Мінімум чатыры чалавекі былі затрыманыя падчас аблавы сілавікоў у Гомелі. Іх «пакаяльныя» відэа апублікаваў набліжаны да ГУБАЗіК тэлеграм-канал.
Калі праводзіўся «рэйд», не ўдакладняецца. У апублікаваным роліку відаць, як адну з кватэр штурмуе АМАП. У «пакаяльных» відэа затрыманыя расказалі, што іх затрымалі за падпіскі на «экстрэмісцкія» каналы.
Адзін з затрыманых прадставіўся «пацыфістам» і адміністратарам дыскорд-канала «Злой TV»:
— У маім дыскорд-канале «Злой TV» выказаў занадта рэзка сваё негатыўнае стаўленне да вайны ва Украіне. Надалей гэтага абавязуюся не рабіць. Таму я вырашыў выдаліць свой дыскорд-канал і працу яго не аднаўляць.
Таксама пад аблаву трапіў студэнт-правазнаўца Беларускай дзяржаўнай сельгасакадэміі. Маладога чалавека прымусілі на камеру сказаць, што ён быў падпісаны на «экстрэмісцкую суполку», і праспяваць гімн Беларусі.