У 93% беларусаў няма шэнгенскай візы, а «людзьмі Захаду» сябе лічыць не так шмат нашых суайчыннікаў. Пра гэта расказалі сацыёлагі праекта Chatham House у сваім новым даследаванні «Беларускае ўспрыманне Захаду і сувязі з ім». Што яшчэ яны даведаліся? Сабралі самае цікавае.
Даследаванне праводзілася з 28 чэрвеня да 3 ліпеня 2024 года, у ім удзельнічала 827 рэспандэнтаў. Выбарка адпавядае структуры гарадскога насельніцтва Беларусі, але праз анлайн-апытанне яна была абмежаваная да карыстальнікаў інтэрнэту. Статыстычная хібнасць не перавышае 3,4%.
Амаль у траціны апытаных родныя жывуць у Расіі
Каб прааналізаваць, як асабістыя сувязі з краінамі ЕС уплываюць на ўспрыманне заходніх краін, даследчыкі падзялілі беларусаў на тры сегменты:
- самыя блізкія да Еўропы часта наведваюць еўрапейскія краіны і маюць там больш знаёмых, чым іншыя, — 22%;
- умерана блізкія таксама наведваюць краіны Еўропы і маюць там знаёмых, але значна радзей — 40%;
- найменш блізкія практычна не ездзяць у еўрапейскія краіны і не хочуць гэтага, маюць там значна менш знаёмых — 39%.
За апошнія пяць гадоў толькі 22% апытаных ездзілі ў краіны ЕС. Пры гэтым дзейная віза ёсць толькі ў 7% рэспандэнтаў, яшчэ столькі ж плануюць зрабіць яе ў найбліжэйшыя паўгода. 22% хацелі б зрабіць візу, але лічаць, што цяпер гэта занадта складана, а 48% нават не плануюць. Заканамерна, што «самыя блізкія» часцей мелі візу або збіраліся рабіць новую (38%), у той час як сярод найменш блізкіх гэта толькі 3%.
Большая частка з тых, хто выязджаў у ЕС (71%), назвала мэтай сваіх паездак турызм. 20% з іх рабілі гэта ў тым ліку дзеля шопінгу, а яшчэ 37% наведвалі сваякоў ці сяброў.
Дарэчы, сваякі і сябры за мяжой у большасці апытаных жывуць у Расіі (пра гэта заявілі 28 і 51% удзельнікаў), на другім месцы — Польшча (13 і 31%), на трэцім — Украіна (14 і 26%). Зусім няма сваякоў за мяжой у 53% рэспандэнтаў, сяброў — у 29%.
Пры гэтым большасць беларусаў хацела б наведаць заходнія краіны. Многія адзначаюць не толькі турыстычныя, але і адукацыйныя, а таксама працоўныя мэты.
Толькі 4% могуць свабодна размаўляць на англійскай
Паводле апытання, рэспандэнты хутчэй не лічаць сябе людзьмі заходняй культуры. Удзельнікаў даследавання папрасілі ацаніць гэтае адчуванне па шкале ад 0 да 10, і сярэдні паказчык склаў 3,5.
Пры гэтым большасць не ставіцца да заходняй культуры негатыўна. З тым, што яна адмоўна ўплывае на нашую рэчаіснасць, не згодныя 42%. Падзяляюць гэтае перакананне 25% апытаных. Для параўнання, у Расіі культуру Захаду не прымае каля паловы насельніцтва.
Для ацэнкі культурнай сувязі з краінамі ЕС даследчыкі папрасілі рэспандэнтаў ацаніць свае веды замежных моваў. Паказчыкі аказаліся даволі нізкімі: толькі 4% могуць свабодна размаўляць на англійскай, яшчэ 12% могуць падтрымаць гутарку на бытавыя тэмы.
Большая частка апытаных маглі б зразумець сэнс асобных сказаў ці агульную тэму, але не больш (такіх 37%), або наўрад ці зразумеюць хоць нешта (31%). Амаль такая ж карціна з польскай мовай. А вось украінскую разумеюць 38%, падтрымаць гутарку ці свабодна размаўляць могуць 30%. Наўрад ці зразумеюць хоць нешта толькі 13%.
З астатнімі еўрапейскімі мовамі сітуацыя нашмат горшая. Нямецкай, літоўскай, французскай і іспанскай не ведаюць ад 72 да 91% рэспандэнтаў.
— Дыстанцыяванасць беларусаў ад заходняй культуры можа быць часткова звязаная з нізкім валоданнем замежнымі мовамі, — робяць выснову аўтары даследавання.
