Аляксандр Лукашэнка заклікаў беражлівей ставіцца да наяўных у краіне рэсурсаў. Пра гэта ён заявіў падчас урачыстага пуску артэзіянскай вады з падземных крыніц для водазабяспечання Мінска, перадае яго прэс-служба.
«Мяне больш за ўсё турбуе тое, што мы часам бесшабашна ставімся да тых рэсурсаў, якія маем», — сказаў Лукашэнка. Гэта датычыць, напрыклад, стаўлення да лясоў, зямельных рэсурсаў і шмат чаго іншага. «Тое самае ў нас па цвёрдых бытавых адходах. Тое самае ў нас па вадзе», — дадаў ён.
У якасці прыкладу ён прывёў неўзараныя зямлі сельгаспрызначэння. У той час як Беларусь на экспарце атрымлівае каля 9 млрд даляраў за год, і дадатковыя пасяўныя плошчы дазволяць павялічыць аб’ёмы выгадаванай прадукцыі і, адпаведна, нарасціць пастаўкі за мяжу.
Ці яшчэ адзін прыклад — стаўленне да вады. Многія прывыклі лічыць гэты рэсурс танным і лёгкадаступным, тым больш што ў Беларусі прэснай вады дастаткова. Хоць спецыялісты разумеюць, наколькі затратны і працаёмкі працэс водазабяспечання, тым больш калі гаворка ідзе пра такі горад, як Мінск.
«Вы не плаціце за ваду столькі, колькі яна каштуе. Таму беражыце, калі ласка, ваду, як і іншыя рэсурсы, — падкрэсліў Лукашэнка. — Беражлівасць заўсёды была ўласцівая нашаму народу. Трэба захаваць гэтыя падыходы».