Літва скіравала Беларусі рашучы пратэст у сувязі са смерцю ў зняволенні яе грамадзяніна, затрыманага па падазрэнні ў кантрабандзе боепрыпасаў, паведамляе Міністэрства замежных справаў Літвы.
Літовец быў затрыманы ў Беларусі 31 снежня 2023 года ў пункце пропуску «Беняконі». Як паведамляла ў сваім прэс-рэлізе ад 10 студзеня гэтага года Гродзенская мытня, у яго аўтамабілі знайшлі 98 пісталетных патронаў (9×18ПМ) для зброі калібрам 9 мм.
У дачыненні да мужчыны распачалі крымінальную справу па ч. 1 арт. 333−1 КК (Незаконнае перамяшчэнне праз мытную мяжу Еўразійскага эканамічнага саюза або дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь боепрыпасаў).
Літоўца ўзялі пад варту, дзе ён пазней і памёр. Па гэтым факце Вільнюс уручыў часоваму паверанаму ў справах Беларусі ў Літве ноту, у якой быў выказаны «рашучы пратэст».
«Консульскія работнікі Літоўскай Рэспублікі не былі належным чынам праінфармаваныя пра затрыманне грамадзяніна Літоўскай Рэспублікі і падставы для такой меры, пра стан здароўя грамадзяніна, ім не далі магчымасці наведаць затрыманага і даць яму неабходную консульскую дапамогу. Такімі дзеяннямі Рэспубліка Беларусь груба парушыла Венскую канвенцыю пра консульскія зносіны», — гаворыцца ў ноце.
У МЗС Літвы запатрабавалі ад беларускага боку неадкладна даць інфармацыю пра стан грамадзяніна на момант затрымання, пацвердзіць факт смерці і паведаміць усе абставіны.
Чытайце таксама