Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. «У диктатуры нет друзей, есть только слуги». Писательница обратилась к сторонникам власти на фоне случившегося с Бондаревой
  2. Битва за частный сектор: минчане отказываются покидать дома ради нового парка
  3. Тревожный звоночек. Похоже, исполняется неоптимистичный прогноз экономистов
  4. «Давний друг» Лукашенко, который долго игнорировал приглашения посетить Минск, похоже, все-таки прилетит в Беларусь
  5. Почему Лукашенко больше не отпускает политзаключенных? И зачем КГБ устроил облавы на риелторов? Спросили у политического аналитика
  6. «Не думаю, что что-то страшное». Попытались устроиться в госорганизации с подписью на последних выборах не за Лукашенко — что вышло
  7. «Пути молодых мужчин и женщин расходятся»? Откуда растут ноги у тренда, о котором эксперты давно бьют тревогу (но лучше не становится)
  8. «Учится в первом классе». В Гомеле девочка пропала из продленки, а нашлась в реанимации больницы
  9. Литва ввела новый запрет в двух оставшихся пунктах пропуска на границе с Беларусью
  10. Кремль старается переложить вину за отказ от прекращения огня на Киев и требует выполнить условия, которые сделают Украину беззащитной
  11. Чем занималась жена Лукашенко перед пенсией? Рассказываем, где работают некоторые члены семьи политика
  12. «У меня нет буквально никаких перспектив, и я буквально никому не нужен». Роман Протасевич рассказал, «как обстоят дела»
  13. Госсекретарь США заявил, что Трамп готов бросить попытки помирить Украину и Россию и «двигаться дальше» — при каком условии
  14. Антирекорд за 15 лет. В Беларуси была вспышка «самой заразной болезни» — получили закрытый документ Минздрава
  15. Правозащитники: В Дзержинске проводят задержания и обыски, повод — послевыборные протесты
  16. «Беларусов действительно много». Поговорили с мэром Гданьска о наших земляках в городе, их бизнесе, творчестве и дискриминации
  17. Что стало с «крышей» Бондаревой? Артем Шрайбман порассуждал, почему известная активистка оказалась за решеткой
  18. В Польше при загадочных обстоятельствах погиб беларусский активист
Читать по-русски


Яўгену Грамадскаму 23 гады, ён атрымаў званне Героя Украіны ў 2022-м. Цяпер старшы лейтэнант служыць у 92-й асобнай штурмавой брыгадзе камандзірам роты і працуе на Бахмуцкім напрамку. Мы пагаварылі з маладым афіцэрам пра сустрэчу з Уладзімірам Зяленскім і Валерыем Залужным, полк Каліноўскага, смерць бацькі, расійскіх палонных, новае пакаленне ўкраінскіх вайскоўцаў і самы вялікі жах на вайне.

23-гадовы Герой Украіны Яўген Грамадскі, 2023 год. Фота: старонка суразмоўцы ў Instagram

Смерць бацькі

— У сакавіку 2022-га вам надалі званне Героя Украіны. За што?

— За абарону Харкава падчас першых баёў, калі былі спробы прарыву. Я выдатна разумеў, што трэба браць адказнасць і ісці ваяваць. Камандзіры гэта заўважылі і падалі мяне на такую высокую дзяржузнагароду.

Мы ўтрымлівалі трасу Белгарад — Харкаў. Мне паступіла каманда высоўвацца, на выездзе з горада я сустрэў нашых, якія адступалі. Я прыняў рашэнне займаць абарону на акружной трасе Харкава. Я зрабіў агнявы мяшок (раён, па якім можна атакаваць з некалькіх бакоў. — Заўв. рэд.). Уначы пачалася спроба прарыву ў сам горад. Праціўнік ўклініўся ў нашую лінію абароны, мы іх сустрэлі. Стрэламі з ручных супрацьтанкавых гранатамётаў знішчылі галаву калоны, а потым і рэшту тэхнікі.

— Апішыце свае пачуцці ў першыя дні вайны.

— Я больш перажываў не за сябе, а за падначаленых — гэта маладыя шараговікі 18−19 гадоў. На другі дзень загінуў бацька (Алег Грамадскі быў вядомым украінскім вайскоўцам. — Заўв. рэд.), але я адключыў эмоцыі. Трэба проста ваяваць, а не займацца пахаваннямі. Потым будзем думаць, што, як, навошта і чаму. Я бацьку пахаваў толькі праз 2,5 тыдня.

— Як ён апынуўся ў баі?

— Бацька быў на пенсіі. У яго вялікі досвед вядзення баявых дзеянняў. Ён вырашыў дапамагчы і падтрымаць, калі ўсё пачалося, і прыехаў да мяне.

