Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


24 жніўня 1992 года ўраджэнец Мінска, прафесар Валерый Фабрыкант зайшоў у кампус Універсітэта Канкордыя ў канадскім Манрэалі і ўсяго за некалькі хвілін забіў чатырох калег-прафесараў, параніўшы яшчэ аднаго. Трагедыя стала адной з самых гучных у Канадзе, яе адгалоскі ў мясцовым грамадстве адчуваюцца дагэтуль. Кім быў Фабрыкант, навошта ён гэта зрабіў, як патлумачыў свае паводзіны і якое атрымаў пакаранне — расказваем тую гісторыю.

Нараджэнне ў Мінску, жыццё ў Германіі і СССР

Пра жыццё Валерыя Фабрыканта да Канады вядома няшмат. Прычына ў тым, што большасць даследчыкаў і журналістаў засяродзіла сваю ўвагу на яго перыядзе за акіянам, абставінах трагедыі і таму, што было пасля яе. Адзін з рэдкіх артыкулаў быў перадрукаваны ў Facebook (арыгінал цяпер недаступны), на тэматычнай старонцы, прысвечанай серыйным забойцам. Якіх-кольвек спасылак, а значыць, і пацверджання гэтых фактаў, няма. Але мяркуючы з перадпрагляду арыгінальнай спасылкі ў Google і з кантэксту, гэта біяграфія Фабрыканта, рассказаная ім самім. У ёй сустракаюцца вельмі асабістыя дэталі (накшталт ягонай нібыта бясплоднасці). Але сутнасць у тым, што галоўны персанаж паказаны абсалютным героем, з якім пастаянна змагаюцца ўлады, яму зайздросцяць і г. д. Мы каротка перакажам факты, якія датычаць жыцця Фабрыканта ў СССР, але будзем ставіцца да іх з пэўным скепсісам.

Валерый Фабрыкант нарадзіўся ў Мінску ў габрэйскай сям'і (пра гэты горад гаворыцца і ў канадскіх даследаваннях). Гэта адбылося 28 снежня 1939 года (пазней, пасля страты дакументаў, маці запісала яго дзень нараджэння як 28 студзеня 1940 года, каб сын на год пазней пайшоў у войска). Яго бацька, Ісаак Фабрыкант, быў доктарам, які займаўся даследаваннямі па лячэнні туберкулёзу. Маці Песя Юдэлеўна працавала ў кнігарні. У 1941-м пасля нападу нацыстаў Ісаак быў прызваны ў войска, скончыў вайну ў званні падпалкоўніка. Пасля перамогі ён застаўся служыць у Германіі, куды пераехала сям’я. У 1949-м Ісаака перавялі ў горад Іванава, што на паўночны захад ад Масквы, куды пераехалі і жонка з сынам.

У сям'і панавалі антысавецкія настроі, Валерый нават выйшаў з камсамола. Ён скончыў Іванаўскі энергетычны інстытут (курс машынабудавання) і паступіў у аспірантуру Маскоўскага энергетычнага інстытута. Там ён пад кіраўніцтвам навукоўца Уладзіміра Балоціна (у будучыні акадэміка Расійскай акадэміі навук) абараніў кандыдацкую дысертацыю. Сям’я Фабрыкантаў сутыкнулася з антысемітызмам: брата Валерыя не ўзялі ў аспірантуру. Калі малады чалавек абурыўся гэтым, Балоцін папярэдзіў, што калі той не змоўкне, то яго адлічаць.

