Польшча хоча ўмяшацца ў канфлікт ва Украіне, каб забраць сабе кавалак украінскай тэрыторыі. Мараць палякі і пра беларускія землі. Пра гэта заявіў прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін на нарадзе з чальцамі Савета бяспекі.
Уладзімір Пуцін заявіў, што «агонь вайны"в, а Украіне «ўзмоцнена распальваецца» элітамі ЗША, якім «выгаднае бясконцае зацягванне ўкраінскага канфлікту», а для гэтага яны выкарыстоўваюць «амбіцыі лідараў некаторых усходнееўрапейскіх дзяржаваў», у прыватнасці, Літвы і Польшчы.
Пуцін спаслаўся на «паведамленні ў прэсе пра планы стварэння нейкага так званага польска-літоўска-ўкраінскага злучэння», заявіўшы, што гэта будзе вайсковае злучэнне, якое плануецца выкарыстоўваць для забяспечання бяспекі Заходняй Украіны, «а па сутнасці, калі называць рэчы сваімі імёнамі, для наступнай акупацыі гэтых тэрыторый».
— Што да польскіх лідараў, то, імаверна, яны разлічваюць пад «натаўскім парасонам» сфармаваць нейкую кааліцыю і наўпрост умяшацца ў канфлікт ва Украіне, каб потым «адарваць» сабе тлусцейшы кавалак, вярнуць сабе, як яны лічаць, свае гістарычныя тэрыторыі — сённяшнюю Заходнюю Украіну. Добра вядома, што мараць яны і пра беларускія землі, — заявіў Пуцін.
Паводле яго, у рашэнні ўкраінскага кіраўніцтва Расія ўмешвацца не будзе («Хочуць нешта здаць, прадаць — гэта, паўтару, урэшце, іх справа»).
— Але што да Беларусі, то гэта частка Саюзнай дзяржавы, развязванне агрэсіі супраць Беларусі будзе азначаць агрэсію супраць Расійскай Федэрацыі. На гэта мы будзем адказваць усімі наяўнымі ў нас сродкамі, — прыгразіў Пуцін і заявіў, што «аўтарам такіх планаў варта задумацца пра наступствы».
Нагадаем, раней падобнымі выказваннямі адзначыўся Аляксандр Лукашэнка.
Праўда, як вынікае з заяваў Лукашэнкі, спачатку намеры Польшчы былі сціплейшыя. Так, у жніўні 2020 года на фоне масавых акцый пратэсту праз фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў Лукашэнка казаў, што пратэстоўцаў каардынуе спецыяльна створаны цэнтр пад Варшавай. Ён таксама заяўляў, што «калі Беларусь распадзецца, то Гродзенская вобласць адыдзе Польшчы. Яны пра гэта ўжо ў адкрытую кажуць, спяць і бачаць».
Польскае МЗС назвала такія абвінавачванні неабгрунтаванымі, ведамства выклікала беларускага амбасадара, якому заявілі, што ў Польшчы «здзіўленыя, расчараваныя і заклапочаныя» такімі выказваннямі Лукашэнкі.
З пачаткам вайны ва Украіне Лукашэнка пачаў казаць, што Польшча ўжо хоча «цалкам праглынуць Беларусь» і «адхапіць частку Украіны». Ён таксама заяўляў, што для Беларусі і Расіі абсалютна непрымальная магчымасць захопу заходніх тэрыторый Украіны «з боку Польшчы ці іншых краін Захаду», і ў гэтым пытанні ў яго з Пуціным поўнае паразуменне.
Нагадаем, у канцы чэрвеня ўлады Польшчы заявілі, што ўзмоцняць ахову мяжы з Беларуссю і ўмацуюць абарону з прычыны перамяшчэння ў нашую краіну ПВК Вагнера.
«Мы маем патэнцыйна новую сітуацыю ў Беларусі праз прысутнасць там групы Вагнера. Паводле звестак, якія мы маем на гэты момант, можна меркаваць, што гэта будзе каля 8 тысяч байцоў», — сказаў віцэ-прэм'ер Польшчы Яраслаў Качыньскі.
Качыньскі адзначыў, што гэта можа быць патэнцыйна небяспечна для Украіны, для Літвы і для Польшчы.
18 ліпеня стала вядома, што Польшча перакінула да мяжы з Беларуссю дзве вайсковыя брыгады.