— У якіх абставінах ён загінуў?

— Яны выязджалі са сваёй пазіцыі і трапілі пад артылерыйскі абстрэл. Бацька выскачыў з машыны. У яго былі множныя кулявыя раненні і два аскепкавыя, не сумяшчальныя з жыццём, — у галаву і ў руку. Вось і ўсё.

— Калі вы пра гэта даведаліся?

— Я накіроўваўся з-пад абстрэлу на запасныя пазіцыі, трэба было памяняць баявую машыну, яна была пашкоджаная. Мяне выклікаў камандзір і сказаў: «Знайшлі цела твайго бацькі, ён загінуў». У мяне забралі зброю і сказалі ісці ў адпачынак. Я адказаў: «Ніякага адпачынку, аплакваць потым будзем». Ужо на наступны дзень мне паставілі задачу высоўвацца на ўчастак абароны горада.

— Як перажылі страту?

— Ніяк. Я маральна адпусціў. Так, цяжка страціць блізкага чалавека на вайне. Тым больш гэта бацька, які быў прыкладам і маім гонарам. Я імкнуся зарабіць такую ж павагу ўчынкамі, як і ён. Мне яго не хапае. Элементарна хочацца патэлефанаваць і спытаць парады. Але я адпусціў сітуацыю, разумею, што жыццё на гэтым не заканчваецца.

— Чаму пахавалі толькі праз 2,5 тыдня?

— Не працавалі моргі. У першыя дні вайны людзей туды проста звозілі, і ўсё. Не было магчымасці выдаць паперы, Ускрыццё правесці, агляд прайсці. Целы проста ляжалі адно на адным, было вельмі шмат цывільных. Маму эвакуявалі. Мне трэба было камандаваць абаронай участка. Калі была магчымасць, у тэлефонным рэжыме спрабаваў вырашыць пытанне з пахаваннем.

— Дзе яно прайшло?

— У Харкаве на могілках № 18. Мы з маімі таварышамі прывезлі цела бацькі і самі ж яго там і пахавалі, з усімі ўшанаваннямі, якія належаць афіцэру.

— Калі вы былі падлеткам, бацька служыў у зоне АТА, вы прыязджалі да яго на канікулы. Ён тады дазваляў вам разам з іншымі байцамі ездзіць на пазіцыі?

— Так. Ён разумеў, што ягоныя хлопцы не дадуць мяне пакрыўдзіць. Як казаў бацька, «ты лепш прабавіш час тут пад наглядам, чым дзе-небудзь з наркотыкамі ці алкаголем». Мне і самому было цікава. Я нацыянальна настроены падлетак, бацька на вайне, мама таксама там, што мне рабіць? Там людзі гінуць. Хлопцы не хацелі мяне браць з сабой на аперацыі: «Ты падлетак, сын камбата, а калі з табой нешта здарыцца?» Я сам напрошваўся.

— Бацька спакойна адпускаў?

— Перажываў. Але калі разумеў, што гэта бяспечна, то даваў дабро. Калі гэта была разведвальная аперацыя або трэба было выйсці на апорны пункт праціўніка, то тады не адпускаў. Памятаю, як з СПГ (супрацьтанкавы гранатамёт. — Заўв. рэд.) стралялі. Мы выходзілі рана раніцай і пачыналі працаваць па праціўніку, разрывалі ў трэскі.

— Цяпер, калі вы ваюеце, вы помсціце за бацьку?

— Так, але не толькі за яго. У мяне шмат сяброў загінула на гэтай вайне, за якіх максімальна хочацца помсціць. Больш за ўсё — за майго падначаленага і блізкага сябра Шчыгла. Помсціць, помсціць, помсціць. Ён быў для мяне старэйшым братам. Я захапляўся ім. Ён загінуў падчас артылерыйскага абстрэлу, яму аскепкі трапілі ў сонную артэрыю. Мы нядаўна дабіліся, каб яму пасмяротна надалі званне Героя Украіны. Ён гэтага заслугоўвае.

Владимир Зеленский вручает звание Герой Украины Евгению Громадскому, 24 сентября 2022 года. Фото: Офис президента Украины
Уладзімір Зяленскі надае званне Героя Украіны Яўгену Грамадскаму, 24 верасня 2022 года. Фота: Офіс прэзідэнта Украіны

Зяленскі і Залужны

— Узнагароджваў вас прэзідэнт Украіны. Як усё прайшло?

