У Беларусі чыноўнікі ў 2020 годзе разглядалі магчымасць падняць пенсійны ўзрост для жанчын, а таксама ўвесці змены па дэкрэтным адпачынку. Гэта вынікае з дакументаў, якія атрымалі «Кіберпартызаны».
Што абмяркоўвалі па пенсіях
Мяркуючы з інфармацыі ў дакументах, якія атрымала ініцыятыва «Кіберпартызаны», пенсійныя праблемы абмяркоўвалі ў 2020-м, калі прэм’ер-міністрам быў Сяргей Румас (ён пайшоў у адстаўку 3 чэрвеня таго года). У лісце тагачаснаму кіраўніку ўрада Мінпрацы агучыла некалькі праблем.
Адна з іх — тое, што пенсіянеры, якія працуюць і ў якіх да выхаду на заслужаны адпачынак быў высокі заробак, недаатрымліваюць грошы. Нагадаем, потым — з 1 студзеня 2025 года — гэтую праблему вырашылі, абмежаванні знялі.
Яшчэ адно пытанне, якое падымала ў 2020 годзе Мінпрацы, — далейшае павышэнне пенсійнага ўзросту. Ведамства прапаноўвала павялічыць яго для жанчын. Самым аптымальным варыянтам у міністэрстве бачылі павышэнне гэтага паказчыка да 63 гадоў — штогод на шэсць месяцаў пачынаючы з 2023 года. Планавалася, што гэтая рэформа скончылася б у 2032-м.
У Беларусі апошнім разам падымалі пенсійны ўзрост з 1 студзеня 2022 года: для мужчын — да 63 гадоў, а для жанчын — да 58. У 2025-м ён будзе на такім самым узроўні.
У нашай краіне таксама перыядычна падымаецца пытанне ўраўнавання пенсійнага ўзросту. Беларускі жывуць даўжэй, чым беларусы (паводле дадзеных за 2019 год, у мужчын гэта каля 64 гадоў, а ў жанчын — 78 гадоў). Яшчэ адна прычына — агульная дэмаграфічная сітуацыя: колькасць пенсіянераў расце, а працаздольнага насельніцтва — наадварот, скарачаецца.
У Мінпрацы восенню мінулага года заяўлялі, што гэтае пытанне «не прапрацоўваецца і не разглядаецца».
«Прапанаваны варыянт улічвае большую працягласць жыцця жанчын адносна мужчын і збліжае перыяды атрымання пенсіі ў абодвух полаў (у 2019 годзе сярэдні перыяд атрымлівання пенсіі па ўзросце ў жанчын склаў 26 гадоў, у мужчын — 16 гадоў)», — адзначалі ў Мінпрацы ў запісцы прэм’ер-міністру.
Ведамства прапаноўвала і «мякчэйшыя» варыянты пенсійных новаўвядзенняў — як адносна зменаў, так і адносна тэрміну запуску рэформы. Адзін з іх — захаванне для жанчын 58-гадовага ўзросту для выхаду на заслужаны адпачынак, але зніжэнне ім пенсіі (быў агучаны варыянт на 5%) «за кожны год датэрміновасці». Пад «пратэрміноўкай» мелі на ўвазе, відавочна, пяцігадовую розніцу ў пенсійным узросце паміж мужчынамі і жанчынамі.
Таксама быў такі варыянт: зніжэнне новага пенсійнага ўзросту для жанчын сувымерна колькасці дзяцей (за чатырох дзяцей — на чатыры гады, за трох — на тры, за двух — на два гады, за адно дзіця — на адзін год). «Аналагічная норма цяпер дзейнічае для жанчын, якія нарадзілі пяць і больш дзяцей. Пенсійны ўзрост зніжаецца на пяць гадоў, з 58 да 53 гадоў. Права выхаду на пенсію ў ранейшыя тэрміны пры наяўнасці працяглага страхавога стажу (35−40 гадоў). Аналагічную норму спатрэбіцца ўводзіць і для мужчын», — адзначалі ў Мінпрацы.
Але дадавалі, што прыняць такое рашэнне «найбліжэйшым часам немэтазгодна на фоне складанай эпідэміялагічнай сітуацыі», тады ў краіне была каранавірусная эпідэмія. У ведамстве адзначалі, што запусціць пенсійную рэформу ў такім выпадку варта або з 2026-га, або з 2027 года.
«Без прыняцця рашэння пра павышэнне пенсійнага ўзросту пры падтрыманні ў гэтай пяцігодцы памераў пенсій прыкладна на цяперашнім узроўні запатрабаванасць у сродках на пенсіі будзе ўзгадняцца з фінансавымі магчымасцямі бюджэту Фонду
сацыяльнай абароны насельніцтва і не прывядзе да павелічэння ўдзельнай вагі субвенцый з рэспубліканскага бюджэту на збалансаванасць бюджэту фонду (захаваецца на ўзроўні 1−1,5 працэнта)», — адзначалі ў Мінпрацы.
Што хацелі змяніць па дэкрэтным адпачынку
Мінпрацы таксама падымала пытанне скарачэння перыяду выплаты дапамогі па доглядзе дзіцяці да трох гадоў. Прапаноўвалася, каб з 1 студзеня 2025 года аплачвальны дэкрэтны па доглядзе першага і другога дзіцяці складаў два гады замест цяперашніх трох. Пры гэтым на трэцяга і наступных дзяцей ведамства прапаноўвала пакінуць трохгадовы адпачынак з выплатамі.
«Аплачвальны трохгадовы адпачынак па доглядзе дзіцяці ў сучасных умовах сябе практычна вычарпаў. Ён не спрыяе нараджальнасці, не стымулюе сем'і (асабліва з нізкімі даходамі) да эканамічнага развіцця і працоўнай дзейнасці», — гаварылася ў запісцы Мінпрацы прэм’ер-міністру.
Нагадаем, у чэрвені 2021 года тагачасны міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч заяўляла, што ў Беларусі разглядаюць варыянт скарачэння працягласці дэкрэтнага адпачынку, а таксама прывязкі сумы дапамогі па доглядзе дзіцяці да трох гадоў да зарплаты аднаго з бацькоў, які ідзе ў дэкрэт. Цяпер сума дапамогі прывязаная да сярэдняга заробку па краіне.
А ў сакавіку 2023 года ў Мінпрацы паведамлялі, што пытанне скарачэння дэкрэтнага адпачынку ў Беларусі не прапрацоўваецца.
Як чыноўнікі ўжо абяцалі перад выбарамі не падымаць пенсійны ўзрост, але нешта пайшло не па плане
У ліпені 2015 года Аляксандр Лукашэнка заяўляў, што пенсійны ўзрост у Беларусі павышацца не будзе. «І гаворка сёння не ідзе пра гэта, і падымаць гэтае пытанне няма чаго», — заявіў тады палітык.
У жніўні таго ж года Аляксандр Лукашэнка паўтарыў, што ў Беларусі не разглядаюць пытанне павышэння пенсійнага ўзросту. «Мы наогул да гэтага пытання не падыходзілі. Я вам шчыра сказаў, што нам пенсійны ўзрост даўно трэба было павялічыць», — сказаў пазней палітык.
11 кастрычніка 2015 года ў Беларусі прайшлі прэзідэнцкія выбары.
А ў красавіку 2016 года Аляксандр Лукашэнка палпісаў указ пра павышэнне пенсійнага ўзросту.
Нагадаем, чарговыя прэзідэнцкія выбары ў Беларусі прызначаныя на 26 студзеня 2025 года.