Амбасадар Украіны Васіль Зварыч быў выкліканы ў МЗС Польшчы ў сувязі з заявай Уладзіміра Зяленскага, які «неадназначна пракаментаваў» на форуме ААН рашэнне пра ўвядзенне эмбарга на ўкраінскае збожжа, піша RMF24.
Нагадаем, падчас дэбатаў на 78-й сесіі Генасамблеі ААН Уладзімір Зяленскі, сярод іншага, заявіў, што «некаторыя нашыя сябры ў Еўропе гуляюць у салідарнасць на палітычным тэатры, здымаючы трылер са збожжам».
«Мы запусцілі часовы марскі экспартны калідор з нашых партоў. Мы ўпарта працуем над захаваннем сухапутных маршрутаў экспарту збожжа. І выклікае трывогу тое, як некаторыя з нашых сяброў у Еўропе разыгрываюць салідарнасць у палітычным тэатры, здымаючы трылер са збожжам. Можа падацца, што яны граюць сваю ролю, але насамрэч яны дапамагаюць падрыхтаваць глебу для маскоўскага актора», — сказаў Уладзімір Зяленскі.
У адказ прэм’ер-міністр Матэвуш Маравецкі нагадаў, што Польшча была першай краінай, якая адчыніла свае дзверы для Украіны і дапамагла пастаўкамі зброі і гуманітарнай дапамогі. «Пасля ўсяго гэтага мы не можам чуць якіх-кольвек двухсэнсоўных — а некаторыя лічаць адназначных — фармулёвак, якія скідаюць нас да ролі індыферэнтнай дзяржавы», — заявіў прэм’ер-міністр.
Напярэдадні ў Польшчы дапусцілі, што могуць знізіць падтрымку Украіны з прычыны збожжавага крызісу. Польскі міністр па справах ЕС Шыман Шынкоўскі вель Сэнк заявіў, што крокі, зробленыя Украінай [пазоў у Сусветную гандлёвую арганізацыю], негатыўна адбіваюцца на двухбаковых адносінах.
«Дзеянні Украіны нас не ўражваюць, але робяць пэўнае ўражанне на польскую грамадскую думку. Гэта відаць па апытаннях, па ўзроўні грамадскай падтрымкі далейшай дапамогі Украіне. І гэта шкодзіць самой Украіне», — сказаў міністр.
Ён падкрэсліў, што, калі палякі не будуць аказваць дапамогу Украіне ў тым аб’ёме, у якім яна мела месца дагэтуль, гэта будзе значыць, што яе давядзецца абмежаваць.