— Загад быў апублікаваны 25 сакавіка 2022 года. Ордэн мне ўручылі толькі ў верасні. У жніўні я напісаў у Офіс прэзідэнта: «Загад быў, а яшчэ не ўручылі. У чым прычына?» Мяне ўжо сябры пачалі падколваць: «Табе, відаць, пасмяротна далі». 28 верасня мяне выклікалі ў Кіеў на ўзнагароджанне. Калі я падышоў да прэзідэнта, я забыў сваё імя: «Пан президент України, старший лейтенант…» — і забыў. Хваляванне было вельмі вялікае.

— Як Уладзімір Зяленскі адрэагаваў?

— Ніяк. Я, дарэчы, яго вельмі моцна паважаю. Чалавек блізкі да народа. Я рады, што ён прэзідэнт. Ён шмат зрабіў для краіны.

— Вы тады звярнуліся да галоўнакамандуючага УСУ Валерыя Залужнага, навошта?

— Я тады служыў у Нацгвардыі і хацеў перавесціся ў брыгаду, у якой цяпер знаходжуся. Тут бацька служыў, і я марыў пра гэта. Мяне не хацелі пераводзіць, і я скарыстаўся момантам і падышоў да Залужнага. Патлумачыў усю сітуацыю. Праз тыдзень усё адбылося.

— У вас былі дакументы з сабой?

—  Так. Я спадзяваўся, што ў мяне будзе магчымасць максімальна хутка вырашыць пытанне. Сабраў усе паперы і склаў ва ўнутраную кішэню.

— Да гэтага вы з Залужным сустракаліся асабіста?

— Не, але ён служыў разам з бацькам.

— Што бацька пра яго расказваў?

— Ён заўсёды вельмі пазітыўна адгукаўся пра галоўнакамандуючага. Чалавек слова і гонару. У яго няма задачы выслужыцца перад кімсьці, ён хоча зрабіць максімальна камфортна для байца і выканаўцы. На кароткай назе з людзьмі — не саромеецца падысці да салдата і спытаць, як справы.

Евгений Громадский, 2023 год. Фото: страница собеседника в Instagram
Яўген Грамадскі, 2023 год. Фота: старонка суразмоўцы ў Instagram

Контрнаступленне і мульцікі з ворагам

— Вы былі ўдзельнікам Харкаўскага контрнаступлення ў 2022-м. Чаму тады УСУ дамагліся такіх поспехаў?

— Непасрэдна ініцыятыва некаторых падраздзяленняў.

— Што гэта значыць?

— Задача стаяла адна — прайсці паўдарогі пэўнага ўчастка. А некаторыя праяўлялі ініцыятыву і казалі: «А навошта нам тут стаяць? Хадзем далей». Людзі былі максімальна матываваныя перайсці ад абароны да наступу. Мы прасунуліся наперад на сотні кіламетраў. Была максімальная аддача пасля першых поспехаў: «У нас атрымліваецца, Давайце далей, чаго нам спыняцца тут».

— Што было на вызваленых тэрыторыях?

— Шмат калабарантаў. Гэта вельмі моцна хвалявала. Яны не разумелі, думалі, што мы расіяне. Так, большасць людзей пазітыўна сустракалі: «Мы вас чакалі». Патрыятычна настроеныя ўкраінцы, шмат такіх было, асабліва ва ўзросце да 50 гадоў. Тыя, хто старэйшы, пажылыя — ім было ўсё роўна, хто будзе. Расіяне прыйшлі — добра. Украінцы прыйшлі — будзем пад украінцамі. Так яны разважалі.

— Як цяпер на лініі фронту?

— Стабільна, паволі рухаемся. Ёсць частковыя поспехі. Працягваем вяртаць пазіцыі, якія былі страчаныя.

— Чаму гэтае контрнаступленне ідзе складаней?

— Мне здаецца, праз тое, што праціўніку далі магчымасць падрыхтавацца і навучыцца ваяваць. Калі было Харкаўскае контрнаступленне, у расіян не было арганізаванага кіравання паміж падраздзяленнямі. Плюс цяпер з’явіліся мінныя палі, інжынерныя збудаванні, доты (доўгачасовыя агнявыя пункты. — Заўв. рэд.). Яны паспелі ўмацавацца.

Цяпер расійскае войска забяспечваюць старымі савецкімі танкамі Т-55. Але гэта танк, ён страляе. Няважна, што ён стары. Людзей у іх больш. Нават калі яны хаатычна страляюць. На 10 тысяч куляў адна трапіць. Мы сустракаліся з вельмі сур’ёзным праціўнікам, было цяжка.

