Салігарчанін Аляксандр Гойшык працягвае сваё падарожжа па В’етнаме. На гэты раз ён расказвае пра яго курортную частку. Гойшык наведаў «галоўны рускі горад» краіны і нават заспеў візіт Уладзіміра Пуціна ў Ханой. Пра кошты, прыродную прыгажосць В’етнама і расійскую прапаганду — у новай частцы дзённіка беларуса.
Крамы «Пятерочка» і кафэ «У Володи»
Пасля цікавых выходных у гасцях у легенды беларускага рэгі настаў час працягваць сваё падарожжа і кіравацца на поўнач В’етнама. Дзіма даў мне кантакты яшчэ аднаго беларуса, які жыве ў курортным горадзе Нячанг (галоўным «рускім» горадзе) і працуе там бармэнам. Дзесяць гадзін спальным «лімузінам» — так тут называюць VIP-аўтобусы павышанай камфортнасці — і вось я нібыта зноў вяртаюся на «Пхукетск».


Настолькі шмат тут турыстаў з нашай усходняй суседкі. Паўсюдныя абвескі «посылки в Россию», кавярні «У Леши», «Сибирячка», «Нина» і «У Володи», нават крамы «Пятерочка» надаюць своесаблівв антураж.
Ну, хаця б не бачыў рэкламы «доставка алкоголя 24/7», як тое было ў Тайландзе — ужо прагрэс. На маю думку, пляжы тут куды горшыя, чым на Пхукеце, але агулам усё куды таней, чым у Тайландзе.


Я спыніўся ў вельмі крутым хостэле з басейнам на даху дваццаціпавярховіка і бясплатным сняданкам усяго за шэсць долараў за ноч. Каб паспець усё паглядзець, арэндаваў скутар за пяць долараў на паўдні.
Непадалёк месціцца прыгожы, але надта папсовы востраў забаваў Вінперл — «бамбукавы востраў». Там з нуля збудавалі цэлыя кварталы з закосам пад «старую Еўропу». На гэтым жа востраве — мясцовы «Дыснэйлэнд».
Дабрацца можна па канатнай дарозе (нібыта самай доўгай у свеце) за чатыры долары. Пару гадзінак пагуляць дастаткова, відовішча збудавага нанова кавалка «старой Еўропы» ўражвае, амаль зусім бязлюднае месца. Збудаваць - збудавалі, але мясцовы бізнэс неяк не асабліва спяшаецца арэндаваць там памяшканні і адкрываць крамы і кавярні.





У наступнай серыі маіх падарожных нататак я раскажу вам пра Макаа (незалежную краіну-казіно нібыта ў складзе Кітая, але не зусім). Дык вось там розныя кавалкі «старой Еўропы» адбудаваныя значна лепш, і поўна народу.
Паганяў па Нячангу, паглядзеў асноўныя цікавыя месцы, здзівіўся колькасці «руссо туристо облико морале» і завітаў да нашага беларуса, які трымае там бар. Кірыл даўно з’ехаў з Беларусі, жыў і працаваў бармэнам у Кіеве, там у яго была сям’я. Старыя знаёмыя яшчэ па тусоўцы з Казантыпа залатых часоў, калі Крым належыў Украіне, запрасілі яго папрацаваць бармэнам у В’етнаме. Праз пару месяцаў здарыўся кавід, усё было закрыта, бар збанкруціўся. Так мой новы прыяцель «завіс» тут надоўга.


