Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. «Беларусов действительно много». Поговорили с мэром Гданьска о наших земляках в городе, их бизнесе, творчестве и дискриминации
  2. В Польше при загадочных обстоятельствах погиб беларусский активист
  3. Антирекорд за 15 лет. В Беларуси была вспышка «самой заразной болезни» — получили закрытый документ Минздрава
  4. «У меня нет буквально никаких перспектив, и я буквально никому не нужен». Роман Протасевич рассказал, «как обстоят дела»
  5. «Давний друг» Лукашенко, который долго игнорировал приглашения посетить Минск, похоже, все-таки прилетит в Беларусь
  6. «Не думаю, что что-то страшное». Попытались устроиться в госорганизации с подписью на последних выборах не за Лукашенко — что вышло
  7. Литва ввела новый запрет в двух оставшихся пунктах пропуска на границе с Беларусью
  8. Чем занималась жена Лукашенко перед пенсией? Рассказываем, где работают некоторые члены семьи политика
  9. Почему Лукашенко больше не отпускает политзаключенных? И зачем КГБ устроил облавы на риелторов? Спросили у политического аналитика
  10. Что стало с «крышей» Бондаревой? Артем Шрайбман порассуждал, почему известная активистка оказалась за решеткой
  11. «Пути молодых мужчин и женщин расходятся»? Откуда растут ноги у тренда, о котором эксперты давно бьют тревогу (но лучше не становится)
  12. Кремль старается переложить вину за отказ от прекращения огня на Киев и требует выполнить условия, которые сделают Украину беззащитной
  13. Кремль усиливает угрозы в адрес Европы. Эксперты — о том, что стоит за последними заявлениями в адрес Эстонии и Польши
  14. «У диктатуры нет друзей, есть только слуги». Писательница обратилась к сторонникам власти на фоне случившегося с Бондаревой
  15. «Учится в первом классе». В Гомеле девочка пропала из продленки, а нашлась в реанимации больницы
  16. Тревожный звоночек. Похоже, исполняется неоптимистичный прогноз экономистов
  17. Правозащитники: В Дзержинске проводят задержания и обыски, повод — послевыборные протесты
  18. Битва за частный сектор: минчане отказываются покидать дома ради нового парка
  19. Госсекретарь США заявил, что Трамп готов бросить попытки помирить Украину и Россию и «двигаться дальше» — при каком условии
Читать по-русски


Калі вам здаецца, што тэма палітвязняў вас не датычыць і ніяк не траўмуе вашую псіхіку, то гэта не так. Псіхіятр Сяргей Папоў лічыць, што цяпер у дачыненні да затрыманых па палітычных матывах вядзецца сапраўдны тэрор. І гэты тэрор адбіваецца на псіхіцы не толькі саміх вязняў, але і ўсяго грамадства. Якім чынам і што з гэтым рабіць?

Сяргей Папоў
Доктар-псіхіятр, псіхааналітык, сябра Міжнароднай псіхааналітычнай асацыяцыі, былы намеснік старшыні этычнага камітэта Беларускай псіхіятрычнай асацыяцыі.

Калі ў краіне «часам не да законаў», гэта азначае, што закон як рэгулявальная функцыя, якой падпарадкоўваюцца ўсе, без дзяржавы і яе інстытутаў не будзе працаваць ужо ніколі, і, мабыць, ужо даўно не працаваў. Тады многія людзі робяцца цалкам безабароннымі. У гэтым становішчы знаходзяцца перш за ўсё палітычныя зняволеныя.

Мы ўсе разумеем, што гэта частка рэпрэсій. Аднак апошнім часам сітуацыя з палітычным зняволенымі — гэта ўжо больш чым рэпрэсіі. Гэта тэрор, спансараваны дзяржавай. Калі раней улады, можа, і збіраліся выкарыстоўваць палітычных зняволеных як частку палітычнай стратэгіі, то сёння гэта больш падобна да public performance, як акрэсліў гэта даследчык Марк Юргенсмеер. Гэта стратэгія завалодаць душамі людзей, дамінаваць, душыць, падпарадкоўваць. Удзельнікамі гэтага перфомансу міжволі становяцца рэальныя жывыя людзі, сем'і, групы людзей. У ім псіхічныя, фізічныя траўмы і смерць — рэальныя.