Владимир Болотин. Фото: tstu.ru, ru.wikipedia.org
Уладзімір Балоцін. Фота: tstu.ru, ru.wikipedia.org

Па размеркаванні Валерыя адправілі выкладчыкам у Інстытут авіяцыйных тэхналогій у Рыбінску (мяркуючы з усяго, гаворка пра цяперашні Рыбінскі дзяржаўн авіяцыйны тэхнічны ўніверсітэт) прыкладна за 300 км на поўнач ад Масквы. У 1969-м ён быў звольнены — нібыта пасля даносаў у КДБ пра ягоныя антысавецкія выказванні — і пачаў працаваць на Рыбінскім заводзе авіяцыйных рухавікоў. Варта адзначыць, што «нядобранадзейнага» чалавека наўрад ці б пусцілі на такое прадпрыемства. У 1970-м Валерыя запрасілі працаваць ва Ульянаўскі політэхнічны інстытут. Праз тры гады КДБ прапанаваў стаць іх інфарматарам на знак падзякі за тое, што яны закрылі вочы на яго нядобранадзейнасць і не сталі перашкаджаць працаўладкаванню. Не хочучы рабіць гэта, Фабрыкант звольніўся. Дарога ў навуковы свет яму была закрытая. Аднак мужчыну ўдалося ўладкавацца навуковым супрацоўнікам у Інстытут аўтаматызаваных сістэм кіравання ў Іванаве. Тамсама ў 1976-м, калі яму было 36 гадоў, ён ажаніўся са сваёй былой студэнткай. У 1978-м яму не падоўжылі кантракт — нібыта зноў праз падкопы КДБ.

Тады Фабрыкант вырашыў пакінуць СССР. Яго жонка мела доступ да вытворчасці сакрэтнай прадукцыі, таму не магла з’ехаць з краіны. Дзеля мужа яна пагадзілася на развод, хоць кахала яго. Пасля гэтага ён хутка атрымаў выязную візу. У 1979-м назіраўся пік габрэйскай эміграцыі: за мяжу адпусцілі больш за 51 тысячу чалавек. Але акурат у канцы года савецкая армія ўвайшла ў Афганістан, пасля чаго разрадка з Захадам спынілася, а маштаб эміграцыі габрэяў рэзка знізіўся. Для параўнання, у цэлым за 1982−1986 гады з СССР выехала менш за 7 тысяч габрэяў і членаў іх сем’яў.

Жонка Фабрыканта суправаджала яго ў цягніку да Брэста і паабяцала клапаціцца пра маці Валерыя (мяркуючы з усяго, бацька ўжо памёр). Гэтая дэталь выклікае сумневы: звычайна людзі, якія атрымлівалі візы, выляталі з Масквы на самалёце. Бо ў іншым выпадку яны траплялі б у еўрапейскія краіны, якія знаходзяцца пад кантролем СССР.

Статья о Валерии Фабриканте в издании "The Gazette". 17 декабря 1992 года. Фото: newspapers.com
Артыкул пра Валерыя Фабрыканта ў выданні The Gazette. 17 снежня 1992 года. Фота: newspapers.com

Што было насамрэч? Як пісала канадская прэса, Фабрыкант ніколі не быў дысідэнтам і быў некалькі разоў звольнены за свае паводзіны (у адным з даследаванняў гаворыцца пра «пагрозлівыя і дэструктыўныядзеянні»). Так што выкажам здагадку, што з аповеду, які мы прывялі вышэй, інфармацыя пра дзяцінства і юнацтва, а таксама месцы працы адпавядае рэчаіснасці, а вось матывы, з якіх Валерый іх мяняў, — не.

Праца ў Канадзе і тэрор над калегамі

У канцы 1979 года 39-гадовы Фабрыкант прыйшоў у англамоўны Універсітэт Канкордыя, які знаходзіцца ў Манрэалі (сталіца франкамоўнай правінцыі Квебек). Гэта было далёка не самая прэстыжная навучальная ўстанова, створаная ўсяго за пяць гадоў да гэтага шляхам зліцця мясцовых універсітэта, вечаровай школы для дарослых, якія працуюць, і езуіцкага каледжа.