Цяпер ён ужо трэці год знаходзіцца ў В’етнаме нелегальна. Але гэта нібыта не праблема. За пэўную суму усё можна вырашыць. Карупцыя справа абсалютна паўсюдная, усе ведаюць правілы гульні і расцэнкі.
Мне расказалі простую схему развода турыстаў. Бярэш ты ў арэнду скутар, а ніхто нават не глядзіць, ці ёсць у цябе пасведчанне кіроўцы. Аднак калі спыняе паліцыя, то можа гэтае пасведчанне праверыць. І нават калі яно ў вас ёсць, але не міжнароднага ці нават мясцовага в’етнамскага ўзора, у вас праблема. Тэарэтычна могуць нават забраць скутар на штраф-стаянку і ўляпіць штраф пад сотку долараў. На такі выпадак трэба мець пры сабе падрыхтаваныя загадзя 200 тыс. донгаў (каля васьмі долараў). Гэта стандартны «тарыф», які вырашыць усе праблемы, і вы зможаце ехаць далей.
Таксама ў Кірыла сканчваецца беларускі пашпарт, які цяпер нельга атрымаць за мяжой праз беларускае консульства. І ён не ведае, што рабіць. У такой сітуацыі апынулася мноства беларусаў, якіх я сустрэў на сваім шляху.
В’етнамская Венецыя і прозвішча Нгуен у 40% краіны
Наступны спальны аўтобус за 12 гадзін перанёс мяне на 650 км на поўнач, у яшчэ адзін папулярны курорт В’етнама — Дананг. Я ўжо добра прызвычаіўся да гэтых аўтобусаў і маленькіх спальных месцаў у іх, выдатна высыпаюся.
Па дарозе у Дананг чамусці перастала працаваць мая сім-карта, якую я падключыў у Сайгоне. Як высветлілася пасля візіта ў офіс мабільнага аператара, тая сімка працуе толькі на поўдні краіны, на поўначы трэба купляць ячшэ адну. Адлегласць паміж Сайгонам і Ханоем — 1700 км, усяго ж краіна выцягнутая з поўначы на поўдзень больш чым на 2500 кіламетраў. Яшчэ чатыры долары — і праблема вырашаная, я зноў на сувязі на ўсёй тэрыторыі паўночнага В’етнама.
Арэндую скутар на два дні за восем долараў, каб наведаць самыя цікавыя месцы непадалёк: прыгожыя пячоры ў мармуровых гарах, статую Ледзі Буды і Хойан — в’етнамскую Венецыю з мноствам каналам і шматлікімі чоўнамі, на якіх можна пабачыць фантастычна прыгожы захад сонца.





Хайан — вельмі маляўнічы гарадок, куды можна прыехаць з Данангу, каб пагуляць пару гадзінак і адчуць сапраўднае хараство Старога горада, пабачыць, як турысты запускаюць ліхтарыкі па вадзе, і зладзіць абавязковую, несанкцыянаваную Мінгарвыканкамам, акцыю «Акунусь за Беларусь!».




У Данангу па каўчсёрфінгу я спыняўся ў Сані — піцерскага металіста, які з’ехаў з Расіі пасля аб’яўлення мабілізацыі. Яны пакінулі краіну ўсёй кампаніяй сяброў, якія таксама прымаюць гасцей па каўчсёрфінгу. У першы ж вечар я з усімі пазнаёміўся. З хлопцамі з Піцера і Петразаводска, а таксама іх гасцямі з Румыніі і ЗША. А ў апошні вечар замуціў дранік-паці з мачанкай. Усе былі ў захапленні.


Дамовіліся абавязкова сустрэцца ў новай свабоднай Беларусі. Зваджу іх на экскурсію на салігорскія горы. Па словах маіх новых расійскіх прыяцеляў, у в’етнамскім грамадстве вельмі моцныя прапуцінскія настроі, мясцовая прапаганда рэтранслюе расійскую. Нават ёсць крамы дзіцячай вопраткі PUTIN!
У наступны горад з экзатычнай для нашага вуха назвай Хюэ я ехаў чыгункай у сядзячым вагоне. Мясцовая чыгунка дакладна не дацягвае да стандартаў Тайланда і Малайзіі, але вельмі танна, квіток абыйшоўся мне ў чатыры долары за 100 км.


Спыніўся ў вельмі цывільным хостэле таксама за чатыры долары. Горад знакаміты сваім комплексам помнікаў дынастыі Нгуен, пры якой ён быў сталіцай В’етнама. У 1993-м комплекс (храмы, палацы, маўзалеі) быў уключаны ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЭСКА. Падчас в’етнамскай вайны комлекс быў моцна разбураны. Пры новым камуністычным урадзе там не праводзілася ніякай рэстаўрацыі, таму што яго лічылі ганебнай спадчынай феадалізма. Толькі пасля ўключэння ў спіс ЮНЭСКА яго пачалі паступова адбудоўваць.
Комлекс вельмі ўражвае. Тут жа можна даведацца пра сучасны в’етнамскі алфавіт на аснове лацініцы, заснаваны французскім езуіцкім прапаведінкам Аляксандрам де Родам. Да яго в’етнамская мова запісвалася кітайскім іерогліфамі, так званым тьы-ном — народным пісьмом. Але каланіяльная адміністрацыя Францыі, якая кіравала В’етнамам у межах французскага Індакітая, не безпаспяхова старалася вычысціць увесь кітайскі ўплыў.






Таксама тут я даведаўся пра традыцыйныя в’етнамскія імёны. Аказваецца, ажно амаль 40% насельніцтва краіны мае прозвішча Нгуен, наступныя па папулярнасці — Чан, Ле, Фам — носяць яшчэ па дзесяць працэнтаў насельніцтва адпаведна. У гэтым гарадку паспрабаваў цікавы в’етнамскі аналаг кальяна — бамбукавую люльку дзіеў кай, дзе дым адмысловага тытуню праходзіць праз водную лазню.

