полацк-Шкловалакно» на 40% упала рэалізацыя прадукцыі, на складах ляжыць яе трохмесячны запас. У выніку пазычанасць па крэдытах павялічылася, для работнікаў скарачаюць працоўныя гадзіны і выплату прэмій. Гэта вынікае з выступлення гендырэктара прадпрыемства Іллі Ікана перад работнікамі.
Гендырэктар Ілля Ікан расказаў, што раней «Полацк-Шкловалакно» каля 90% прадукцыі экспартаваў на рынкі Еўропы, Украіны, Карэі, Японіі і іншых краін. Высокамаржынальныя прадукты прыносілі асноўны даход, гэта дазваляла прадпрыемству развівацца, акупляць дзейнасць, пры гэтым была мінімальная крэдытная пазычанасць, а работнікі атрымлівалі годную заработную плату.
Аднак праз санкцыі ў дачыненні да Беларусі з другога паўгоддзя мінулага года з’явіліся праблемы з рэалізацыяй прадукцыі ў Еўропу і далёкае замежжа. Таксама ёсць цяжкасці з праходжаннем плацяжоў, адбыліся адток кліентаў і адмова буйных контрагентаў ад сваіх абавязанняў, некаторыя рынкі для завода цалкам закрыліся. Праўда, у 2022 годзе завод значна павялічыў пастаўкі прадукцыі ў Расію, але сёння нарастае суперніцтва на рынках РФ і КНР.
Паводле Ікана, фінансава-эканамічная сітуацыя на «Полацк-Шкловалакно» застаецца нестабільнай, і кіраўніцтва імкнецца яе выраўнаваць. Для гэтага заводу трэба падвоіць продажы на беларускім рынку, але для канкурэнтаздольнасці сабекошт прадукцыі завода трэба зніжаць.
Цяпер рэалізацыя гатовай прадукцыі ўпала на 40% (у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года), на складах сабраўся трохмесячны аб’ём вытворчасці, а пазычанасць па крэдытах павялічылася прапарцыйна гэтым аб’ёмам.
У канцы сакавіка завод спыніў на рэканструкцыю шклаварную печ, тэрміны яе мадэрнізацыі працягнулі. З гэтай прычыны для 255 работнікаў з 15 траўня да 31 жніўня ўстанавілі перыяд прастою з аплатай працы ў памеры 1,5 тарыфнай стаўкі. Яшчэ для 835 работнікаў, якія працавалі пяць дзён на тыдзень, з 5 чэрвеня да 3 верасня зрабілі няпоўны, чатырохдзённы, працоўны тыдзень. Як запэўнівае гендырэктар, усе ўмовы калектыўнай дамовы з работнікамі дзейнічаюць, запланаваныя выплаты да Дня хіміка. Калі рэшткі прадукцыі на складах зменшацца, кіраўніцтва вернецца да пытання пра аднаўленне выплаты прэмій.
У 2020 годзе на прадпрыемстве адзначалі, што колькасць работнікаў складае каля 4 тыс. чалавек. У 2020-м завод ужо пераводзіў супрацоўнікаў на няпоўную занятасць.