Сёння ў Луўры (Парыж, Францыя) двое пратэстоўцаў шпурнулі суп у куленепрабівальнае шкло, за якім знаходзіцца карціна Леанарда да Вінчы «Мона Ліза». Пра гэта паведамляе навінавае агенцтва CLPRESS.
Гэтай акцыяй экаактывісткі прыцягнулі ўвагу, каб запатрабаваць права на «здаровую і экалагічна чыстую ежу».
«Што важнейшае — мастацтва ці права на здаровае і экалагічнае харчаванне?» — выкрыквалі дзве жанчыны.
ALERTE — Des militantes pour le climat jettent de la soupe sur le tableau de La Joconde au musée du Louvre. @CLPRESSFR pic.twitter.com/Aa7gavRRc4
— CLPRESS / Agence de presse (@CLPRESSFR) January 28, 2024
«Мона Ліза» не раз падвяргалася нападам. У 2022 годзе мужчына, які прыехаў у музей на інвалідным вазку і ў парыку, запэцкаў карціну крэмавым тортам. У 2009 годзе расіянка кінула ў карціну кубак з гарбатай — як мяркуецца, праз тое, што ёй адмовіліся даць французскае грамадзянства.
У 1974 годзе ў Токіа наведніца выставы на інвалідным вазку паспрабавала запэцкаць палатно чырвонай фарбай, пратэстуючы супраць адсутнасці ўмоваў для інвалідаў. У 50-х гадах ХХ стагоддзя ў карціну кідалі камень і серную кіслату.
У 1911 годзе «Джаконда» была скрадзеная, а знайшлі яе толькі праз некалькі гадоў.