Жыхарка Салігорска звярнулася да Лукашэнкі з просьбай правесці праверку і «пакараць вінаватых» супрацоўнікаў радзільні, бо яе сын падчас родаў атрымаў траўмы і цяпер знаходзіцца ў аддзяленні рэанімацыі з ацёкам мозгу. Пацярпелая абвінаваціла медыкаў у «халатным стаўленні і поўнай адсутнасці медыцынскай этыкі і дэанталогіі». Мін здароўя ўжо адправіла праверку ў салігорскую ЦРБ. Тое, што адбылося, і дзеянні акушэрскай брыгады «Люстэрку» пракаментаваў акушэр-гінеколаг Станіслаў Салавей, які раней працаваў у Мінску, але з’ехаў з краіны.
Што здарылася?
На дзеянні медыкаў паскардзілася Дар’я Дэйлід, яна была шпіталізаваная ў аддзяленне паталогіі салігорскай радзільні на 41-м тыдні цяжарнасці 4 студзеня. З 5 да 8 студзеня ёй давалі прэпараты для стымуляцыі родавай дзейнасці.
Паводле жанчыны, у апошні дзень яе агледзелі, раскрыццё шыйкі маткі было 3 см, родавая дзейнасць адсутнічала. Тады беларуску перавялі ў перадродавую палату, у 9.30 ёй пракалолі каляплодны пухір. Дэйлід сцвярджае, што ў 12.00 родавая дзейнасць усё яшчэ адсутнічала, пасля агляду ёй паставілі кропельніцу з прэпаратам «Прасцін», а ў 15.00 укалолі снатворнае. Жанчына заснула. У 17.00, паводле парадзіхі, раскрыццё ўсё гэтак жа было 3 см, родавая дзейнасць не ішла, медыкі адмовілі ёй у кесарым сячэнні. Тады ж зрабілі эпідуральную анестэзію, паставілі кропельніцу з аксітацынам. А ў 17.30 «з невялікімі схопкамі прымушалі нараджаць з раскрыццём шыйкі маткі на 3 см з наступным выцісканнем дзіцяці з жывата праз родавыя шляхі. <…> Толькі калі ў яго перастала праслухоўвацца сэрцабіцце (прыкладна ў 20.40), мне быў зроблены агульны наркоз і праведзенае экстранае кесарава сячэнне». Яна дадае, што на пытанне яе мужа, мамы і сястры, што з ёю здарылася, ім «было сказана патэлефанаваць маме, то-бок мне, і спытаць».
«Прыём забаронены ў нашай краіне. Пры гэтым вы наўрад ці знойдзеце акушэра-гінеколага, які за год ні разу ім не скарыстаўся»
Станіслаў Салавей адзначае, што, не бачыўшы саму пацыентку і ўсяго, што адбывалася з ёю ў радзільнай зале, можна толькі агучваць здагадкі. Але нават па апісанні ад пацыенткі гінеколаг зрабіў выснову, што і сама жанчына не мела поўнай карціны сітуацыі:
— Не ведаю, адкуль гэтая фіксацыя на раскрыцці на 3 см. Сама парадзіха не можа гэта адчуць ці неяк вымераць. Магчыма, яна нешта не так пачула ад доктара ці не так зразумела. Але я не магу паверыць, што хтосьці будзе выкарыстоўваць прыём Крыстэлера (груба кажучы, выціскаць дзіця з жывата) на такім раскрыцці, як і прымушаць жанчыну тужыцца. Гэта як электрыку сказаць: «Бяры вядро вады, вылівай на правады і стой побач», — нават інтэрн такой памылкі не дапусціць. Я думаю, раскрыццё там было поўнае ці амаль поўнае — 8−10 см, інакш нават тужыцца сэнсу няма.
Як доктар, які сам яшчэ некалькі гадоў таму практыкаваў у Беларусі, Станіслаў Салавей не ўбачыў памылак у падрыхтоўцы жанчыны да родаў.
