Следчы камітэт РФ стварыў у Беларусі вайсковы следчы аддзел з дыслакацыяй на тэрыторыі рэспублікі. Пра гэта ТАСС паведамілі ў ведамстве.
«У сувязі з размяшчэннем падраздзяленняў Мінабароны Расіі ў Рэспубліцы Беларусь створаны вайсковы следчы аддзел СК Расіі з дыслакацыяй на названай тэрыторыі», — гаворыцца ў паведамленні.
Нагадаем, Аляксандр Лукашэнка 10 кастрычніка 2022 года правёў нараду з сілавым блокам. Ён заявіў, што дамовіўся з Расіяй разгарнуць рэгіянальную групоўку войскаў. Паводле ягоных словаў, у Беларусь прыедзе «не адна тысяча» расійскіх вайскоўцаў, ён даручыў іх «прыняць і размясціць». Планавалася, што агульная колькасць расійскага складніка групоўкі складзе да 9 тыс. чалавек вайскоўцаў, каля 170 танкаў, да 200 ББМ і да 100 гармат і мінамётаў калібрам больш за 100 мм.
На думку дзяржсакратара Савета бяспекі Беларусі Аляксандра Вальфовіча, разгортванне сумеснай з Расіяй групоўкі войскаў — «элемент стратэгічнага стрымлівання», які «мусіць астудзіць гарачыя галовы на Захадзе».
Колькі па факце цяпер у Беларусі знаходзіцца расійскіх вайскоўцаў і тэхнікі — невядома, гэтыя звесткі не паведамляюцца.