Многія абаненты А1 ў апошнія тыдні скардзяцца на тое, што аператар пачаў браць грошы за раней бясплатную паслугу. «З мяне паспелі спісаць ужо восем рублёў за два месяцы. Не трапляйце ў пастку А1», — расказаў адзін з абанентаў.
Сапраўды, рахункі некаторых абанентаў аператара «пацяжэлі» адразу на чатыры рублі за месяц. Гэта датычыць тых, хто атрымліваў на электронную пошту рахункі за аказаныя паслугі ў фармаце XLS. Раней аператар рабіў гэта бясплатна, але з 1 чэрвеня 2024 года ўвёў паслугу «Пераўтварэнне рахунку» за чатыры рублі. Пры гэтым рахункі ў фармаце PDF пакуль прыходзяць бясплатна.
Каго датычыць?
Наколькі вядома, паслуга не падключаецца ўсім абанентам А1 па змаўчанні. Цяжар дадатковых выдаткаў нясуць тыя, хто калісьці сам (звычайна падчас падключэння да аператара) пагадзіўся на атрыманне рахункаў у фарматах PDF і Excel. Зразумела, калі гэта яшчэ было бясплатна.
Мяркуючы са зваротаў абанентаў, рызыка ў тым, што вы маглі паставіць адпаведныя галачкі і наогул забыць пра існаванне нейкіх лістоў пра стан рахунку.
«Штомесяц папаўнялі рахункі трох членаў сям'і на суму, якая адпавядае тарыфу (абаненцкай плаце). Улетку сумы перастала хапаць. Нам падалося гэта дзіўным, бо заўсёды ўкладваліся ў ліміты, абумоўленыя тарыфам. Зірнулі ў выпіску: аказалася, кампанія A1 пачала забіраць чатыры рублі за паслугу „Пераўтварэнне рахунку ў фармат XLS“», — падзяліўся гісторыяй адзін з карыстальнікаў.
Як адключыць паслугу «Пераўтварэнне рахунку»?
Вы праверылі выпіску і выявілі, што сапраўды апошнія месяцы дадаткова плаціце чатыры рублі за непатрэбную вам паслугу? Добрая навіна — яе можна адключыць. Але ёсць і дрэнная: зрабіць гэта не так проста.
Абаненты абураныя тым, што паслугу нельга адключыць праз мабільную праграму А1. Маўляў, кампанія актыўна агітуе карыстацца праграмай, але там немагчыма кіраваць некаторымі платнымі сэрвісамі.
Каб адключыць пераўтварэнне рахунку ў фармат XLS, давядзецца ўспамінаць пароль ад асабістага кабінета А1 ў браўзеры. Або па класіцы можна з пашпартам падысці ў салон аператара.
Пазіцыя А1
Журналісты даслалі аператару два пытанні:
- Паслуга падключаецца аўтаматычна ўсім абанентам?
- Чым выкліканае ператварэнне раней бясплатнай рассылкі рахункаў фармату XLS у платную паслугу?
Вось каментар А1:
«Кампанія А1 штомесяц скіроўвае кліентам кампаніі — фізічным асобам рахункі за аказаныя паслугі.
Пры гэтым кліент самастойна можа выбраць як фармат, у якім яму будзе прадстаўляцца рахунак, так і спосаб яго дастаўкі.
Большасць кліентаў аддае перавагу таму, каб атрымліваць рахунак на электронную скрыню ў фармаце PDF (паслуга аказваецца бясплатна).
У той жа час за дадатковую плату кліент можа скарыстацца паслугай пераўтварэння дасыланага рахунку ў фармат EXL, а таксама выбраць спосаб дастаўкі рахунку — у папяровым выглядзе поштай.
Змяніць фармат рахунку ці спосаб дастаўкі можна ў асабістым кабінеце на сайце або наведаўшы крамы А1 з дакументам, які пацвярджае асобу».