— Па апісанні спачатку ўсё ішло правільна: жанчына шпіталізаваная планава на 41-м тыдні, некалькі дзён ёй давалі лекі. Хутчэй за ўсё, гаворка пра «Міфепрыстон», ён сапраўды даецца загадзя, каб падрыхтаваць шыйку, — кажа медык. — Пасля чаго, бывае, ускрываецца плодны пухір, зліваюцца воды — на гэтым фоне мусяць пачацца схопкі. Калі гэтага не адбываецца, могуць даваць «Прасцін», як з ёю і было. Што быў за ўкол, пасля якога яна заснула? Магчыма, «Прамедол». Пацыентка не спала ноч праз падманныя схопкі і іншае. Ёй далі адпачыць. Эпідуральная анестэзія і аксітацын ставяцца, калі роды ўжо ў актыўнай фазе — мінімум на 5 см раскрыцця. Так што дакладна было раскрыццё шыйкі маткі, інакш выкарыстанне эпідуралки страчвае здаровы сэнс.
Пытанні да дзеянняў салігорскіх калег у Салаўя пачынаюцца далей. Калі жанчыну прымушалі тужыцца і выціскалі дзіця з жывата, то гэтая працэдура вельмі рызыкоўная, кажа медык. Ён адзначае, што яе лепш не выкарыстоўваць.
— Мяркуючы з усяго, там ужылі неразумны прыём Крыстэлера — выкарыстанне фізічнай сілы для выціскання плоду, — расказвае Салавей. — Ён няправільны з пункту гледжання здаровага сэнсу і бяспекі. Гэта не класічны, больш асцярожны прыём, калі доктар кладзе далонь на дно маткі і не цісне, а нібы стварае пункт апоры для яе. Часам хтосьці прыкладае невялікае намаганне, каб трошкі падштурхнуць. А ў такім прыёме выкарыстоўваецца якраз адкрытае выцісканне дзіцяці з жывата далонню, кулаком, перадплеччам, локцем, дзесьці ў Расіі быў дзівосны кадр, які ціснуў каленам! Усё гэта забароненае ў нашай краіне. Пры гэтым на практыцы вы наўрад ці знойдзеце акушэра-гінеколага, які за год ні разу гэтым не скарыстаўся. Часцей за ўсё выкарыстоўваюць Крыстэлера, калі дзіця ўжо ў родавых шляхах: зрабіць кесарава, калі яго галава ўжо пайшла ў таз жанчыны, вельмі складана тэхнічна і можа выклікаць пэўную траўму.
Паводле акушэра-гінеколага, у такой сітуацыі для даставання немаўляці за галоўку ў сусветнай практыцы могуць таксама выкарыстоўваць шчыпцы або вакуум. Ён тлумачыць, чаму беларускія медыкі ўсё ж выбіраюць забаронены прыём.
— Крыстэлер нідзе ў справаздачах не фіксуецца, а вось вакуум — гэта куча пісаніны, а за шчыпцы наогул рукі адарвуць, — кажа спецыяліст. У Беларусі яны падобныя да крыміналу. Хоць у дасведчаных руках шчыпцы — добрая методыка, яны бяспечнейшыя для дзіцяці, проста з імі цяжэй навучыцца працаваць. Рэкамендацыя СААЗ — практыкаваць, калі ў клініцы добрая школа і шчыпцы выкарыстоўваліся раней. Калі не, раяць выкарыстоўваць вакуум. Ён трохі горшы для дзіцяці, але ім складаней накасячыць. Вакуумы ў нашых радзільнях ёсць, але яны крыху дапатопныя. І яшчэ гэта аператыўныя роды, трэба пісаць разборы — пачынаецца галавамыйка. Таму доктару прасцей зрабіць умеранага Крыстэлера і спакойна скончыць роды. Пры гэтым можа пачацца выцісканне ў той ці іншай ступені. На жаль, гэта паўсюдная практыка. Думаю, у кожным радзільным доме за месяц у той ці іншай ступені гэты прыём выкарыстоўваецца.