Вось кажуць, што вагнераўцы — гэта мяса. Але там таксама ёсць шмат дасведчаных байцоў. Адзінае, што яны вельмі моцна баяцца сваіх камандзіраў. Калі ім сказалі, што трэба ўзяць пазіцыю, то яны пачынаюць дакладна, не думаючы, ісці ў лабавую. Часам становіцца страшна, калі падымаюцца 100 чалавек і пачынаюць ісці на цябе. Ты частку забіў, са 100 засталося 10, тут яшчэ 100 ідуць, і гэтак далей. А вы стаіце ў абароне. Іх поспехі былі дзякуючы колькасці.

— Я ведаю, што вам даводзілася надзяваць расійскую форму. Навошта?

— У мяне ёсць расійскі камплект «Горка» — звычайная зялёная форма. Я ў ёй часам хадзіў. Мой таварыш навучыў мяне гэтай тэме: «Не трэба прадстаўляцца, што ты ўкраінскі вайсковец. Проста падыходзь і пытай: „Бабуль, а дзе нашыя?“ І яна табе сама раскажа, хто нашыя і дзе яны». І ты выконваеш такую агентурную ролю.

Ці мы ішлі, я ж рускамоўны, і сустракалі расіян, маглі павітацца з імі і разысціся. Мы ў асноўным з мясцовым насельніцтвам працавалі: «Мы адсталі, спрабуем нашых знайсці, радыёстанцыя села». Яны адказваюць: «Нашыя рускія? Вунь туды і туды, хлопчыкі. Толькі направа не хадзіце — там міны».

— Вы бераце палонных. Як праходзяць зносіны з імі?

— У першую чаргу даведваемся інфармацыю па кірунку — ці ёсць камандзіры, якая лінія абароны, дзе пазіцыі, якое ўзбраенне. Потым ужо пытаем, што за чалавек, адкуль прыехаў і гэтак далей. А ў канцы пачынаюцца свецкія размовы: «Вы прыехалі вызваляць нас, а ад чаго?» Цікава, як яны думаюць. Ты прапануеш гарбату, каву, цыгарэту. А ён: «Кава? І цыгарэту можна?» У іх пачынаецца error 404. «Нам жа расказвалі, што тут нацысты, якія ўсіх забіваюць, а тут чалавечае стаўленне». Мы ставімся да ваеннапалонных як мае быць, каб не паўтараць лёсы гэтых рускіх сабак, якія паводзяць сябе бесчалавечна з нашымі хлопцамі — збіваюць, катуюць, калечаць і забіваюць. Няма ў іх ніякага гонару.

Украинские военнослужащие стреляют из гаубицы М777 на линии фронта в Харьковской области, Украина, 21 июля 2022 года. Фото: Reuters
Украінскія вайскоўцы страляюць з гаўбіцы М777 на лініі фронту ў Харкаўскай вобласці, Украіна, 21 ліпеня 2022 года. Фота: Reuters

— У вас ёсць гісторыя пра мультфільмы…

— Так, палонны ляжаў. Хлопцы таксама адпачывалі. Падышлі, леглі да яго і спыталі: «Які мульцік будзем глядзець?» Ён у шоку, думаў, што мы вырашылі папрыколвацца. Ён адразу не зразумеў, што адбываецца. Глядзелі «Машу і Мядзведзя», «Свінку Пэпу», «Рыка і Морці», «Сімпсанаў», «Футураму». Ён быў у нас некалькі дзён, а потым яго перадалі ў абменны фонд. Пасля ён апынуўся ў Расіі, адкуль збег і з’ехаў у Казахстан. Часам заходзіць да мяне на жывыя эфіры ў Instagram: «Я такі, памятаеш мяне? Я рады, што ты жывы».

Была яшчэ гісторыя, двое хлопцаў узялі ваеннапалоннага і сказалі: «Давай адмолім грахі табе, на тым свеце залічыцца. У цябе ёсць столькі і столькі часу, ідзі збірай сваіх кентаў і прыходзьце здавацца ў палон». Адпусцілі, ён пайшоў… а потым вярнуўся і прывёў з сабой дваццаць аднаго чалавека. Тыя таксама здаліся ў палон. Там былі салдаты, якія даўно служылі, не мабілізаваныя.

Жорсткі бой, раненні і моўнае пытанне

— Вам 23 гады, у вас шмат падначаленых, сярод іх ёсць людзі, якія старэйшыя за вас. Як вы зарабляеце аўтарытэт?

— Амаль усе старэйшыя за мяне. Аўтарытэт зарабляю элементарна — «глядзі на мяне і рабі як я». Удзельнічаю разам з імі ў аперацыях. Я паказваю прыклад. І падначаленыя такія: «Ваў, камандзір разам з намі, значыць, ён ведае, што робіць». На палігонах я разам з імі ў касцы і ў бронекамізэльцы займаюся. Людзі бачаць, што я з імі.

