Аляксандр Лукашэнка 2 верасня праводзіць сустрэчу са студэнтамі ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце — яго выступ праходзіць па прынцыпе «адкрытага мікрафона». Сярод іншага палітык заявіў, што Беларусь павінная ў паскораным фармаце правесці новую навукова-тэхнічную рэвалюцыю, паведамляе яго прэс-служба.
У самым пачатку сустрэчы Лукашэнка заявіў, што ў яго «наспела тэма для сур’ёзнай размовы» са студэнтамі. Ён назваў моладзь «пакаленнем, якому трэба будзе працягнуць гістарычны шлях Беларусі ў свеце, што змяняецца з шалёнай хуткасцю».
Адной з такіх тэмаў для палітыка стала патрабаванне «ў паскораным фармаце» правесці ў Беларусі новую навукова-тэхнічную рэвалюцыю, «пакуль нас не ўцягнулі ў ваеннае супрацьстаянне».
— Толькі ў такіх умовах з’явіцца шанец захавацца як дзяржава і не дапусціць вялікай вайны на нашай зямлі. Гэта суровая праўда жыцця. Я хачу, каб вы разумелі ўсю сур’ёзнасць гістарычнага моманту. Паколькі заўтра вам працаваць на вытворчасці ці ў лабараторыі, рухаць наперад навуковую думку. Мы разлічваем на вас. Разлічваем, што вы будзеце гатовыя прыкласці каласальныя намаганні для дасягнення пастаўленай перад дзяржавай мэты, — заявіў Лукашэнка.
Паводле яго, «на ўчорашнія інавацыі сёння мы глядзім як на музейны экспанат»:
— Гаворка не толькі ппа навуку, тэхналогіях, рэальны сектар эканомікі. Гэта датычыць і сацыяльнай сферы, і адносін паміж намі. Але праблема не ў хуткасці. А краіны і народы ўцягнутыя ў гонку за валоданне тэхналогіямі. Нічога новага. Усё нібыта па-старому, з нюансамі, — лічыць Лукашэнка.
Нагадаем, пра навуку палітык разважаў і раней — у прыватнасці, у канцы ліпеня ён раскрытыкаваў Акадэмію навук за памылкі «там, дзе іх быць не мусіць».
— Навуцы мы аддаём усе прыярытэты, без яе развіццё немагчымае. Але апошнім часам я бачу, што Акадэмія навук дапускала сур’ёзныя пралікі. Гэта таксама бывае. Навука такая рэч, калі даводзіцца ісці непракладзенымі шляхамі, калі трэба асвойваць сур’ёзныя праблемы, браць вяршыні. Таму, натуральна, памылкі магчымыя. Але, што мяне насцярожыла, што памылкі дапускаліся Акадэміяй навук там, дзе іх быць не мусіць, дзе мы ўжо сяму-таму навучыліся: у жывёлагадоўлі, у раслінаводстве, — заяўляў Лукашэнка.
Тады ж ён сцвярджаў, што навуковец «мусіць быць самым актыўным правадніком дзяржаўнай пазіцыі».
Чытайце таксама