«Кефалагематома з улікам таго, што ціснулі на жывот, — гэта ўжо не тое, што мусіць сустракацца ў медыцыне»
Нованароджаны сын Дар'і Дэйлід знаходзіцца на апараце ШВЛ. Паводле пацярпелай пацыенткі, у яго цяжкая ступень асфіксіі, кефалагематома левай цемянной косткі пасля родавай траўмы (гэта кровазліццё паміж надкосніцай і вонкавай часткай чэрапных костак), ацёк галаўнога мозгу і дыхальная недастатковасць 3-й ступені. Доктар кажа, што некаторыя з гэтых ускладненняў могуць наступаць у розных выпадках, у тым ліку і калі акушэрская брыгада спрацавала правільна.
— Асфіксія, якую зафіксавалі ў дзіцяці, у выпадках тэрміновага кесарава сячэння была, ёсць і будзе ва ўсім свеце. Можна задаць пытанне, чаму парадзіху не павезлі на аперацыю раней. Але існуе вельмі мала методык, якія дазваляюць добра маніторыць стан плода ў родах і заўважыць нешта раней, — тлумачыць Салавей. — А вось кефалагематома з улікам таго, што ціснулі на жывот, — гэта ўжо не тое, што мусіць сустракацца ў медыцыне. Так, тут, хутчэй, сапраўды гэта паспрыяла. Але яна можа сфармавацца і без прыёму Крыстэлера, калі дзіця спрабавала прайсці родавыя шляхі і пачалася асфіксія. Ацёк галаўнога мозгу — таксама прыкмета асфіксіі, дзіцяці перастаў паступаць кісларод у дастатковай колькасці. Гэта магло быць у любых родах. Рэдка даходзіць да цяжкіх праблем з дзецьмі, але такое бывае. Акушэрства — адна з самых экстрэмальных дысцыплін. Таму паедзе разбірацца камісія. Прычым у складзе з медыкамі, якія рабілі ў сваёй практыцы тое ж самае. Я не абяляю сваіх калег, але яны працавалі ў межах той сістэмы, якую я бачыў у той самай радзільні, дзе Алена Аркадзьеўна Гашкевіч (намесніца дырэктара па акушэрстве і гінекалогіі РНПЦ «Маці і дзіця». — Заўв. рэд.), якая паехала з праверкай у Салігорск, працавала начмедам. Таму калі вы думаеце, што гэта разавая гісторыя, то гэта не так.
Што пайшло не так і чаму дактары не правялі пацыентцы кесарава сячэнне, хоць яна сама і яе блізкія пра гэта прасілі? Салавей адзначае, што акушэры не пазбягалі аперацыі наўмысна і правялі яе, калі з’явіліся паказанні — у дзіцяці пачалася асфіксія.
— Гэта не так, што яны чынілі нейкі жах, абы не праводзіць кесарава, інакш адарвуць рукі. Яны спрабавалі зрабіць так, каб роды скончыліся натуральна, — кажа медык. — Атрымліваецца, нібыта ўсё было добра, жанчына худа-бедна дайшла да поўнага раскрыцця, але схопак няма. Слабасць патугаў можа цягнуцца ад гадзіны да дзвюх. Імаверна, потым дактары ўбачылі, што патугавы перыяд неэфектыўны, дынамікі няма, спрабавалі нарадзіць з выкарыстаннем Крыстэлера. І, зафіксаваўшы парушэнне сардэчнага рытму плода, пайшлі ў аперацыйную на кесарава сячэнне.
Тут трэба разумець, што гэта аперацыя, уваходжанне ў жывот. Тут шанец памерці вышэйшы на некалькі парадкаў у параўнанні з родамі, перыяд аднаўлення, рызыка ўскладнення — таксама ў разы вышэйшыя. Гэта вымушаная мера. Ну, і вы зразумейце, што зрабіць аперацыю брыгадзе гінеколагаў хутчэй, чым правесці роды. Умоўна, гэта па 40 хвілін на аперацыю і на справаздачу, калі роды займаюць гадзін 8−9. Але кесарава горшае для пацыенткі. Тут, хутчэй, пытанне ў тым, што ў нас няма адэкватнага абязбольвання, нармальнага стаўлення да пацыентаў, і кесарава ўспрымаецца як магчымасць пазбегнуць болю ў родах.
