Новае судовае разбіральніцтва над Сяргеем Ціханоўскім, мужам лідаркі беларускай апазіцыі Святланы Ціханоўскай, пачалося 13 лютага. Яно праходзіла ў турме Жодзіна. Асуджанага на 18 гадоў калоніі Сяргея Ціханоўскага абвінавацілі ў злосным непадпарадкаванні адміністрацыі папраўчай установы. Пра вынікі суда паведаміла прэс-служба Генеральнай пракуратуры.
Сяргея Ціханоўскага прызналі вінаватым па ч. 2 арт. 411 (Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі, здзейсненае асобай, асуджанай за цяжкае і асабліва цяжкае злачынства) КК Беларусі.
Ціханоўскаму прызначылі пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 1 год 6 месяцаў. Па сукупнасці прысудаў яму вызначанае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 15 гадоў 9 месяцаў 5 дзён з адбываннем 2 гадоў 5 месяцаў 18 дзён у турме, а астатняга тэрміну — у папраўчай калоніі ва ўмовах строгага рэжыму.
Сваёй віны Сяргей Ціханоўскі не прызнаў.
Прысуд законнай сілы не набыў, можа быць абскарджаны і апратэставаны ў апеляцыйным парадку.
Нагадаем, у снежні 2021 года Сяргея Ціханоўскага ўжо прызналі вінаватым па ч. 1 арт. 293 (Арганізацыя масавых беспарадкаў), ч. 3 арт. 130 (Распальванне сацыяльнай варожасці), ч. 2 арт. 191 (Перашкаджанне працы ЦВК), ч. 1 арт. 342 (Арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Яму прызначылі 18 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. У ліпені мінулага года Ціханоўскі быў этапаваны ў калонію № 15 у Магілёве.