Пасля скандалу з рассылкай у чат-боце плана «Перамога» кіраўніку BYPOL Аляксандру Азараву, які балатаваўся ў Каардынацыйную раду (КР) у спісе «Закон і правапарадак», прапанавалі заявіць самаадвод. У адваротным выпадку выбарчая камісія абяцала адхіліць ад выбараў увесь блок. Аднак паплечнікі Азарава заявілі пра сваю падтрымку Азарава і папрасілі пакінуць яго ў спісе. У выніку камісія прыняла рашэнне зняць увесь спіс «Закон і правапарадак» з выбараў у КР.
Напярэдадні, 23 траўня, адбылося паседжанне камісіі па выбарах у Каардынацыйную раду, на якім абмеркавалі сітуацыю вакол агітацыйнай рассылкі за Аляксандра Азарава праз тэлеграм-бот плана «Перамога».
Кіраўнік аб’яднання былых сілавікоў BYPOL балатаваўся ў Каардынацыйную раду ў складзе спісу № 5 «Закон і правапарадак», аднак праз скандал з рассылкай выбарчая камісія прапанавала Азараву зняць сваю кандыдатуру з выбараў — у адваротным выпадку паабяцала адхіліць увесь яго спіс. Прыняць рашэнне было неабходна да дзевяці гадзін раніцы 24 траўня.
Яшчэ да заканчэння дэдлайну спіс «Закон і правапарадак» апублікаваў адказ на гэтую прапанову.
«Каманда „Закон і правапарадак“ правяла нараду і большасцю галасоў прыняла рашэнне падтрымаць Аляксандра Азарава і пакінуць яго ў спісе», — гаворыцца ў публікацыі.
Удзельнікі спісу заявілі, што «рашэнне камісіі па сваім змесце ёсць ультыматумам, выстаўленым лідару выбарчага спісу», і такі ультыматум «ставіць у залежнасць ад рашэння лідара выбарчага спісу рэалізацыю права і магчымасці астатніх удзельнікаў спісу быць абранымі, што відавочна не адпавядае стандартам дэмакратычных выбараў».
Там лічаць, што патрабаванне камісіі да Азарава пра самаадвод «было прынятае на эмоцыях у адпаведнасці з асабістым меркаваннем і прэтэнзіямі» да кіраўніка BYPOL.
«Каманда „Закон і правапарадак“ заклікае камісію адкінуць эмоцыі і прыняць рашэнне ў адпаведнасці з акрэсленымі правіламі пра працяг выбарчай кампаніі спісу № 5», — гаворыцца ў звароце.
Тым не менш выбарчая камісія большасцю галасоў прыняла рашэнне зняць увесь спіс, уключаючы Азарава, з выбараў у Каардынацыйную раду. Яно можа быць абскарджанае цягам 48 гадзін.
Нагадаем, у ноч з 21 на 22 траўня зарэгістраваныя ў плане «Перамога» людзі атрымалі паведамленні з заклікам удзельнічаць у выбарах новага складу Каардынацыйнай рады і галасаваць за спіс «Закон і правапарадак», узначалены кіраўніком BYPOL Аляксандрам Азаравым. У каментары «Белсату» ён пацвердзіў, што рассылку сапраўды ініцыяваў BYPOL.
Сілавікі ўжо заявілі, што затрымалі некалькі чалавек, як сцвярджаецца, праз рассылку ў чат-боце.
У сераду, 22 траўня, кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета Святлана Ціханоўская паведаміла «Люстэрку», што пасля таго, што здарылася, Аляксандр Азараў пазбаўлены доступу да плана «Перамога».
Выбары ў Каардынацыйную раду трэцяга склікання пройдуць у выходныя. Галасаванне пачнецца ў суботу, 25 траўня, і працягнецца да 27 траўня 2024 года. Ужо з’явілася спецыяльная мабільная праграма для выбараў. Яна будзе даступная толькі за мяжой.
Чытайце таксама