«Стаўленне да жанчыны як да інкубатара»
Дар’я Дэйлід, якая звярнулася да Лукашэнкі, казала таксама пра «адсутнасць медыцынскай этыкі і дэанталогіі, чалавечнасці і павагі» з боку супрацоўнікаў радзільні. Станіслаў Салавей таксама звяртае ўвагу на тое, як медыкі размаўлялі з жанчынай, што нараджала.
— Пацыент мусіць разумець, што з ім адбываецца. Усё мусіць тлумачыцца: мы ставім такія і такія лекі для таго і таго, робім тое і тое з такой і такой прычыны, — кажа доктар. — Стаўлення «заткніся і нараджай, усе нараджалі — і ты народзіш» не мусіць быць. Гэта страшна, балюча, чалавек элементарна мусіць разумець, што адбываецца. У нас жанчыны сутыкаюцца з пастаяннай зменай дактароў — прымае адзін, у аддзяленні паталогіі цяжарнасці з ёй іншы, на родах трэці, можа быць яшчэ і чацвёрты. Ва ўсім цывілізаваным свеце пацыентка яшчэ да родаў знаёміцца з брыгадай, паступае ў адну палату і там і знаходзіцца, побач могуць быць сваякі. А ў нас стаўленне да жанчыны як да інкубатара. Гэта самы вялікі касяк. І гэта зноў жа адваротны бок таго, што ў нас за любыя акушэрскія ўскладненні адрываюць рукі з пракуратурамі, КДБ, праверкамі. Персанал зашуганы ў нуль, што таксама не спрыяе нармальнай працы.
Пры гэтым доктар адзначае, што адказ блізкім салігорскай пацыенткі з парадай даведацца пра стан у яе самой можа ўпісвацца ў прававую сістэму беларускай аховы здароўя:
— Адкрываем закон «Пра ахову здароўя». Там напісана, што, калі пацыент пісьмова не адзначыць ці не скажа вусна, каму дазваляе даць пра сябе інфармацыю, гэта разгалошванне медыцынскай таямніцы, за якое медыка могуць звольніць ці пасадзіць. Таму фармальна, пакуль няма згоды пацыенткі на зносіны са сваякамі, а яна сама ў свядомасці, акушэры не могуць гаварыць за яе, каго яна нарадзіла, калі нарадзіла наогул. Таму чыста тэхнічна, калі не было пісьмовай згоды, усё было зроблена правільна. Але, відаць, тут касяк усё ж ёсць, бо звычайна пры планавым паступленні ў гісторыю хваробы запісваюць, каму можна паведаміць інфармацыю. Не думаю, што жанчына не адзначыла свайго мужа ці маму.
«У медыцыне немагчыма працаваць без памылак, але ў нас гэта ледзь не падсудная справа. У выніку гэтыя памылкі хаваюць, не разбіраюць»
Пацярпелая жанчына казала і пра нядбайнае стаўленне медперсаналу, прасіла пакараць «вінаватых на ўзроўні прэзідэнцкай праверкі». Як адзначае Салавей, у медыцыне варта раздзяляць паняцці халатнасці і ўскладненняў, медыцынскай памылкі.
— Халатнасць — гэта калі дактары забілі на пацыента, нічога не рабілі ці, наадварот, рабілі заведамае глупства. Крыстэлера можна сюды прыцягнуць як тое, чаго не мусіць быць у сучасным свеце, — кажа медык. — Калі здарыліся ўскладненні, значыць, усё было зроблена правільна, але проста так атрымалася. Напрыклад, разышоўся анастамоз (злучэнне паміж поласцямі. — Заўв. рэд.) — так бывае ў нейкім працэнце выпадкаў. Медыцынская памылка — гэта тое, што было, ёсць і будзе проста таму, што бывае атыповае цячэнне, нейкія анамаліі, рэдкія сітуацыі, якія немагчыма прадказаць, і іншае. Гэта нідзе ў свеце не падсудна. Напрыклад, на тысячу пацыентаў у пяці нагнояцца швы — гэта ўскладненне, і гэта проста статыстыка. А ў нас усё ператвараецца ў паляванне на ведзьмаў: з пацыентам нешта здарылася — вінаватыя дактары. Разумееце, калі пацыент памёр ад раку, нельга казаць, што вінаваты анколаг, бо яго не вылечыў.