Больш чым палову грошай на даследаванні атрымліваў інжынерны факультэт, на якім у тым ліку дзейнічала кафедра машынабудавання. Яе ўзначальваў Том Санкар, які адмовіўся прыняць на працу мігранта. Аднак Фабрыкант дзень за днём прыходзіў да дзвярэй кабінета, пасля чаго Санкар здаўся і пагадзіўся пагаварыць з ім. Невядома, што больш пераканала канадскага навукоўца: гісторыя пра нібыта дысідэнцтва, вялікі спіс навуковых прац ці нешта іншае. Аднак Фабрыкант выйшаў з кабінета Санкара, атрымаўшы працу навуковага супрацоўніка з заробкам 7 тысяч канадскіх даляраў за год.

Як здавалася першы час, працадаўцы не пралічыліся. У навуковым асяроддзі важную ролю адыгрывае колькасць публікацый, ад чаго залежыць фінансаванне. За першыя чатыры гады працы Валерый апублікаваў 25 артыкулаў, што больш чым у два разы перавышала вынікі працы звычайнага даследчыка.

Здание университета Конкордия в Монреале, Канада. Фото: MTLskyline, commons.wikimedia.org
Будынак Універсітэта Канкордыя ў Манрэалі, Канада. Фота: MTLskyline, commons.wikimedia.org

Санкар быў адзначаны як суаўтар амаль усіх гэтых прац (выкажам здагадку, што ён, як часта сустракаецца ў навуковым свеце, не пісаў іх), а таму спрыяў прасоўванню ўраджэнца Мінска: за гэтыя чатыры гады зарплата апошняга вырасла з 7 да 30 тысяч канадскіх даляраў за год, а потым і да 46. Адначасова Санкар закрываў вочы на хамства і грубасць свайго падапечнага.

Калі той не атрымаў спадчыну памерлага бацькі, то напісаў у мясцовае Міністэрства замежных справаў, патрабуючы, каб Канада прыпыніла пастаўкі збожжа ў СССР, пакуль ён не атрымае свае грошы. Калі хтосьці крытыкаваў яго працы, ён зрываўся на гэтых людзей і пераследаваў іх. Аднойчы Фабрыкант праляцеў праз усю краіну на канферэнцыю, каб накрычаць на прафесара з іншага каледжа, які адмовіўся наняць яго на працу. Таксама Фабрыкант дэманстраваў прыкметы параноі, абвінавачваючы навакольных у змове супраць яго. У 1982 годзе студэнтка заявіла, што ён згвалціў яе. Яна падала заяву ў паліцыю, але справа не атрымала ходу (студэнтка пабаялася выступаць публічна). А вось асабістае жыццё Валерыя было паспяховым. Ён ажаніўся, а дзеці (іх было двое) ганарыліся татам: пазней, ужо ў 2010-х гадах, яго сын прысутнічаў на судах над бацькам і ўсяляк падтрымліваў яго.

У 1987-м Том Санкар сышоў з пасады загадчыка кафедры, застаўшыся прафесарам. На той час Фабрыкант меў трохгадовы кантракт і вырашыў падпісваць артыкулы толькі ўласным імем. Але ў 1988-м ён даведаўся, што яго кантракт падоўжаць усяго на год, а потым будзе скасаваны. Яму было 48 гадоў, у яго была маладая жонка, двое маленькіх дзяцей і ніякіх перспектываў працаўладкавання. Ураджэнец Мінска быў перакананы, што яго збіраюцца звольніць праз тое, што ён перастаў адзначаць імёны калег у сваіх працах. Каб даказаць падазрэнні, ён пачаў правакаваць некаторых з іх і таемна запісваць размовы з імі. Напрыклад, ён спытаў Санкара, ці згодны той з тым, што ён не зрабіў ніякага навуковага ўнёску ў 34 артыкулы, да якіх Фабрыкант дадаў яго імя. «Хіба я <…> прасіў вас паставіць маё імя пад якім-кольвекз вашых артыкулаў? <…> Вы зрабілі гэта добраахвотна», — адказаў ягоны былы начальнік. Мяркуючы з усяго, Фабрыкант паказаў гэтыя запісы начальству і пад пагрозай агалоскі атрымаў двухгадовы кантракт.