— Даводзіцца крычаць?

— Так. Калі пачынаецца паніка і дэзарыентацыя, тады крычу. Так хутчэй даходзіць да чалавека.

— Чым новае пакаленне ўкраінскіх вайскоўцаў адрозніваецца ад старога?

— Мысленнем і нябояззю ўзяць на сябе адказнасць. Калі раней: «Навошта страляць? Там будзе адказ па нас. Мяне камандзір будзе лаяць», — то цяпер афіцэры кажуць: «Я лепш зраблю і вазьму на сябе адказнасць». Гэта адна з прычын, чаму я атрымаў званне Героя Украіны. Я не пабаяўся ўзяць адказнасць, прыняць бой, калі некаторыя адступалі.

— Украінскі вайсковец новага пакалення — хто ён?

— Матываваны, адукаваны і максімальна патрыятычна настроены чалавек.

— Калі я пісаў вам з нагоды інтэрв'ю, то папрасіў прабачэння, калі ў маім паведамленні на ўкраінскай будуць памылкі, вы сказалі: «Нічога страшнага. Я рускамоўны і нічога супраць не маю». Моўнае пытанне — гэта не праблема?

— Не. Я разумею, што трэба імкнуцца адыходзіць ад рускай мовы. У нас свая краіна і свая мова. Але мне здаецца, што не на гэтым этапе вайны падымаць моўнае пытанне. У мяне каля 80% знаёмых на вайне — рускамоўныя. Калі афіцыйныя запыты ці сустрэчы, то, прабач, я буду размаўляць па-ўкраінску.

— Самы вялікі жах, які вы бачылі на вайне?

— (Задумаўся)… Напэўна, гэта пачатак, калі быў абстрэл Харкава. У моргу людзі проста ляжалі, як у фільмах пра чуму, — наваленыя кучай целы… Б***ь, п***ец. Інакш не назваць.

— Нядаўна мы рабілі інтэрв'ю са штурмавіком-беларусам, і ён сказаў: «Нашая праца — вельмі няўдзячная, тут не бывае без стратаў». У вас гэтак жа?

— Так. Кожны бой прыносіць калі не забітых, то цяжкапараненых.

— Самы жорсткі бой, у якім вы былі?

— Пачатак вайны. Першы наш штурм населенага пункта Малая Рогань. Было шмат параненых і загінулых. Там было ўсё — пачынаючы са стралковага бою і заканчваючы авіяцыяй, ракетамі, вакуумнымі бомбамі.

— У вас тры раненні?

— Больш, але не буду называць лічбу. Раскажу пра раненне ў твар, яно было самае жорсткае. Ішлі з таварышам, пачуў выбух, апынуўся на зямлі. Трымаўся за адзін бок твару, а аказалася, што пацярпеў іншы. Зламаная верхняя сківіца, палову зубоў выплюнуў. Першая мая фраза пасля ранення: «Вока на месцы, гэта самае галоўнае». У мяне страх страціць рукі і вочы.

Евгений Громадский после ранения, 2022 год. Фото предоставлено собеседником
Яўген Грамадскі пасля ранення, 2022 год. Фота ад суразмоўцы

— Як вы думаеце, зможаце жыць без вайны?

— Так, вядома. У мяне шмат планаў на будучыню. Я кадравы вайсковец, хачу зрабіць сабе кар’еру. Мне трэба стрымаць абяцанне перад бацькам.

— Якое?

— Пераплюнуць яго па званні і стаць генералам.

— Беларусаў сустракалі на вайне?

— Даводзілася з імі разам ваяваць. Тут, дарэчы, полк Каліноўскага. Яны выклікаюць вялікую павагу. Гонар і слава ім. Усё ж такі прыехаць ваяваць за іншую краіну дарагога каштуе. Хлопцы прыгажунчыкі, максімальна аддаюцца сваёй справе. Рэспект.

— У канцы мы ва ўсіх суразмоўцаў пытаем, калі і як скончыцца вайна.

— Праз пяць гадоў. Данецк, Луганск, Крым будуць у складзе Украіны.

— Пяць гадоў?

— Можа, крыху больш. Пачынаецца зацяжная вайна, а чалавечы рэсурс у Расіі большы. Нас будуць спрабаваць перавесці ў барацьбу на выжыванне. Перамагчы зможам дзякуючы ініцыятыве, розуму і тэхналогіям.

— Маральна пяць гадоў не б’юць па галаве?

— Б'юць, але я афіцэр. Я даваў прысягу.

Чытайце таксама