Палітзняволеная беларуска Кацярына Новікава апісала сваё затрыманне і наступнае зняволенне на шматку туалетнай паперы, які перадала крыніцы выдання «Белсат». У лісце яна расказала, што яе збівалі супрацоўнікі ГУБАЗіК за інтэрв'ю, сацсеткі і пісьмовыя звароты.
Кацярына Новікава расказала, што падчас затрымання яе збіў супрацоўнік ГУБАЗіК Іван Васілевіч. Тое самае адбылося і ў штабе ўпраўлення на Рэвалюцыйнай, 3, дзе яе «ставілі на сцяг, білі ўсім кабінетам», у тым ліку па галаве.
«Сказалі, што за мае інтэрв'ю, канал і за мае пісьмовыя звароты», — апісвае Кацярына Новікава стаўленне сілавікоў.

Лісты палітзняволенай амаль не даходзяць, а «малюнкі забаранілі».
«Я звалілася з другога паверха з ложка, галавой аб драўляную паліцу. Здымак зрабілі, але больш за месяц не паведамляюць вынік», — піша Кацярына.
Паводле Новікавай, пацярпелымі па яе справе выступаюць тыя, ад каго яна сама пацярпела ў 2020 годзе. Суддзя і пракурор, кажа яна, «тапілі за Лу» (Аляксандра Лукашэнку. — Заўв. рэд.) і прыніжалі яе як маглі.
«Вельмі шмат палітычных тут, але многія з іх выпадкова палітычныя і стукаюць адно на аднаго. Мама агаварыла мяне следаку (следчаму. — Заўв. рэд.), я ў шоку была», — дадала палітзняволеная.

Як піша «Вясна», Кацярыну Новікаву затрымалі летам 2023 года ў адной начнушцы, у якой яна сядзела ў СІЗА да першай перадачы ад родных.
Яе судзілі па сямі артыкулах Крымінальнага кодэкса, сярод якіх «перашкода законнай прафесійнай дзейнасці журналіста» і «распальванне варожасці», прызначылі 6,5 года зняволення. Яна мусіць заплаціць 3000 рублёў у якасці кампенсацыі «пацярпелым».
Цяпер яна знаходзіцца ў СІЗА на Валадарцы.