Нават у выпадку змены ўлады ў нашай краіне не варта разлічваць на тое, што беларусы, якія з’ехалі, масава пачнуць вяртацца дадому. Такое меркаванне ў сваім Facebook выказаў эксперт у сферы адукацыі, навукі і інавацый Андрэй Лаўрухін. Ён лічыць, што трэба цвяроза глядзець на сітуацыю з эміграцыяй беларусаў, «каб не ствараць ілюзій ні сабе, ні грамадству». Публікуем яго песімістычныя развагі.
Першы і самы галоўны вызначальны фактар тут — час. Чым больш будзе доўжыцца вымушаная эміграцыя, тым меншыя шанцы на вяртанне дыяспар у краіну. З лета 2020-га прайшло ўжо 2,5 года. Для тых, хто з’ехаў тады, гэтага дастаткова, каб паспець інтэгравацца і пераадолець шок чужыны, пачаць адаптавацца, будаваць побыт і планы на будучыню на новым месцы. Тыя, у каго ёсць дзеці школьнага ўзросту, тым больш будуць арыентавацца на краіну знаходжання, бо траўма адаптацыі ўжо сціхла, а пераязджаць зноў — значыць зноў траўмаваць дзіця.
Тыя, хто пераехаў у 2021-м, прыйдуць да той самай ацэнкі сітуацыі (заставацца ў краіне знаходжання) максімум да канца 2023-га. Відавочна, да канца гэтага года сітуацыя калі і зменіцца, то да горшага. Гэта азначае, што як мінімум да канца гэтага года колькасць эмігрантаў з Беларусі будзе хутчэй расці, а не змяншацца.
Пры гэтым людзі ўзросту 20−40 гадоў хутчэй і лягчэй інтэгруюцца. Ім тры гады больш чым дастаткова, каб зрабіць выбар. На жаль, не на карысць Беларусі. Зыходзячы з ускосных дадзеных, выкажу здагадку, што ў гэтай узроставай кагорце толькі 1−3% вернуцца ў Беларусь.
Другі фактар — гэта давер дзяржаве ў плане яе здольнасці абараніць і забяспечыць базавыя правы грамадзян — іх бяспеку і ўласнасць. Відавочна, што нават пры фантастычным сцэнары прыходу да ўлады дэмакратаў дзяржава Рэспубліка Беларусь будзе як мінімум некрэдытаздольная праз падзенне эканомікі без расійскай падтрымкі, з санкцыямі і, магчыма, рэпарацыямі Украіне. То-бок калі яна і зможа забяспечыць свае сацабавязкі, то на самым мінімальным узроўні. Дарэчы, радасць ад паразы (распаду) Расійскай Федэрацыі для Беларусі будзе азмрочаная знікненнем галоўнага донара (на дапамогу краін ЕС наўрад ці варта разлічваць).
Гэта азначае, што ўсе грамадзяне перадпенсійнага ўзросту (50 і старэйшыя), якія з’ехалі, будуць разумець, што ў выпадку вяртання ў краіну ім трэба будзе весці жабрацкае існаванне. І яны аддадуць перавагу таму, каб застацца ў краінах знаходжання, бо пенсія за 10−15 гадоў працы і жыцця ў краінах Еўропы будзе больш пераканаўчай перспектывай, чым галеча, хваробы і разбураныя інстытуты медабслугоўвання ў Беларусі (да таго часу, думаю, сімптомы дэградацыі медсектара ў нашай краіне будуць жахлівыя). Такім чынам, для старэйшага пакалення (45−50) тэрмін у 5 гадоў знаходжання ў краінах эміграцыі стане, хутчэй за ўсё, незваротным, бо да фактару часу дадасца фактар даверу дзяржаве што да забяспечання базавых правоў.
Для тых, хто з’ехаў у 2020-м, прагназаваныя 5 гадоў наступяць у 2025 годзе. Імавернасць змяненняў за 2 гады вышэйшая, але ў які бок яны будуць — вялікае пытанне. Гэтая няпэўнасць дакладна не выклікае аптымізму, хутчэй насцярожвае. Аднак, на маю думку, у гэтай узроставай кагорце з прычыны наяўнасці «інерцыі культурнага кода» і абцяжаранай інтэграцыі доля тых, хто вярнуўся, можа быць значна большай — да 40%.
Трэцяе. Вялікае пытанне, ці будзе пазітыўная матывацыя вяртацца дастаткова моцнай для прадстаўнікоў дыяспары. Ёсць сумнеў, што беларусы, якія знаходзяцца ў краіне, згодныя, каб імі кіравалі прадстаўнікі дыяспар. Бо не для гэтага пакутавалі тыя, хто не з’ехаў (і асабліва тыя, хто сядзеў у турмах). Плюс аўтарытэт прадстаўнікоў дыяспар у грамадстве ў цэлым з кожным годам будзе цьмянець і цьмянець. Гэта азначае, што ніякіх асаблівых умоваў (напрыклад, працаўладкавання) для беларусаў з-за мяжы не будзе.
Да таго ж, ці зможа дзяржава вярнуць або кампенсаваць страчаную ўласнасць — таксама вялікае пытанне. Паколькі, як мы памятаем, Беларусь будзе некрэдытаздольная праз падзенне эканомікі, санкцый і, магчыма, абавязанняў па рэпарацыях перад Украінай. Такім чынам, час працуе супраць фармавання пазітыўнай матывацыі вяртання — эмігранты будуць разумець, што ніхто і нішто іх у Беларусі ўжо не чакае.