Сацыёлагі таксама спыталі ва ўдзельнікаў апытання пра дзве значныя для Еўропы падзеі: чэмпіянат Еўропы па футболе і «Еўрабачанне». Аказалася, што, нягледзячы на слабую самаідэнтыфікацыю з заходняй культурай, большасць (60%) цікавяцца чэмпіянатам Еўропы па футболе. Такі адказ часцей давалі тыя, у каго больш асабістых сувязяў з краінамі ЕС. Ёсць і гендарны разрыў: мужчыны значна часцей за жанчын цікавяцца чэмпіянатам (74 і 48%).
Да «Еўрабачання» цікавасць меншая. Толькі 7% глядзелі трансляцыю, яшчэ 20% слухалі ці бачылі нумары некаторых удзельнікаў. Многія ведаюць пра гэтую падзею толькі з навінаў (25%), амаль палова наогул нічога не чула.
Гендарны расклад тут супрацьлеглы чэмпіянату Еўропы: мужчыны трохі радзей, чым жанчыны, глядзелі «Еўрабачанне» (15 супраць 24%), аднак часцей ведалі пра падзею з навінаў (31 супраць 21%). Пры гэтым чым больш рэспандэнты звязаныя з Еўропай, тым мацней яны цікавіліся песенным конкурсам.
Асобна даследчыкі вывучылі меркаванні рэспандэнтаў што да гендарных праблем у Беларусі. Усяго ім прапанавалі ацаніць тры пытанні — пра аборты, магчымасць галасаваць за жанчыну на выбарах і аплату працы.
Так, сцверджанне, што аборты ў нашай краіне мусяць быць дазволеныя, пераважае ва ўсіх сегментах. Пры гэтым за апошнія два гады колькасць згодных з гэтым зменшылася. 23% апытаных выступаюць за аборты ва ўсіх выпадках і 29% — у большасці выпадкаў, у той час як у чэрвені 2022-га гэтыя лічбы былі 30 і 33%.
Таксама толькі 14% лічаць, што беларускае грамадства не саспела для галасавання за жанчыну, 51% упэўненыя, што гэта не так.
А ў пытанні аплаты працы мужчын і жанчын грамадская думка падзялілася. Цікава, што 46% лічаць, што праблема няроўнай аплаты не распаўсюджаная ў Беларусі. Не згодныя з гэтым толькі 30%. Пры гэтым, паводле апошніх звестак Белстата, за снежань 2022-га розніца складала 26,1%.
На думку паловы апытаных, жыццё ў Расіі горшае, чым у Беларусі
Разважаючы пра паспяховасць іншых краін ЕС, у большасці сфер беларусы ўспрымалі Германію больш развітай, чым ЗША, Расію, Беларусь і Польшчу. Пры гэтым ЗША і Расію ставілі вышэй за Германію ў засваенні космасу. ЗША таксама першыя ў ацэнках развіцця забаўляльнай індустрыі.
У асобным пытанні сацыёлагі папрасілі рэспандэнтаў параўнаць, наколькі паспяховыя шляхі развіцця прайшлі Беларусь і Польшча пасля распаду СССР. Як высветлілася, у цэлым апытаныя не лічаць Польшчу больш развітай, чым нашая краіна. Часцей прытрымліваюцца думкі, што Беларусь лепшая ў вытворчасці прадуктаў харчавання, сельскай гаспадарцы, асваенні космасу і іншых сферах. Польшча ж часцей лічыцца больш паспяховай, напрыклад, у сусветным гандлі, турызме, забаўляльнай індустрыі, распрацоўцы тэхналогій і свабодзе слова.
Беларусаў таксама спыталі, у якіх краінах яны б хацелі жыць, а ў якіх сітуацыя горшая, чым у нашай краіне. Як выявілася, рэспандэнтаў больш за ўсё вабіць узровень жыцця ў Скандынавіі і Усходняй Еўропе. Пазітыўныя ацэнкі апошняй звязаныя з асабістым досведам. Так, сярод тых, хто бываў там у апошнія пяць гадоў, 70% хацелі б жыць як там. А сярод тых, хто не наведваў, — 27%. Добрае ўспрыманне жыцця ў скандынаўскіх краінах абумоўленае хутчэй іх іміджам: менш чым 1% апытаных бываў у гэтым рэгіёне.
— Нягледзячы на высокія ацэнкі развітасці еўрапейскіх краін, беларусы хутчэй аддаюць перавагу жыццю як у сённяшняй Беларусі, чым як у іншых краінах. Асабліва гэта датычыць Расіі, дзе, на думку больш чым паловы беларусаў, жыццё горшае, — каментуюць аўтары даследавання.
Адзін з тэзісаў прапаганды — пра тое, што ў Еўропе «беларусаў не чакаюць». З ім згодныя 45% рэспандэнтаў. Прычым колькасць тых, хто падзяляе гэтую ідэю, прыкладна аднолькавая і сярод «самых блізкіх», і сярод «найменш блізкіх» да Еўропы.
