Міністрам замежных справаў прызначаны Максім Рыжанкоў. Такое рашэнне прыняў Аляксандр Лукашэнка, паведамляе яго прэс-служба.
27 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка зняў з пасады міністра замежных справаў Сяргея Алейніка, які заняў гэтую пасаду пасля смерці папярэдняга кіраўніка МЗС Уладзіміра Макея.
Новым кіраўніком МЗС Беларусі стаў Максім Рыжанкоў.
Дагэтуль ён займаў пасаду першага намесніка кіраўніка адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі.
Максіму Рыжанкову днямі споўнілася 52 гады. Выпускнік юрфака БДУ пасля заканчэння ВНУ паехаў працаваць у цэнтральны апарат МЗС Беларусі, потым працаваў у амбасадзе Беларусі ў Ізраілі. Пасля яго прызначылі начальнікам аддзела АБСЕ і Рады Еўропы МЗС Беларусі, потым — дарадцам-пасланнікам амбасады Беларусі ў Польшчы. Дыпламатычную кар’еру ён завяршыў у 2006 годзе на пасадзе «начальніка ўпраўлення Амерыкі МЗС Беларусі».
Пасля гэтага ён шэсць гадоў прапрацаваў начальнікам упраўлення замежнай палітыкі адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі, яшчэ чатыры гады быў яго памочнікам па пытаннях фізкультуры, спорту і развіцця турызму. У 2015−2017 быў першым віцэ-прэзідэнтам НАК Беларусі.