Калі вярнуцца да таго, што апісвала пацыентка з Салігорска, магчыма, брыгада сапраўды вінаватая, нанесла траўму дзіцяці. А можа, гэта цалкам магло здарыцца і так, і ёй проста не пашанцавала. На жаль, такое бывае: роды ідуць добра — і тут рэзка асфіксія. Калісьці я быў інтэрнам і назіраў, як мой настаўнік праводзіў КТГ. Там паказчыкі ідэальныя! А ён кажа: «Мне яно не падабаецца. Вось проста сэрца не на месцы». І праз паўгадзіны з’яўляюцца прыкметы пагаршэння сэрцабіцця — мы ідзём у аперацыйную. Акушэрства — гэта вельмі складаная дысцыпліна.
Што тады рабіць пацыентам і як абараніць сябе, калі за памылкі дактароў не мусяць караць?
— Тут мы атрымліваем асноўную праблему нашай сістэмы. Са студэнцкай лавы нам выразна даюць зразумець: ты не абаронены, і калі на цябе прыйшла скарга, ты ўжо вінаваты, — тлумачыць Салавей. — І прышчапляецца сістэма, калі свой прыкрывае свайго. Бо медыкі ведаюць, што справядлівасці для нас няма, абараніць свае правы ў судзе мы не можам — нас зжаруць. У гэтай сітуацыі такое ж меркаванне, як я выказаў, хутчэй за ўсё, будзе ў камісіі, якая паехала ў радзільню. І тут будзе два варыянты: заступяцца за супрацоўнікаў або паказальна пакараюць.
Калі скарга ідзе ў гарздароўя і яна непублічная, з улікам усяго, што я расказаў, камісія стала б на бок дактароў. Так адбываецца і ў сітуацыях, калі медык ні пры чым, проста так здарылася. Хоць у нас даходзіць да маразму і нават пры парушэнні тэхнікі бяспекі, відавочных касяках, калі, умоўна, замест правай нагі адрэзалі левую. На аўтамаце практычна любая камісія будзе пакрываць свайго, проста разумеючы, што заўтра на цябе могуць накатаць скаргу, і калі ўсе ведаюць, што ты топіш сваіх, гэтаксама зробяць і з табой. Так сістэма фармуе кругавую паруку.
Але публічныя кейсы — зусім іншая рэч. Тут можа быць палітычнае рашэнне пакараць гэтую брыгаду. У нас у бальніцы быў выпадак, калі пасля родаў памерла жанчына. Праверка высветліла, што было рэдкае спалучэнне праблем. Спачатку камісія Мінздароўя бальніцы мазгі пракампаставала, потым з’явіўся СК. Пасля, здавалася б, ужо ўсё скончылася, усе выдыхнулі, як з раніцы прыехаў бусік, і ўсе, хто з ёй кантактаваў, паехалі на паліграф у КДБ. І нікога не хвалявала, што гэта працоўны дзень, куча планавых задач. Усіх забралі на допыт, «як вы там, група ўзброеных скальпелямі людзей, жанчыну замучылі».
Медыцынская памылка адбываецца не таму, што спецыяліст кепскі, а таму, што так бывае. Гэта падстава сабрацца, высветліць, чаму так здарылася і як гэта ў будучыні выправіць. У медыцыне немагчыма працаваць без памылак, але ў нас гэта ледзь не падсудная справа. У выніку гэтыя памылкі хаваюць, не разбіраюць, як зрабіць, каб яны не паўтараліся. Калі мы будзем звальняць або адхіляць на год кожнага, хто дапусціў памылку, у нас у краіне не будзе ніводнага доктара, які працуе. Нідзе ў свеце гэта не караецца і не мусіць карацца.
Чытайце таксама


