Змяніць падыходы да выкарыстання ядзерных сіл Расіі прапанаваў прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін 25 верасня на нарадзе Савета бяспекі па ядзерным стрымліванні. У Кіеве гэтую ініцыятыву назвалі «ядзерным шантажом» і «рэпутацыйным дном».
«Акрамя ядзернага шантажу, у РФ больш няма нічога, ніякіх іншых інструментаў запалохвання свету. Гэтыя інструменты не спрацуюць», — напісаў кіраўнік Офіса прэзідэнта Украіны Андрэй Ярмак у сваім тэлеграм-канале.
Дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк у эфіры ўкраінскага тэлемарафону назваў прапанову Пуціна «абсалютным рэпутацыйным дном».
— Чалавек пачынае трохдзённую «спецыяльную ваенную аперацыю», а сёння дрыготкімі рукамі з ліста паперы зачытвае наступнае: глядзіце, калі мы будзем правакаваць канвенцыйнай зброяй гэтую вайну, то мы будзем выкарыстоўваць супраць няядзернай дзяржавы ядзерную зброю. Ну гэта абсалютна рэпутацыйнае дно, — сказаў Падаляк.
Дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны адзначыў, што, на ягоную думку, «Расійская Федэрацыя не разумее, як спыніць тое, што далей будзе працягвацца ў гэтай вайне».
Нагадаем, Уладзімір Пуцін 25 верасня падчас нарады Савета бяспекі РФ прапанаваў змяніць падыходы да выкарыстання ядзерных сіл краіны. У прыватнасці, ён заявіў, што РФ пакідае за сабой права выкарыстаць ядзерную зброю ў выпадку агрэсіі ў дачыненні да Беларусі. Акрамя таго, РФ будзе разглядаць магчымасць выкарыстаць ядзерную зброю ў выпадку атак беспілотнікаў, самалётаў і іншых лётных апаратаў.
Таксама ў абноўленай рэдакцыі дакумента агрэсію супраць Расіі з боку любой няядзернай дзяржавы, але з удзелам або пры падтрымцы ядзернай дзяржавы прапануецца разглядаць як іх сумесны напад на РФ.