— Беларусы лічаць Расію значна больш адкрытай для іх, чым Еўропу. Напрыклад, часцей лічаць, што там ёсць даступныя адукацыйныя і культурныя праграмы, — адзначаецца ў прэзентацыі.
34% лічаць, што варта збліжацца з Расіяй
Некалькі раздзелаў свайго даследавання сацыёлагі прысвяцілі пытанням замежнай палітыкі і санкцый. Адзначаецца, што ў цэлым беларусы выступаюць за збліжэнне з заходнімі краінамі — з гэтым згодныя 50%, супраць — толькі 14%. Гэтае меркаванне непапулярнае толькі сярод «найменш блізкіх», сярод іх за сувязь з Захадам выступае ўсяго 28%.
Але калі даць беларусам выбар паміж ЕС і Расіяй, карціна будзе крыху іншай. Так, 34% апытаных упэўненыя, што трэба збліжацца з усходняй суседкай, і толькі 13% выступаюць за збліжэнне з Еўрасаюзам. Яшчэ 35% не змаглі адказаць.
8% рэспандэнтаў лічаць, што «з пункту гледжання эканомікі Беларусі выгадней збліжацца з Еўрапейскім саюзам, але ўлічваючы агульны кантэкст, ёй варта збліжацца з Расіяй». А 10% прытрымліваюцца адваротнага пункту гледжання — эканамічна выгадней збліжацца з Расіяй, але ўлічваючы падзеі, лепш выбіраць ЕС.
— Нягледзячы на сваю адкрытасць для звычайных беларусаў і значныя фінансавыя рэсурсы, якія Расія дае ўраду Беларусі, ядро прыхільнікаў збліжэння з ёю не складае большасці ў грамадстве. Пры гэтым ядро прыхільнікаў еўраінтэграцыі вельмі малое, што можна растлумачыць не толькі напружанымі адносінамі Захаду з рэжымам Лукашэнкі, але і закрытасцю Захаду для простых беларусаў, як паказвае гэтае даследаванне, — лічаць аўтары працы.
Відавочная таксама заканамернасць паміж палітычнымі поглядамі беларусаў і тым, як яны звязаныя з краінамі ЕС.
Так, чым мацнейшыя асабістыя сувязі рэспандэнтаў, тым часцей яны прытрымліваюцца прадэмакратычных поглядаў. Сярод «самых блізкіх» такіх 34%, а сярод «найменш блізкіх» — 3%.
Больш за 60% лічыць, што санкцыі несправядлівыя ў дачыненні да іх
Што да санкцый апытаныя адназначныя: большасць згодная, што санкцыі несправядлівыя ў дачыненні да звычайных людзей. Але наконт таго, хто вінаваты, меркаванні падзяліліся.
Толькі 28% лічаць, што санкцыі ўводзяцца ў адказ на канкрэтныя дзеянні Лукашэнкі і органаў улады ў Беларусі. 38% упэўненыя, што ўсё гэта — толькі падстава, насамрэч іншыя краіны пераследуюць свае інтарэсы. Прычым чым бліжэйшыя рэспандэнты да Еўропы, тым часцей яны лічаць, што санкцыі ўводзяцца ў адказ на дзеянні рэжыму.
Большасць апытаных думае, што Еўрасаюз стаў больш закрытым для іх, чым раней. Многія адзначалі, што прайсці мяжу і атрымаць візу цяпер нашмат складаней. Не ўсе ведаюць пра магчымую фінансавую падтрымку з боку ЕС у выпадку дэмакратычных пераменаў. Таксама беларусы мала ведаюць пра сітуацыю на мяжы: амаль 40% упэўненыя ці хутчэй упэўненыя, што Польшча закрыла ўсе памежныя пераходы на мяжы з нашай краінай. Насамрэч гэта не так, усё яшчэ адкрыты пункт пропуску «Брэст».
Цікава, што ў ацэнцы матываў Польшчы па закрыцці мяжы згаджаюцца і «самыя блізкія» да Еўропы, і «найменш». Яны практычна салідарныя ў тым, што гэта палітычная рэакцыя ў адказ на дапамогу Расіі ў вайне. А вось што да мігрантаў, меркаванні падзяліліся: з тым, што Польшча хоча «спыніць плынь мігрантаў з Блізкага Усходу ў ЕС», згодныя 43% «самых блізкіх» і 17% «найменш блізкіх». Апошнія таксама часцей за іншых лічаць, што дзеянні суседняй краіны — гэта спробай справакаваць Беларусь на дзеянні ў адказ.
Чытайце таксама