У той час з’явіліся першыя пагрозы навакольным. У студзені 1989-га Валерый заявіў памочніку рэктара, што адзіны спосаб атрымаць тое, што вы хочаце, у Паўночнай Амерыцы — гэта купіць зброю і расстраляць шмат людзей. Іншаму чалавеку ён сказаў, што можа ўзяць сваіх калег у закладнікі. Шакаваныя суразмоўцы Фабрыканта пракансультаваліся з двума псіхіятрамі. Адзін з іх сказаў, што такі чалавек патэнцыйна небяспечны і можа стаць агрэсіўным. Другі параіў выразна сказаць, што пагрозаў і шантажу трываць больш не будуць. Аднак на практыцы не было зроблена нічога, каб спыніць ураджэнца Мінска.

У 1990-м Роўз Шэйнін, новая прарэктарка па навуковай працы Універсітэта Канкордыя, пачала складаць дасье пра ўсё больш дзіўныя паводзіны прафесара: той тэлефанаваў на яе хатні і працоўны тэлефоны, пакідаючы на аўтаадказчыку пасланні з пагрозамі. Але навуковы свет тады быў мужчынскім і кансерватыўным. Калегі падтрымалі не Шэйнін, а Фабрыканта, які атрымаў яшчэ адзін двухгадовы кантракт на 60 тысяч даляраў за год.

Але ў 1991-м стаміліся і яны і прапанавалі не падаўжаць кантракт Фабрыканту. Але тут калегі трапілі ў створаную імі самімі пастку. Дзякуючы іх нядаўнім рашэнням ураджэнец Мінска меў на ўзроўні факультэта самы вялікі заробак, водгукі пра яго працу былі высокімі. Таму адміністрацыя адхіліла іх прапанову.

Валерий Фабрикант после задержания. Фото: murderpedia.org
Валерый Фабрыкант пасля затрымання. Фота: murderpedia.org

Між тым Валерый не спыняўся. 23 чэрвеня 1992-га, за месяц да трагедыі, ён прыйшоў на кафедру, дзе працаваў, і запатрабаваў выпісаць яму дазвол на нашэнне на працу зброі. Яму адмовілі. Многія сакратары ва ўніверсітэце на той час ужо баяліся Фабрыканта. У некаторых нават стаялі кнопкі трывогі. Два прарэктары (адзін з іх адказваў за бяспеку) рэкамендавалі неадкладна адхіліць Фабрыканта з захаваннем заработнай платы. У якасці ўмовы аднаўлення ва ўніверсітэце прафесар мусіў прынесці заяву ад псіхіятра (выбранага універсітэтам), якая пацвярджала б яго псіхічную ўстойлівасць. Рэктар Патрык Кеніф адмовіўся, але не прапанаваў ніякіх альтэрнатыўных ідэй.

Тады з’явілася новая думка: датэрмінова адправіць ураджэнца Мінска на пенсію. Яму прапанавалі заробак за два гады. Фабрыкант папрасіў за дзесяць гадоў. Універсітэт павялічыў сваю прапанову да трох — Валерый падняў свае ўмовы да трынаццаці. Пасля гэтага перамовы спыніліся.

Да сярэдзіны жніўня становішча прафесара стала амаль бязвыхадным. Ён падаў у суд на экс-загадчыка кафедры Санкара і дэкана факультэта Дзіна Свамі. Але зрабіў гэта ў такой абразлівай форме, што яго абвінавацілі ў непавазе да суда і прызначылі паседжанне з гэтай нагоды на 25 жніўня. За чатыры дні да гэтага, 21 жніўня, адвакаты Канкордыі паведамілі яму, што ён можа страціць працу. У той жа дзень жонка Валерыя прынесла дадому два пісталеты.