Рэжысёры і выканаўцы гэтых дзеянняў — людзі з тэрарыстычнай ментальнасцю. На ідэалагічнай глебе (што вельмі нагадвае рэлігійны фундаменталізм) адбываецца не проста дэгуманізацыя і выдаленне непатрэбных людзей як непатрэбных элементаў сістэмы: тэрарыстычная ментальнасць змяшчае ўсё зло ў іншых. І гэтыя іншыя мусяць быць знішчаныя, каб усталяваць ідэальны парадак у краіне і ў свеце. Ідэальны ў перакручаным сэнсе парадак. Смерць чалавека ці ад’езд з краіны вялікай колькасці людзей — для тэрарыстычнай ментальнасці ўсяго толькі спадарожная шкода.

Тэрор з выкарыстаннем палітычных зняволеных, безумоўна, максімальна разбуральна ўздзейнічае перш за ўсё на самога зняволенага. Але, як разбуральнае цунамі, шкода распаўсюджваецца на групавы і культурны ўзроўні таксама.

На індывідуальным узроўні чалавек сутыкаецца са складанай або паўтаральнай траўмай. Рэакцыя цела і псіхікі на паўтаральнасць штодзённага гвалту ў турме ці калоніі або паўторныя затрыманні адрозніваецца ад рэакцыі на аднаразовую траўматычную падзею. У першым выпадку псіхіка прыдумляе спецыфічную, прызначаную менавіта для гэтай падзеі абарону для самазахавання і потым для аднаўлення. У другім жа, пры паўтаральнай траўме, псіхіка пераходзіць у «абарончы» стан, у якім чалавек і знаходзіцца ўвесь час, невыбіральна абараняючыся такім чынам ад усіх знешніх уздзеянняў. Гэта безумоўна дапамагае выжыць. У медыцыне і псіхалогіі гэта называюць дысацыяцыяй, гэта можна таксама апісаць як «выхад з цела» (leaving the body) або знікненне (disappearing). Ствараецца такі стан уласнага быцця, якое адчуваецца як «не я» (not-me). Тут крытычнае пытанне часу.

Калі даводзіцца доўга жыць у стане «не я», у стане «знікнення», то можна страціць дарогу да самога сябе. Загінуць як асоба. Жахлівыя тэрміны, гвалт і катаванні, пазбаўленне кантактаў з блізкімі, паўторныя затрыманні — гэта нанясенне складанай траўмы чалавеку, таго, што можа яго забіць не забіваючы цела. Але, як ужо згадвалася, тэрарыстычную ментальнасць не турбуюць забойствы.

Разумеючы цану гэтага механізму дысацыяцыі або жыцця як «не я», у нашых з вамі сілах захоўваць і падтрымліваць чалавека псіхічна жывым, не зніклым. Мы ведаем імёны многіх палітвязняў, мы ведаем гісторыі жыцця некаторых, гэта вельмі важна. На нас адказнасць быць захавальнікамі іх асобаў. І гэта не проста памятаць і нагадваць іншым, але, можа, і гаварыць ад іх імені, несці галасы і думкі гэтых людзей іншым. Упэўнены, што калі яны вернуцца з-за кратаў, гэта ім вельмі дапаможа аднавіцца.

Тэрор палітычных зняволеных негатыўна адбіваецца і на групавым узроўні. Усе гэтыя наступствы ўжо відавочныя. Перш за ўсё парушаецца ідэнтычнасць чалавека як часткі якой-небудзь групы — сям'і, супольнасці, грамадства ў цэлым, нацыі. Праблемы ідэнтычнасці і прыналежнасці штурхаюць многіх людзей у небяспечныя абдымкі кагосьці, хто здаецца вялікім і моцным. Гэта і адмова ад сваёй сапраўднай гісторыі, і рух на ўсход, і патрэба ў ідэалогіі і ў «гаспадару». Група перастае выконваць сваю функцыю — спрыяць развіццю і росквіту яе ўдзельнікаў. Замест гэтага мы бачым дэзінтэграцыю, падзел, палярызацыю. Адносінамі кіруе параноідная трывога, і па вялікім рахунку кожны становіцца сам па сабе.