Лічыцца, што ўдыханне гэтага дыма паляпшае абмен рэчываў, расслабляе мышцы і нармалізуе страваванне. Я неяк не змог урубіцца ва ўсе гэтыя цудатворныя ўласцівасці, толькі моцна пракашляўся і вырашыў больш не спрабаваць.
Фантастычнай прыгажосці бухта Халонг
Чарговы спальны аўтобус да в’етнамскай сталіцы, дзе мяне таксама чакалі нашыя беларусы, дакладней, беларускі. Ханой напоўнены камуністычнай прапагандай, тут месціцца маўзалей Хошыміна, візуальна вельмі падобны на будынак Палаца Рэспублікі ў Мінску.
Мой прыезд акурат супаў з афіцыйным візітам Пуціна ў В’етнам. На кожным слупе ў цэнтры горада луналі в’етнаскія і расійскія сцягі. Расійскія прапагандысты здымалі свае відэа на фоне помніка Леніна.



Прыгожы Стары горад і турыстычная чыгуначная вуліца, дзе цягнік праязджае літаральна ў паўметры ад столікаў, дзе сядзяць турысты. У адрозненні ад Сайгона, Ханой пакінуў у мяне вельмі змяшаныя і неадназначныя пачуцці. Мяне запрасілі ў госці нашыя беларускі, якія больш за дзесяць гадоў жывуць тут. Вельмі цікавы вечар у іх кампаніі, разам з дранікамі і мачанкай.




Усяго ў дзвюх гадзінах ад Ханоя месціцца фантастычнай прыгажосці бухта Халонг. Аб’ект сусветннай спадчыны ЮНЭСКА з больш чым 3000 выспамі. Мне цяжка падабраць словы, каб апісаць свае ўражанні ад гэтага месца, напэўна, самага прыгожага ва ўсім В’етнаме.
Экскурсія на турыстычнай яхце на ўвесь дзень каштавала каля 15 долараў разам з харчаваннем. Неверагодна маляўнічыя выспы, скалы, уцёсы і пячоры. Назва Халонг перакладаецца як «месца, дзе дракон спусціўся ў мора». Згодна з легендай, бухта была ўтвораная вялікім драконам, які жыў у гарах. Пасля пагружэння ў ваду яго хвост пакінуў ямы, якія потым запоўніліся вадой.
Надзвычай турыстычная бухта, аднак мне вельмі спадабалася. На дзіва маляўнічыя краявіды, прыгожыя выспы і пячоры, чыстыя пляжы. Адназначна вартая наведвання, галоўная візітоўка В’етнама!



Апошнім месцам майго в’етнамскага падарожжа стала невялікае мястэчка Лангшон каля самай мяжы з Кітаем. Вырашыў зрабіць невялікі перапынак, адпачнуць і добра падрыхтавацца перад заездам у Паднябесную.
З майго мінулага падарожжа ў Кітай я добра памятаю, што гэтая краіна — нібыта іншая планета. Перш за ўсё трэба усталяваць добры VPN на свой смартфон, бо там будзе заблакавана ўсё што можна. Мой салігорскі сябра спецыяльна для мяне настроіў VPN-сервер на вельмі малавядомым рэсурсе. Гэта вельмі павялічвала мае шансы на вольны інтэрнэт. Чым менш вядомы VPN, тым большая верагоднасць, што кітайскія камуністычныя ўлады яшчэ яго не заблакавалі.
Аддаў вопратку пасцірацца — невядома, як яно будзе на тым баку. Выйшаў прагуляцца, мінаю невялікую краму з рознымі гарбатамі — а там уладальнік глядзіць расійскую прапаганду з в’етнамскімі субтытрамі.
Спыніўся, каб зрабіць фота, уладальнік запрасіў мяне выпіць з ім розных гатункаў вельмі дарагой гарбаты. Ён прыкінуўся, што зусім ніяк не размаўляе па-англійску, каб пазбегнуць размовы пра палітыку. Мне гэта вельмі нават пасавала, таму што пра гарбату ён мог цікава няблага расказваць.
Пасядзелі мы з ім, перацёрлі «за жызнь». Ён мне нават адсыпаў белай гарбаты ў падарунак. І наступнай раніцай я заехаў ў Кітай, пра што раскажу ў наступнай серыі маіх падарожных нататак.
Чытайтце таксама