Забойства, звальненне «стрэлачнікаў» і суд

24 жніўня каля 14:30 Фабрыкант зайшоў у кампус Універсітэта Канкордыя. У яго партфелі былі пяцізарадны рэвальвер Smith & Wesson, два пісталеты, а таксама шмат патронаў. Фабрыкант быў у цёмным касцюме і сонцаахоўных акулярах. Сведкі казалі, што ён хадзіў калідорамі як робат, халодны і без усялякіх эмоцый на твары.

Спачатку ён выправіўся на пошукі Свамі і загадчыка кафедры машынабудавання Сэма Османа. Ніводнага з іх не было на працоўных месцах. Тады Валерый скіраваўся ў свой уласны маленечкі кабінет, дзе ў яго была запланаваная сустрэча з Майклам Хогбенам, прэзідэнтам асацыяцыі факультэтаў Канкордыі. Хогбен паспрабаваў перадаць Фабрыканту ліст з умовамі, пры якіх яму будзе дазволена наведваць офіс. Яго доступ мусіць быць абмежаваны, бо яго паводзіны прыносілі тым, хто там працаваў, «значныя пакуты». Але Валерый дастаў пісталет і тройчы стрэліў у Хогбена. Той упаў на падлогу і памёр ад страты крыві.

Пачуўшы шум, Хогбена паклікаў калега Яан Сабер. Фабрыкант зайшоў у яго кабінет і двойчы стрэліў у мужчыну, які памёр у бальніцы на наступны дзень. Вярнуўшыся ў калідор, Валерый зноў пайшоў да кабінета Османа. Дарогай стрэліў у Элізабэт Хорвуд, сакратарку загадчыка кафедры, параніўшы яе ў сцягно (жанчына выжыла). Потым ён прабраўся праз лабірынт калідораў паверха на другі бок будынка і сутыкнуўся з Фойвасам Зіёгасам, кіраўніком кафедры электра- і вылічальнай тэхнікі. Ён двойчы стрэліў у яго — мужчына памёр у бальніцы праз месяц. У момант стрэлаў Зіягас размаўляў з Ота Швельбам. Апошні накінуўся на Фабрыканта, які выпусціў пісталет. Швельб, не ведаючы, што ў Валерыя ў партфелі яшчэ зброя, вярнуўся, каб дапамагчы Зіёгасу.

Сотрудники университета Конкродия, убитые Валерием Фабрикантом. Фото: facebook.com/CBCMontreal
Супрацоўнікі Універсітэта Канкордыя, забітыя Валерыем Фабрыкантам: Майкл Хогбен, Яан Сабер, Фойвас Зіёгас, Мэцью Дуглас. Фота: facebook.com/CBCMontreal

Фабрыкант вырашыў вярнуцца ў кабінет дэкана Свамі. Дарогай ён сутыкнуўся з Мэцью Дугласам, прафесарам кафедры цывільнага будаўніцтва, і стрэліў у яго чатыры разы, мужчына памёр амаль імгненна. Усе гэтыя людзі былі выпадковымі ахвярамі, якія не мелі ніякага дачынення да канфліктаў Валерыя з адміністрацыяй і іншымі калегамі.

Потым Фабрыкант узяў у закладнікі двух чалавек і патэлефанаваў на 911, запатрабаваўшы пагаварыць з навінавым тэлеканалам. Ён прызнаўся ў забойстве, але заявіў, што яго пераследавалі і давялі да такога рашэння. Пасля гадзіннай размовы Валерый адклаў пісталет, каб расцерці шыю. Адзін з закладнікаў ускочыў і адкінуў зброю ўбок. Калі Фабрыкант кінуўся за ім, іншы закладнік схапіў яго і прыціснуў да зямлі, пакуль не прыехала паліцыя.

Толькі праз 17 дзён пасля трагедыі Валерыя звольнілі з Канкордыі. Незалежнае расследаванне выявіла шматлікія фінансавыя парушэнні ва ўніверсітэце. Экс-загадчык кафедры Том Санкар і дэкан факультэта Дзін Свамі былі вымушаныя звольніцца. Не былі падоўжаныя кантракты прарэктарцы Роўз Шэйнін і рэктару Патрыку Кеніфу — праўда, апошняму выдалі аднаразовую выходную дапамогу сумай 400 тысяч даляраў і гадавы заробак — 180 тысяч даляраў. Хоць калі б апошні дзейнічаў больш рашуча, магчыма, трагедыі можна было б унікнуць.