Чацвёртае. Для астатніх дэмакратычных праактыўных актараў варыянт масавага невяртання дыяспар у краіну мяркуе не толькі пазітыўныя бакі (пры адсутнасці канкурэнцыі яны — безальтэрнатыўныя дэмлідары і эліты ў вачах дэмакратычна настроенага грамадства). Ёсць і негатыўныя бакі: без самай прасунутай і актыўнай (у эканамічным, культурным і палітычным сэнсе) часткі грамадства ім давядзецца мець справу з «кансерватыўным астаткам», на мадэрнізацыю якога пойдуць дзесяцігоддзі. Так, для фармавання цяперашняга палітычна актыўнага «сярэдняга класа» нават у спрыяльных эканамічных умовах спатрэбілася 20 гадоў. Адпаведна, кансерватыўны сцэнар развіцця «дэмакратызацыі» будзе працаваць на далейшую эміграцыю беларусак і беларусаў з краіны, а не на вяртанне дыяспар і іх супрацоўніцтва з астатнімі грамадзянамі.
Усё вышэйапісанае можна здзейсніць пры ўмове наяўнасці трэнду на «дэмакратызацыю». Між тым Лукашэнка — яшчэ малады палітык. Яму толькі 68, пяць гадоў ён лёгка яшчэ пражыве. А сілавое і кансерватыўнае лобі ў грамадстве Беларусі, хутчэй за ўсё, актывізуецца і кансалідуецца нават пасля смерці палітыка (іншы яго сыход малаімаверны). Яно паспрабуе ўзяць уладу у свае рукі. Можа з’явіцца «калектыўны Лукашэнка». Крах Расіі (што б ён ні значыў) насамрэч дае акно магчымасцяў у абодва бакі: як у бок дэмакратызацыі, так і ў бок узмацнення жорсткасці палітычнага рэжыму ў Беларусі. Ва ўмовах эканамічнай, палітычнай і сацыяльнай турбулентнасці ў кансерватыўным грамадстве Беларусі (якая без дэмакратычна настроенай і найбольш мадэрнізаванай актыўнай часткі грамадства, якая з’ехала і перманентна з’язджае) будзе пераважаць запыт на «моцную руку».
Але паколькі стаўка на крах Расіі — рэч цьмяная (як прымусіць краіну з ядзернай зброяй, ды яшчэ такую вялікую і звыклую да ваеннай мабілізацыі, капітуляваць, зусім незразумела), найбольш імаверны сцэнар шматгадовай вайны. Як мінімум тры гады — да 2026-га. Потым яшчэ больш працяглай няпэўнай сітуацыі «ні вайны, ні міру». Гэта могуць быць ужо дзесяцігоддзі. Пры такім сцэнары развіцця падзей Беларусь, хутчэй за ўсё, ператворыцца ў шэрую зону са збяднелым насельніцтвам, гатовым на любыя тыраніі, абы хоць неяк выжыць. Праўда, якраз у гэтым выпадку матэрыяльная дапамога дыяспары родным і блізкім можа аказацца вельмі нават запатрабаванай.
Якія высновы? Незваротныя страты Беларусі ўжо цяпер вылічаюцца сотнямі тысяч. Актуальныя маштабы стратаў — каля 10% ад агульнай колькасці занятых у эканоміцы (калі ўзяць максімальную колькасць тых, хто з’ехаў, у 400−500 тыс. чалавек і ўлічыць, што частка з іх, як мінімум дзеці, у эканоміцы не занятыя).
Відавочна, што гэта ўжо негатыўна адбіваецца на чалавечым капітале краіны і яшчэ мацней адаб’ецца на далейшых магчымасцях пазітыўна трансфармаваць грамадства і дзяржаву ў напрамку дэмакратыі, эканамічнай і сацыяльнай мадэрнізацыі. Бо людзі, якія з’ехалі — гэта найбольш актыўная і мадэрнізаваная частка грамадства. Адпаведна, зніжэнне якасці чалавечага капіталу (аж да негатыўнага, калі людзі працуюць на дэградацыю і архаізацыю грамадства) ва ўмовах падзення эканомікі і наяўнасці цяжару даўгавых абавязанняў (дзярждоўг, санкцыі, магчымыя рэпарацыі) запусціць новыя інерцыйныя працэсы, справіцца з якімі найбліжэйшым пакаленням будзе вельмі цяжка. Гаворка ідзе пра нашых дзяцей і ўнукаў, то-бок пра найбліжэйшыя 20−30 гадоў мінімум.
Такая перспектыва, у сваю чаргу, непазбежна ініцыюе новую хвалю эміграцыі, якая акурат у выпадку запуску сцэнара дэмакратызацыі (адкрытых межаў і свабоднага перамяшчэння ў развітыя краіны ЕС) набудзе катастрафічныя для Беларусі маштабы. У найбліжэйшыя гады краіна цалкам можа страціць да 1 мільёна занятага ў эканоміцы насельніцтва (прычым, зноў жа, найбольш актыўнага і крэатыўнага), то-бок да чвэрці ад усіх занятых. А гэта ўжо вельмі шмат. Будучым элітам давядзецца шукаць вельмі няўстойлівы баланс паміж дэмакратызацыяй для развіцця і мадэрнізацыі і абмежаваннем дэмакратыі для стрымлівання эміграцыі. Ні пра якае масавае вяртанне дыяспар у краіну не варта нават марыць. На гэта няма ні сродкаў, ні перспектываў, ні матывацыі.
Меркаванне аўтара можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.


