Аляксандр Лукашэнка 9 красавіка прызнаў «павальны дэфіцыт кадраў» на заводах. Сапраўды, на некаторых прадпрыемствах не хапае па некалькі тысяч супрацоўнікаў, прычым для асобных вакансій прапануюць нядрэнныя заробкі. Відавочна, уплываюць у тым ліку міграцыя насельніцтва і звальненні работнікаў за палітыку. Але ці можна сёння ўладкавацца на завод, маючы пратэсную «адміністратыўку»? Карэспандэнтка «Люстэрка» як беларуска, што шукае працу для свайго сына, абтэлефанавала некалькі заводаў, спрабуючы ўладкаваць сваё дзіця з такім мінулым.
Мінскі трактарны завод абвясціў пра набор супрацоўнікаў на 2221 вакансію. Самая дэфіцытная і нядрэнна аплачваная (заробак 2500 рублёў) — наладчык, іх патрабуецца 45 чалавек, прычым могуць працаўладкаваць чалавека, у якога ёсць толькі сярэдняя адукацыя.
— Такія наладчыкі нам патрэбныя. Калі сын яшчэ працуе, але хоча звольніцца, то ён ужо можа да нас прыехаць з дакументамі — копіяй працоўнай, пашпартам, вайсковым білетам, дыпломам. Сходзіць на сумоўе, — адказалі ў аддзеле кадраў МТЗ.
Але як толькі супрацоўніца пачула, што патэнцыйны работнік адбываў адміністрацыйны арышт «па палітычных пытаннях», то выявілася, што на працу яго не прымуць, нават калі пагаварыць з кім-небудзь, хто вырашае гэтыя пытанні.
— Вы, вядома, можаце паспрабаваць і пагаварыць, але наўрад ці гэта дапаможа, толькі час страціце. Хутчэй за ўсё, адмовяць.
Заводу «Белшына» патрэбныя 52 мантавальнікі пакрышак, заработную плату ім абяцаюць 1600−2060 рублёў. У аддзеле кадраў прадпрыемства паведамілі, што гатовыя прыняць чалавека без досведу, але заробак будзе меншы. Пры павышэнні майстэрства і выпрацоўкі заробак супрацоўніка будзе расці. А вось ці прымуць на працу чалавека, які сядзеў «суткі» па палітычнай «адміністратыўцы», жанчына адказаць не змагла.
— Я ж не генеральны дырэктар, рашэнняў не прымаю. Спярша дакументы патэнцыйнага супрацоўніка разглядаюцца, потым яму паведамляюць, падыходзіць ён ці не. Але тут як у банку, калі вы бераце крэдыт: калі вам адмаўляюць, то пра прычыну гэтага рашэння вам ніколі не паведамляюць, — адказала кадравік.
Мінскаму маторнаму заводу патрэбныя 239 супрацоўнікаў, у тым ліку наладчыкі станкоў і маніпулятараў з праграмным кіраваннем шостага разраду, іх патрабуецца сем чалавек. Заробак нядрэнны — 3000 рублёў. Аднак і гэтае прадпрыемства не прыме прэтэндэнта з «адміністратыўкай» за палітыку.
— Не прапусціць служба бяспекі, можна нават не спрабаваць, — адказалі на заводзе.
Мінскі падшыпнікавы завод мае патрэбу ў 600 супрацоўніках. Вельмі не хапае тутаператараў станкоў з праграмным кіраваннем — ёсць 26 вакансій, прычым гатовыя браць людзей і без прафесійнай адукацыі. Заробак рабочаму абяцаюць 2600−3000 рублёў. У аддзеле кадраў паведамілі, што калі нават прэтэндэнт без досведу, то ён можа прынесці дакументы на завод. Толькі вось чалавеку, які адбыў палітычную «адміністратыўку», нічога не свеціць — на працу яго не возьмуць. Не ўратуе, калі падчас спробы працаўладкавацца змаўчаць пра адбытае пакаранні, размовы з начальствам таксама не дапамогуць.
— У нас ёсць намеснік дырэктара па бяспецы, рэжыме і кадрах, ён будзе правяраць патэнцыйнага работніка. Ён правярае ўсіх людзей па базах. Пагаварыць з начальнікам? Не, гэтае пытанне так не вырашаецца, — адказалі ў кадравай службе.
Завод «Атлант» абвясціў пра 519 вакансій. Аднак і да гэтага вытворцы можна ўладкавацца толькі без палітычнага мінулага.
— Не, нават не спрабуйце ўладкавацца на любое дзяржпрадпрыемства — не возьмуць. Шукайце працу ў прыватнай кампаніі, — параілі на заводзе.
Завод МАЗ размясціў інфармацыю пра 2588 вакансій. Больш за ўсё прадпрыемства гатовае плаціць работнікам гарачых цэхаў. Напрыклад, сталяварам абяцаюць заробак 2700−3330 рублёў.
— Але ў нас працэдура ўзгаднення работніка. Спачатку прэтэндэнт піша заяву, пакідае копію працоўнай кніжкі. Мы запытваем характарыстыку з апошняга месца працы. Толькі пасля гэтага, калі заява на працаўладкаванне ўзгодненая, ваш сын пойдзе ў цэх, — расказалі пра працэс уладкавання на МАЗ у аддзеле кадраў.
Жанчына не змагла адказаць наўпрост пра тое, ці прымуць на працу прэтэндэнта, які адседзеў «суткі» за палітыку, маўляў, гэта вырашаюць не кадравікі. Але супрацоўніца дапусціла, што калі з мінулага месца папрасілі звольніцца праз адседку, то характарыстыка яму будзе «адпаведная».
— Шукайце працу там, дзе не просяць характарыстыкі. Усім дзяржаўным прадпрыемствам яна патрэбная.
Таксама «Люстэрка» датэлефанавалася да Алега Собаля, намесніка дырэктара па кадрах, бяспецы і рэжыме — начальніка дэпартамента кіравання персаналам завода МАЗ. У тым ліку і ад яго рашэння залежыць, ці прымуць на працу таго ці іншага чалавека.
— Няхай прыйдзе ваш сын да мяне, мы з ім пагутарым, даведаемся яго прафесійныя здольнасці і прымем па іх рашэнне. Мы ж не кажам, што мы не бяром яго. Але я не ведаю, адкуль у вас інфармацыя, што людзей прабіваюць па нейкіх базах, вы, напэўна, фільмаў дэтэктыўных наглядзеліся, — адказаў Алег Собаль.
«Люстэрка» паказвае рэальную абстаноўку ў Беларусі — у тым ліку абсурдныя і нелагічныя забароны. Мы лічым, што несправядлівасць нельга пакідаць незаўважанай, інакш яна стане нормай.
Дапамажыце «Люстэрку» далей гаварыць пра важнае
Станьце патронам «Люстэрка» — журналісцкага праекта, якому вы дапамагаеце заставацца незалежным. Ахвяраваць любую суму можна хутка і бяспечна праз сэрвіс Donorbox.
Усё пра бяспеку і адказы на іншыя пытанні вы можаце даведацца па спасылцы.