Таксама праз тэрор і гвалт, тое, што адбываецца ў грамадстве, мяняюцца і адносіны чалавека з культурай у цэлым. Змяняюцца наратывы, культура і мастацтва дэградуюць, з’яўляюцца правільныя і няправільныя музыкі, правільныя і няправільныя пісьменнікі і мастакі, правільныя і няправільныя мовы і гэтак далей. Адна з задач культуры — спрыяць асэнсаванню рэчаіснасці і рэальнасці, ствараць сэнсы, захоўваць іх і развіваць. Гэтая функцыя разбураецца, або, калі сэнсы ствараюцца, яны па-прапагандысцку перакручаныя і скажаюць рэальнасць. Прыкладаў гэтага — безліч.

У выніку мы маем траўмаваных людзей і грамадства. У такім грамадстве імкліва развіваюцца сістэмны гвалт і фундаменталізм. І за тры гады з моманту пачатку маштабных рэпрэсій беларускае грамадства прыкметна развіло гэтыя паталагічныя рысы.

Таму пакуль ёсць хоць адзін палітычны зняволены і пакуль тэрор працягваецца — усе да апошняга жыхара гэтага грамадства жывуць, зазнаючы гвалт. Само асяроддзе траўматызуе, псіхічнае траўмаванне адбываецца, хоча гэтага чалавек ці не хоча, разумее гэта ці не. Гэта такі гвалт, які непрыкметна прасякае ўсё, усе аспекты жыцця. Успомніце хаця б твар і позірк беларускага памежніка падчас перасячэння мяжы, або «прывітанне» рэгістратара ў паліклініцы, або манашку, якая б’е маладога мужчыну. І калі некаторыя яшчэ не адчуваюць і не распазнаюць гэта, то адчуюць іх дзеці ці ўнукі. Бо ў траўмаваным грамадстве траўма перадаецца трансгенерацыйна, праз пакаленні.

Адзін выжылых у канцлагеры ў Аўшвіцы, пісьменнік Жан Амеры, расказваў пра свой досвед катаванняў у гестапа: «Ён тым самым знішчае мяне. З першага ўдару. Частка нашага жыцця заканчваецца, і яна ўжо ніколі не зможа адрадзіцца. Хто падвяргаўся катаванням, той і застанецца тым, каго працягваюць катаваць. Катаванні невылечна выпаленыя ў ім». Без перабольшання можна дадаць, што гэта выпалена ў кожным, хто належыць да беларускага народа. Многія напэўна будуць жыць забіваючы, душачы ці трымаючы ў забыцці гэтыя часткі сваёй душы, але тады з пакалення ў пакаленне будзе перадавацца смерць, а не жыццё.

Што да выканаўцаў тэрору, то яны, хутчэй за ўсё, нават не адчуваюць, што здзяйсняюць нешта жорсткае. Гэта стан дэманізацыі іншых і пачуццё праведнасці сваіх дзеянняў, «святая» вайна з абсалютным, з іх пункту гледжання, злом. Адкрыю сакрэт: за гэтым тэрарыстычным мысленнем насамрэч стаіць ідэнтычнасць ахвяры, і гэта вельмі небяспечна для іншых людзей. Але пра гэта іншым разам.

Для чаго ўсё гэта разумець, бачыць гэтую жудасную рэальнасць? Вядома, каб знайсці дзейсны спосаб дапамагаць палітычным зняволеным, каб мець магчымасць несці бяспеку і не недаацэньваць пагрозу, каб прапрацоўваць калектыўную траўму і лячыць грамадства. Але, магчыма, самае галоўнае — перажываючы боль і злосць, не пачаць адмаўляць і не стаць такімі ж, як тыя, з кім змагаемся.

Чытайце таксама