Суд над ураджэнцам Мінска пачаўся ў сакавіку 1993 года. «Фабрыкант не вышэйшы за пяць футаў і пяць дзюймаў (каля 165 см. — Заўв. рэд.) і важыць, магчыма, 135 фунтаў (каля 61 кг. — Заўв. рэд.). На яго твары быў самаздаволены выраз — гэта было яго шоу, — і яго вочы пастаянна шнарылі па пакоі, назіраючы за рэакцыяй людзей, асабліва калі ён казаў нешта, што лічыў разумным», — успамінаў журналіст, які прысутнічаў на паседжанні. Паводле яго, Фабрыкант абвінаваціў паліцыю ў падкідванні ілжывых доказаў (напрыклад, нібыта яны спецыяльна падлілі дадатковую кроў пад галаву адной з яго ахвяраў), суддзю — у тым, што «несапраўдны зняволены» напаў на яго па дарозе на паседжанне і што ён (суддзя) быў часткай змовы супраць яго. Пасля гэтага ў апошняга скончылася цярпенне, і падсуднага адправілі на псіхіятрычную экспертызу. Аднак два спецыялісты прызналі Фабрыканта прытомным, хоць, паводле іх, ён пакутаваў на цяжкі разлад асобы, бачыў пагрозы і пераслед усюды. Нарцысізм жа зрабіў яго нячулым да ўсіх вакол.

Падчас судовага працэсу Валерый абвінавачваў у непрафесіяналізме сваіх адвакатаў, пастаянна мяняў іх і ўрэшце пачаў абараняць сябе сам. Ён здзекаваўся практычна з кожнага сведкі, адных параўноўваючы з нацыстамі, іншых даводзячы да слёз. Але ні тады, ні пазней Валерый не прызнаваў сябе вінаватым і працягваў сцвярджаць, што напад быў здзейснены супраць калег, якія спрабавалі скрасці яго ідэі. Таму, маўляў, яго нельга параўноўваць з Маркам Лепінам, які забіў 14 жанчын у Політэхнічнай школе Манрэаля ў 1989-м. «Нічога агульнага, — пазней казаў ураджэнец Мінска. — Ён забіваў нявінных людзей, я — не».

Працэс доўжыўся пяць месяцаў і завяршыўся ў жніўні 1993-га. Прысяжныя прызналі Валерыя вінаватым, а суддзя асудзіў яго на пажыццёвае зняволенне без права на ўмоўна-датэрміновае вызваленне цягам 25 гадоў.

Навука ў зняволенні і здзек з суддзяў

У зняволенні Фабрыкант далей займаўся навукай. Так-так, вы не памыліліся. Нават для чалавека, асуджанага на пажыццёвае зняволенне, у турме былі створаныя ўмовы для гэтага (вядома, лабараторыі не было, Валерый займаўся тэорыяй). У 1994-м ён напісаў артыкул пра матэматычны аналіз расколін у бетоне, які быў апублікаваны праз два гады. Рэктар Універсітэта Канкордыя быў у ярасці, сцвярджаючы, што Фабрыкант больш не мае права займацца навукай. Але рэдактар часопіса не адклікаў артыкул, бо высновы выглядалі абгрунтаванымі і сапраўды рабілі ўнёсак у развіццё навукі.

Так у Канадзе ўзнікла этычная і маральная дылема: ці мае права злачынец займацца даследаваннямі? Мяркуючы з усяго, у гэтай краіне яе вырашылі станоўча: у 1996−2021 гадах Фабрыкант апублікаваў каля 60 навуковых артыкулаў у больш чым тузіне часопісаў. Мяркуючы з усяго, ён працуе і далей.

