Трагічна скончылася рыбалка для аднаго з жыхароў Лунінецкага раёна. Закідваючы вуду паблізу лініі электраперадачы, ён загінуў ад удару токам. Яго жонка дабівалася завядзення крымінальнай справы, а калі ёй адмовілі, падала на ўладальнікаў ЛЭП у суд і запатрабавала буйной кампенсацыі маральнай шкоды для сябе і дваіх дзяцей. Вынік справы аказаўся даволі нечаканым. Падрабязнасці сталі вядомыя з апублікаванага рашэння суда.

Трагічны інцыдэнт адбыўся летам мінулага года, у Дзень незалежнасці — 3 ліпеня, на ўскраіне аграгарадка Бастынь Лунінецкага раёна. Там ёсць доўгая і шырокая канава, якая ўпадае ў раку Цну. Міма праходзіць чыгунка, і на месцы перасячэння канавы і шляхоў ёсць невялікі мост. У гэтым месцы і любіў рыбачыць Барыс (усе імёны выдуманыя).
Праблема была толькі ў тым, што тут жа, уздоўж чыгункі, праходзілі дзве паветраныя лініі электраперадачы (ЛЭП) з напружаннем 10 кілавольт. І Барыс, відаць, зачапіў вудай дрот, што і прывяло да яго гібелі. Цела мужчыны знайшлі ў той жа дзень на беразе канавы побач з мостам. Экспертыза паказала, што ён памёр ад паражэння электрычным токам, які прайшоў праз правую руку. П’яны мужчына не быў.

Дапусцілі промах
Следчы камітэт праводзіў праверку па факце гібелі Барыса, аднак у выніку не знайшоў прычын заводзіць крымінальную справу. Тады жонка вяскоўца Вікторыя вырашыла звярнуцца ў суд. Яна падала пазоў супраць Баранавіцкай дыстанцыі электразабяспечання ТРУП «Баранавіцкае аддзяленне Беларускай чыгункі» — менавіта на балансе гэтага прадпрыемства стаяць тыя лініі электраперадачы. Яго начальнік сярод іншага адказвае за інфармаванне насельніцтва пра небяспеку ЛЭП.
Паводле пазову, падчас праверкі СК высветлілася, што за некалькі тыдняў да трагічнага здарэння начальнік Лунінецкага раёна электразабяспечання Баранавіцкай дыстанцыі атрымаў знакі пра забарону рыбнай лоўлі ў ахоўнай зоне ліній электраперадачы. Гэтыя знакі мусілі замацаваць на падведамных арганізацыі апорах ЛЭП паблізу вадаёмаў. Аднак 3 ліпеня на слупах над той злашчаснай канавай папярэджанні ўсё яшчэ адсутнічалі.

У выніку СК прыйшоў да высновы, што крымінальнага злачынства тут няма, аднак ёсць склад правапарушэння паводле арт. 21. 2 КаАП (Парушэнне правілаў аховы электрычных сетак). Словам, віна начальніка ўсё ж прысутнічала.
Незваротная страта
На гэтай падставе Вікторыя запатрабавала ад прадпрыемства кампенсацыі маральнай шкоды для сябе і іх з Барысам маленькіх сыноў. Яна заявіла, што смерць мужа і бацькі стала для сям'і незваротнай стратай, яны перажылі наймацнейшае ўзрушэнне. Паводле Вікторыі, яна адчувае сябе самотнае, пакутуе на дэпрэсію, бессаню і іншыя нованабытыя праблемы са здароўем, жыццё для яе страціла сэнс.

Таксама жанчына расказала, што Барыс быў цудоўным бацькам, клапаціўся пра дзяцей, кожны дзень праводзіў і сустракаў іх з аўтобуса, цікавіўся іх поспехамі ў дзіцячым садку, хадзіў на мерапрыемствы і сходы (усё гэта пацвердзіла характарыстыка з установы адукацыі). Абодва сыны цягнуліся да бацькі, у іх была цесная сувязь. Барыс вельмі радаваўся свайму позняму бацькоўству і шмат часу бавіў з сынамі, цяпер ім яго вельмі не хапае, і ніхто не зможа кампенсаваць ім гэтую страту.
Вікторыя запатрабавала па 50 000 рублёў для сябе і для кожнага з сыноў у якасці грашовай кампенсацыі маральнай шкоды. Органы апекі, закліканыя абараняць інтарэсы дзяцей, падтрымалі пазоў у поўным аб’ёме.

«Максімальна зменшыць»
Прадстаўнікі прадпрыемства на судзе заявілі, што не спрачаюцца з пазовам у прынцыпе і згодныя, што ў жонкі загінулага ёсць падставы для кампенсацыі шкоды. Аднак, на іх думку, сума ў 150 000 занадта вялікая і яе варта «максімальна зменшыць».
Суд прыйшоў да высновы, што пазоў Вікторыі падлягае задавальненню, але пагадзіўся з уладальнікамі ЛЭП і зменшыў суму. Удава загінулага атрымала 15 000 рублёў, а сыны — па 10 000 кожны, то-бок усяго сям'і дасталася 35 000 рублёў.
Таксама Баранавіцкую дыстанцыю электразабяспечання абавязалі кампенсаваць Вікторыі 1369 рублёў выдаткаў на юрыста і выплаціць 333 рублі дзяржпошліны.
Чытайце таксама