Але акрамя працы ўраджэнец Менска літаральна атакаваў судовую сістэму апеляцыямі, пазовамі і іншымі юрыдычнымі запытамі. Федэральны суд у 1999-м і Вярхоўны суд Квебека ў 2000-м назвалі яго «прафесійным пазонікам» і забаранілі яму падаваць якія-кольвек пазовы ў суд без дазволу галоўнага суддзі. Здаецца, гэтая забарона не вельмі дапамагла. Праз 19 гадоў, у 2019-м, Федэральны апеляцыйны суд зноў надаў Фабрыканту такі самы статус. Паводле прадстаўніка апошняй установы, мужчына пастаянна ініцыяваў правядзенне неабгрунтаваных або сумнеўных судовых разбіральніцтваў, неаднаразова спрабаваў абскардзіць рашэнні Федэральнага суда без атрымання дазволу, беспадстаўна абвінавачваў у перадузятасці чальцоў суда, падаваў шматлікія хадайніцтвы і дасылаў электронныя лісты суддзям. Канстатавалася, што Фабрыкант «марнуе» рэсурсы сістэмы.

У 2014-м ураджэнец Мінска ўпершыню пагадзіўся, каб яго агледзелі псіхіятры. Яму​​​​​​​ паставілі дыягназ «паранаідальны разлад асобы». Праўда, на яго паводзіны і ўмовы зняволення гэта не паўплывала. Нават знаходзячыся за кратамі, навуковец працягваў кожны дзень тэлефанаваць сваёй сям'і.

У 2018-м мусіла скончыцца 25 гадоў з пачатку яго тэрміну, пасля чаго навуковец меў права прэтэндаваць на ўмоўна-датэрміновае вызваленне. Першым крокам для гэтага мусіла стаць 48-гадзінная паездка з турмы (як з суправаджэннем аховы, так і без яе). У 2015-м Фабрыкант прасіў дазволу з’ездзіць у Манрэаль, каб наведаць жонку. Ён спасылаўся на свой узрост (яму было ўжо 75 гадоў), слабае здароўе і крохкі целасклад — гэтыя фактары мусілі знізіць для ўладаў рызыку падчас такога візіту. Таксама ён прасіў суправаджэння двух узброеных ахоўнікаў, бо баяўся, што яму могуць адпомсціць за забойствы. Але суд адмовіў яму ў такой паездцы і ў цэлым у датэрміновым вызваленні. Прычынай сталі погляды Фабрыканта. Ён працягваў сцвярджаць, што яго нібыта справакавалі забіць чатырох калегаў, што ён дзейнічаў у мэтах самаабароны і што ніхто з тых, хто знаходзіўся ва ўніверсітэце, не падвяргаўся небяспецы быць застрэленым.

Апошняя па часе спроба Фабрыканта дабіцца датэрміновага вызвалення​​​​​​​ датаваная 2022 годам. Яму адмовілі, бо ягоны погляд на ўчыненыя забойствы не змяніўся.

На старонцы ў інтэрнэце, прысвечанай Фабрыканту і, імаверна, створанай яго сынам, цынічна напісана: «Ёсць прымаўка: каб чалавек пражыў добрае і асэнсаванае жыццё, ён мусіць пасадзіць дрэва, напісаць кнігу і выгадаваць сына. Я б змяніў яе наступным чынам: каб чалавек пражыў добрае і асэнсаванае жыццё, ён мусіць пасадзіць дрэва, напісаць кнігу, выгадаваць сына і забіць прынамсі аднаго нягодніка. Вось вынікі майго жыцця. Я пасадзіў шмат дрэваў, напісаў тры кнігі, а таксама навуковыя артыкулы, выгадаваў сына і дачку і забіў не аднаго, а чатырох нягоднікаў».

На момант публікацыі гэтага тэксту ўраджэнцу Мінска 84 гады. Ён працягвае адбываць пажыццёвае зняволенне ў канадскай турме.

Чытайце таксама